Стваральнікі «ChatGPT» прэзентавалі новую мадэль штучнага інтэлекту


13 траўня кампанія «OpenAI» прэзентавала новую мадэль штучнага інтэлекту «GPT-4o». Паводле стваральнікаў, яе выкарыстанне ў хуткім часе зробіцца больш простым, а сама мадэль будзе яшчэ больш разумнаю.

Дырэктарка «OpenAI» ў справе тэхналогіяў Міра Мураці падчас прэзентацыі новай мадэлі штучнага інтэлекту.
Фота: скрыншот з відэа прэзентацыі / OpenAI

Падчас прэзентацыі новай мадэлі менеджары «OpenAI» прадэманстравалі вусную размову з «ChatGPT». Яны ў рэжыме рэальнага часу давалі яму інструкцыі аб рашэнні матэматычнай задачы, прасілі расказаць казку перад сном і атрымаць парады аб кадаванні. Пры гэтым «ChatGPT» гаварыў з імі падобным да чалавечага голасам, а таксама на просьбу кіраўнікоў кампаніі пераключаўся на голас робата. Затым нават праспяваў частку аднаго адказу. А яшчэ штучны інтэлект змог прагледзець выяву дыяграмы і абмеркаваць яе.

Новую мадэль параўноўваюць з інтэлектуальным памочнікам, якім Скарлет Ёгансан карысталася ў фільме «Яна», што выйшаў на экраны ў 2013 годзе.

Як адзначыла дырэктарка кампаніі «OpenAI» ў справе тэхналогіяў Міра Мураці, абноўленая версія «ChatGPT» цяпер таксама будзе мець магчымасці памяці, гэта азначае, што яна будзе здольная вучыцца на папярэдніх размовах з карыстальнікамі і зможа выконваць пераклад у рэжыме рэальнага часу.

Новая мадэль рэагуе на голас карыстальніка ў рэжыме рэальнага часу і робіць гэта значна хутчэй, чым яе папярэднік, «ChatGPT-4». Таксама яна здольная ўспрымаць нюансы ў голасе карыстальніка і генераваць адказ у розных эмацыйных стылях. «GPT-4o» свабодна валодае 50 мовамі.

Як абяцаюць распрацоўнікі, у перспектыве мадэль будзе даступная для бясплатнага выкарыстання, а гэта значыць, што кожны будзе мець магчымасць карыстацца гэтай перадавой тэхналогіяй.

З 13 траўня «GPT-4o» зрабіўся даступным для карыстальнікаў, тым не менш доступ да галасавых функцыяў пакуль атрымае невялікая група «давераных партнёраў», а ў чэрвені такая магчымасць з’явіцца ў платных падпісчыкаў.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў