Паўднёвая Афрыка вырашыла выйсці з Міжнароднага крымінальнага суду. Каб пусціць Пуціна?


Кіроўная партыя і ўрад Паўднёвай Афрыкі вырашылі вярнуцца да планаў выйсці з Міжнароднага крымінальнага суду (ICC), расказаў прэзідэнт Сірыл Рамапхоса 25 красавіка. Тамтэйшае выданне «Daily Maverick» і іншыя звязваюць гэта з ордарам на арышт Уладзіміра Пуціна.

https://twitter.com/SAgovnews/status/1650822668805984256

Прэзідэнт Сірыл Рамапхоса не назваў дакладнай прычыны, з якой Паўднёваафрыканская Рэспубліка мусіць выходзіць з Міжнароднага крымінальнага суду, а адзначыў толькі, што гэта звязана з «несправядлівым стаўленнем» суду ў нейкіх справах.

Да таго, як зрабіць такую заяву, Рамапхоса адказваў на пытанне адносна магчымага затрымання Уладзіміра Пуціна паводле ордару ICC у выпадку, калі кіраўнік Расеі прыляціць на саміт BRICS у жніўні. Рамапхоса не даў адназначнага адказу: гэта «разглядаюць», а пра вынікі разгляду раскажуць, калі будзе прынятае рашэнне.

Раней ПАР заяўляла, што «прыняла да ўвагі» ордар на арышт Пуціна і ўсведамляе свае юрыдычныя абавязкі на тле запрашэння Пуціна на саміт BRICS. Тое запрашэнне было зробленае яшчэ да выстаўлення ордару на арышт за незаконную дэпартацыю дзяцей падчас вайны ва Украіне.

Абноўлена
Міжнародны суд у Гаазе выдаў ордар на арышт Пуціна
2023.03.17 19:11

Рамапхоза згадваў крытыку Міжнароднага крымінальнага суду з боку праваабаронцаў «Amnesty International», аднак тыя крытыкавалі ICC за справы, звязаныя з войнамі ў Афганістане, Іраку і Нігерыі, за непразрыстасць і патэнцыйную залежнасць ад вонкавых актараў. А рашэнне ICC адносна Пуціна «Amnesty» хваліла.

Прадстаўніца паўднёваафрыканскага аналітычнага цэнтру «Helen Suzman Foundation» Ніколь Фрыц патлумачыла «Daily Maverick», што краіна не паспее выйсці з ICC да жніўня, калі можа прыляцець Пуцін: дзяржава застаецца чальцом ICC 12 месяцаў пасля заявы аб выхадзе.

Раней Паўднёвая Афрыка ўжо спрабавала выйсці з ICC, згадвае «Al Jazeera». У 2015 годзе краіну наведаў тагачасны прэзідэнт Судану Умар аль-Башыр, якога мусілі арыштаваць паводле ордару ICC за ваенныя злачынствы, але не зрабілі гэтага. У 2017 годзе парламент ПАР вырашыў выйсці з ICC, але Канстытуцыйны суд пастанавіў, што гэтае рашэнне супярэчыла б Канстытуцыі.

Паўднёваафрыканская Рэспубліка сама пад увагай ICC, але за падзеі мінулых гадоў: ICC прызнала палітыку апартэіду злачынствам супраць чалавецтва. Аднак апартэід (жорсткую сегрэгацыю «нябелага» насельніцтва і ў прыватнасці народу банту са стварэннем значна горшых умоваў жыцця) быў асуджаны міжнароднай супольнасцю да стварэння ICC, а скончыўся яшчэ ў 1990-я. У прэтэнзіях ПАР да ICC гэтая тэма не згадваецца.

Hавiны
Сенат ЗША аднагалосна прызнаў Пуціна вайсковым злачынцам
2022.03.16 08:50

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў