«Нясуць інфармацыю разладу», «фабрыка фальшывых чутак»: што пра «Белсат» пісалі ў КДБ?


Сярод зваротаў у Камітэт дзяржаўнай бяспекі знайшліся даносы на «Белсат». «Неабыякавыя грамадзяне» патрабавалі спыніць трансляцыю нашага каналу ў YouTube, назвалі нас «фабрыкаю фальшывых чутак» і абвінавачвалі ў «інфармацыі разладу паміж уладаю і грамадзянамі».

Будынак Камітэту дзяржаўнай бяспекі. Менск, Беларусь. 21 траўня 2021 года.
Фота: Белсат

База зваротаў да чэкістаў трапіла ў рукі «Кіберпартызанаў» у выніку ўзлому. Сярод лістоў багата просьбаў даць інфармацыю пра рэпрэсаваных за савецкім часам сваякоў, тысячы паведамленняў з бязглуздзіцай ад спамераў, звароты родных палітвязняў, а таксама натуральныя даносы. «Неабыякавыя грамадзяне» пісалі і пра «Белсат».

Мужчына, які падпісаўся Алегам Краўчанкам, у сакавіку 2017 года скарадзіўся, што «Белсат» выкарыстаў фота з ім і сынам «у сваіх нядобрых мэтах». Здымак быў зроблены каля Кастрычніцкай плошчы ў Менску, калі там праходзіла акцыя супраць «дармаедскага» дэкрэту Лукашэнкі.

«Была міліцыя, у якой я пацікавіўся, што адбываецца. Акурат у гэты момант мяне сфатаграфавалі рэпарцёры «Белсату» як незадаволенага. Хачу адказна заявіць, што, па-першае, я грамадзянін Расеі і папросту не ўдзельнічаю ў палітычных акцыях. Па-другое, усім вядома, што так званая апазіцыя – праеўрапейская і супраць таго курсу, які праводзіць глыбокапаважаны прэзідэнт РБ на шчыльнае ўзаемадзеянне з РФ, што не можа не выклікаць у мяне сімпатыю», – піша даносчык.

Ён сцвярджае, што на яго «ўзвялі паклёп», бо выставілі яго нібыта ўдзельнікам пратэсту. «Атрымліваецца, «Белсат» – фабрыка фальшывых чутак, што хоча пасеяць беспарадкі ў грамадстве, а не апазіцыйнае медыя», – падсумоўвае расеец.

Ён прывёў спасылку на публікацыю, дзе нібыта ёсць гэты здымак, аднак там фатаграфіяў з акцыі ў Менску няма.

Ньюсрум тэлеканалу «Белсат». 20 сакавіка 2024 года. Варшава, Польшча.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Іншы даносчык, які не падаў свайго прозвішча, а толькі імя і імя па бацьку – Аляксандр Іванавіч – у 2021 годзе напісаў у КДБ пра відэа, знятае на заводзе ў Баранавічах і распаўсюджанае «Белсатам».

«На маю думку, гэты «аператар» з заводу ў Баранавічах за такую дзейнасць мусіць валіць лес», – напісаў мужчына. На відэа, за якое ён патрабуе пасадзіць відавочцу, – патоп на прадпрыемстве.

Грамадзянін, які назваўся Анатолем Міхеевым з салігорскага ПМС (прадпрыемства меліярацыйных сістэмаў), у даносе ў студзені 2018 года назваў «Белсат» і «Хартыю’97» «сфармаванай сістэмаю дэзынфармацыі». Мужчына папрасіў КДБ даць «выразны адказ» на пытанне, што ў ведамстве думаюць пра гэтыя два медыі.

Цяпер гэты даносчык кажа, што «ўжо не памятае» пра зварот:

«Я не памятаю такога, я КДБ баюся, вы што! Дзе я, а дзе КДБ? І наогул, такія пытанні па тэлефоне не абмяркоўваюцца, да пабачэння!»

На журналістаў «Белсату» ў 2018 годзе скардзіўся і суўладальнік менскага барбершопу «Чэкіст» Алег Кот. Ён быў не задаволены, што нашыя карэспандэнты разам з калегамі з радыё «Свабода» асвятлялі акцыю Змітра Дашкевіча і Эдуарда Пальчыса супраць назвы ўстановы. Кот заявіў, што барбершоп пачалі цкаваць, «нас перасталі наведваць шмат якія нашыя кліенты, паводле іх, яны проста сталі баяцца актывістаў».

Каментар
Не ўсё тое даносы, што пішуць у КДБ, але педагагічны эфект можа быць. Эксперты пра зліў ад «Кіберпартызанаў»
2024.04.29 18:05

«Гэтая сітуацыя стварыла вялікі рэзананс у грамадстве, і нашыя патэнцыйныя кліенты адвярнуліся ад нас. Прашу правесці праверку і прыняць захады», – напісаў бізнесовец.

У даносе ад імя Крысціны Гуркінай Камітэт дзяржбяспекі папрасілі «звярнуць увагу на канал «Белсат» на YouTube»:

«Абражаюць прэзідэнта, міліцыю. Нясуць інфармацыю разладу паміж уладаю і грамадзянамі», – сігналізавала жыхарка Мікашэвічаў у 2018 годзе.

Мянчук Віталь Янкоўскі ў 2020 годзе звярнуўся ў КДБ з «вялікай просьбай спыніць трансляцыю па YouTube каналу «Белсат», з якога паліваюць брудам прэзідэнта РБ і ладзяць інструкцыі на тэму “Што рабіць, калі вас затрымаюць пры падтрыманні актывістаў”»:

«У гэтым канале канкрэтна падбухторваюць народ на каляровую рэвалюцыю. Вельмі хочацца, каб гэтай брыдоты не было ў інтэрнэце. Дзякуй за разуменне», – напісаў мужчына.

«Проста выказаў сваю пазіцыю» грамадзянін, які назваўся Аляксандрам Рачкоўскім з Гомля:

«Канал “Белсат” адкрыта не толькі заклікае да масавага непадпарадкавання, забойства работнікаў праваахоўных органаў, але і рэкламуе акцыі: калі, як і што рабіць. Чаму не заблакуеце, як “Хартыю’97”? Адказу не трэба. Проста выказваю сваю пазіцыю», – напісаў пільны грамадзянін у 2020 годзе.

Асоба, што назвалася Яўгеніем з Сумскай вобласці Украіны, раіла беларускім кадэбістам паглядзець адну з трансляцыяў «Белсату» з Віцебску ў разгар мірнай рэвалюцыі ў 2020 годзе. Мужчына напісаў, што ў натоўпе нібыта былі нейкія куратары, а беларусы выходзілі на пратэсты за грошы:

«А вы спіце і розуму хапае толькі АМАПам плюшчыць. Людзі пачынаюць вас ненавідзець. Працуйце з каналамі грошай і іх атрымальнікам. Не спіце. Поспехаў».

26 лютага 2022 года, праз два дні пасля пачатку расейскага ўварвання ва Украіну, вялікі ліст у КДБ напісаў мянчук Алег Бабец – аўтар кнігі «Досвед вайсковай выведкі на службе ў камерцыйнай фірме». Ён абвінаваціў «Белсат» у «масіраванай інфаатацы» і быў не задаволены, што «нехта пастаянна здымае вайсковую тэхніку» – імаверна, з увагі на паведамленні пра тое, што расейцы наступалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі.

Разбор
Хто і за што ў 2019–2020 гадах пісаў даносы ў КДБ на Бабарыку, Цапкалу і Ціханоўскага
2024.04.29 20:46

Гэтыя матэрыялы, як адзначыў мужчына, «выклікалі гнеў украінцаў» на адрас беларусаў, і на ягоную думку, вінаваты ў гэтым «Белсат», а не цяперашнія ўлады, якія дазволілі наступ на Украіну са сваёй тэрыторыі.

«Бяздзейнасць да смерці падобная, інфабруд множыцца. Камітэту тэрмінова неабходны аддзел контрпрапаганды. Магу падзяліцца думкамі з уласнага досведу. Ідзецца не пра блакаванне дэзынфармацыі, а пра супрацьдзеянне. Калі заўгодна – антыфейкаў, каб спыніць агрэсію, што распухае, як ядравы грыб, сярод украінцаў у дачыненні беларусаў», – напісаў Бабец.

Ён паведаміў, што адбудаваў у ўкраінскім Бярдзянску (цяпер пад расейскай акупацыяй) нейкую базу для рэабілітацыі чарнобыльцаў, і яму «тысячу гадоў не патрэбная агрэсія з боку ўкраінцаў».

Мужчына заклікаў КДБ да інфармацыйнага апрацоўвання ўкраінцаў:

«Тэхнічная служба мае забяспечыць выпуск ілжывых сведчанняў, падстаўных асобаў, контрвідэасюжэтаў. Мусіць фармавацца база асабліва агрэсіўна настроеных суседзяў, якія з наступам расейскіх войскаў сыдуць у падполле. Нават антыбеларускі піск, лічу, мусіць быць спынены. Гатовы да дыялогу».

Ва ўзламанай базе знайшоўся таксама зварот у падтрыманне «Белсату», падпісаны «Кіберпартызанамі». Аўтары ліста прыгадалі прысуд журналісткам Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай, пазначылі прозвішчы ўсіх, хто датычны да пераследу нашых каляжанак:

«Вы што, думаеце, што лука-прусак забярэ вас з сабою ў “Boeing”? Толькі калі ў магілу. Пасля прыходу законнай улады будзе ўхваленая крымінальная адказнасць за фіктыўныя бяздоказныя выракі з кампенсацыяй шкоды пацярпелым, ад 10 гадоў строгага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Знойдзем вас паўсюль. Не схаваецеся. Гітлераўскіх катаў і карнікаў дасюль шукаюць і судзяць».

Аб’ектыў
«Кіберпартызаны» апублікавалі базы з імёнамі даносчыкаў КДБ
2024.04.29 20:58

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў