Беларусь не запрасілі далучыцца да аб'яднання BRICS – заяўка адхіленая


Новымі чальцамі арганізацыі BRICS стануць шэсць краінаў: Аргентына, Егіпет, Эфіопія, Іран, Саудаўская Аравія і ААЭ. Заяўку на ўступленне падавала і Беларусь, але на саміце арганізацыі, які праходзіць з 22 жніўня ў Паўднёва-Афрыканскай рэспубліцы (ПАР), яе не ўхвалілі.

Сцягі дзяржаваў BRICS
Сцягі дзяржаваў BRICS.
Фота: MFA Russia / X

Дэбаты аб пашырэнні блоку BRICS, у які ўваходзяць Бразілія, Расея, Індыя, Кітай і ПАР, былі галоўнымі падчас трохдзённага саміту ў Ёганэсбурзе.

У выніку арганізацыя ў якасці новых сяброў запрасіла шэсць краінаў: Аргентыну, Егіпет, Іран, Эфіопію, Саудаўскую Аравію і Аб’яднаныя Арабскія Эміраты. Гэтыя краіны стануць афіцыйнымі чальцамі з 1 студзеня 2024 года. Пра гэта ў апошні дзень саміту заявіў прэзідэнт ПАР Сірыл Рамапхоса.

На далучэнне да BRICS прэтэндавала 23 дзяржавы. Беларусь накіравала афіцыйны зварот аб жаданні стаць сябрам арганізацыі 25 ліпеня. На саміце ў ПАР прысутнічала афіцыйная дэлегацыя Беларусі, якую ўзначальваў міністр замежных справаў Сяргей Алейнік. Але, як стала вядома, Беларусь у спісе запрошаных у арганізацыю адсутнічае.

Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін на саміт BRICS не прыляцеў, бо Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордар на ягоны арышт.

BRICS – міждзяржаўнае аб’яднанне Бразіліі, Расеі, Індыі, Кітаю і Паўднёвай Афрыкі (назва арганізацыі паходзіць ад пачатковых літараў краінаў – сябраў абʼяднання). Першы саміт абʼяднання прайшоў у 2009 годзе. Тады – яшчэ без ПАР, якая стала чальцом абʼяднання ў 2010-м. Паводле прынцыпаў арганізацыі, двухбаковыя стасункі паміж краінамі-чальцамі павінны будавацца на аснове неўмяшання, роўнасці і ўзаемнай выгады. Эксперты выказвалі меркаванне, што сяброўства ў BRICS дазволіла б Аляксандру Лукашэнку збалансаваць расейскі ўплыў і знайсці новыя пункты апоры для свайго рэжыму.

Разбор
Стартаваў саміт BRICS, на які не пусцілі Пуціна. Чаго там хоча дэлегацыя Беларусі?
2023.08.22 08:00

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў