Ініцыятыва расейцаў на ўсёй лініі сутыкнення. Што адбываецца ва Украіне?


«Белсат» падводзіць вынікі 811-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 14 траўня чытайце ў нашым аглядзе.

вайсковая тэхніка
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія вайскоўцы.
Фота: Генеральний штаб ЗСУ / General Staff of the Armed Forces of Ukraine / Facebook

Харкаўскі кірунак (лінія фронту ў памежных раёнах Харкаўскай вобласці)

На харкаўскім кірунку працягваецца наступ Узброеных сілаў РФ на двух участках фронту на поўначы Харкаўскага і Чугуеўскага раёнаў.

Аналітыкі праекту «Deepstate» пішуць, што на першым участку расейцы прасунуліся на поўдзень і занялі сёлы Глыбокае і Лук’янцы 

Тэлеграм-канал «Фронтовая птичка» сцвярджае, што войскі РФ пайшлі далей на поўдзень ад Глыбокага і пачалі вулічныя баі ў буйным сяле Ліпцы.

Між тым іншая прарасейская крыніца – канал «Архангел Спецназа» – гаворыць, што баі ідуць не ў саміх Лыпцях, а на тэрыторыі лецішчаў з паўночнага захаду ад населенага пункту.

У Міністэрстве абароны РФ заявілі, што ў Чугуеўскім раёне расейскія вайскоўцы захапілі сяло Бугруватка (на паўднёвым усходзе ад гораду Ваўчанск за ракой Сівэрскі Данец).

Тэлеграм-канал «Рыбарь» піша, што адначасова з гэтым УС РФ прасунуліся ў самім Ваўчанску, дзе пад іх кантролем станам на вечар 13 траўня была паўночная частка гораду.

Удзень 14 траўня праўкраінскі «Офіцер» напісаў, што сілы абароны Украіны выбілі праціўніка з некалькіх вуліцаў, але пры гэтым расейцы ўсё яшчэ ўтрымліваюць тэрыторыю мясцовага мясакамбінату.

Купянскі і ліманскі кірункі (усходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі, што на купянскім і ліманскім кірунках цягам апошніх содняў адбылося сем баявых сутыкненняў у ваколіцах населеных пунктаў Сынькоўка, Іванаўка, Бераставое, Стэльмахаўка і Мясажароўка.

У «Deepstate» фіксуюць прасоўванні расейцаў каля сяла Ягаднае ў Купянскім раёне Харкаўскай вобласці (з усходу ад Іванаўкі).

У сваю чаргу, Мінабароны РФ піша, што ЗСУ контратакуюць на ўсёй лініі сутыкнення, імкнучыся вярнуць раней страчаныя пазіцыі.

Сівэрскі, краматорскі і тарэцкі кірункі (лінія фронту ў Данецкай і Луганскай вобласцях з поўдня ад ракі Сівэрскі Данец)

На сівэрскім кірунку расейцы ціснуць на выступе фронту на лініі населеных пунктаў Верхнякаменскае, Спірнае, Вясёлае, Выемка і Раздолаўка, але істотных поспехаў не маюць.

На краматорскім кірунку асноўная актыўнасць Узброеных сілаў РФ засяроджаная ў ваколіцах гораду Часаў Яр, якія яны штурмуюць з усходу, а таксама намагаюцца абысці на флангах.

Расейскі ваенкар Сямён Пегаў гаворыць, што на паўночным флангу УС РФ прасунуліся ў ваколіцах сяла Багданаўка. Яны палепшылі свае пазіцыі і на ўсходніх ускрайках самога гораду Часаў Яр.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Два майора» сцвярджае, што акрамя гэтага войскі РФ пашырылі плацдарм каля каналу Сівэрскі Данец – Данбас на поўдні ад Часавага Яру.

Генштаб ЗСУ піша, што далей на поўдзень на лініі сутыкнення баі ідуць каля сёлаў Клішчыеўка і Андрэеўка, але істотных зменаў не фіксуецца.

На тарэцкім кірунку расейцы атакавалі ў ваколіцах сяла Белая Гара – таксама беспаспяхова.

Пакроўскі і курахаўскі кірункі (на поўначы, захадзе і паўднёвым захадзе ад Данецку)

На пакроўскім кірунку Узброеныя сілы РФ развіваюць наступ на захад ад раней занятага гораду Аўдзееўка.

«Рыбарь» піша, што на паўночным флангу баі ідуць у лесапалосах уздоўж чыгункі на захадзе ад сяла Ачэрэтына, а таксама на подступах да населеных пунктаў Новааляксандраўка і Калінава.

На паўднёвым флангу, паводле тэлеграм-каналу «НгП раZVедка», расейцы цалкам занялі паўднёвую частку сяла Уманскае, а таксама авіяцыйнымі ўдарамі вымусілі ЗСУ адысці з поўначы, у выніку чаго захад населенага пункту аказаўся ў так званай шэрай зоне.

Канал «Два майора» паведамляе, што акрамя гэтага войскі РФ зрэзалі выступ на фронце з поўдня ад сяла Первамайскае. Гэтую інфармацыю пацвярджаюць і аналітыкі «Deepstate».

На курахаўскім кірунку працягваюцца баі ў горадзе Краснагораўка, у якім пад кантролем Збройных сілаў Украіны застаецца толькі паўночна-заходняя частка.

У «Deepstate» адзначаюць чарговыя прасоўванні расейцаў.

Канал «НгП раZVедка» піша, што цяпер украінцы намагаюцца ўзвесці новую лінію абароны на захадзе ад гораду, куды павінны ў будучыні адысці сілы абароны.

Далей на поўдзень на лініі сутыкнення расейскія вайскоўцы ціснуць у ваколіцах сёлаў Георгіеўка і Новамыхайлаўка, але істотных поспехаў не маюць.

Урэмаўскі, арэхаўскі і прыдняпроўскі кірункі (захад Данецкай, а таксама Запарожская і Херсонская вобласці)

На поўдні Данецкай вобласці Узброеныя сілы РФ паступова прасоўваюцца каля сяла Старамаёрскае на так званым урэмаўскім выступе.

На захад ад гэтага ўчастку, паводле інфармацыі прарасейскага тэлеграм-каналу «Воин DV», УС РФ захапілі адзін з апорных пунктаў украінцаў на поўдзень ад гораду Гуляйполе.

У цэнтральнай частцы Запарожскай вобласці працягваюцца баі на выступе фронту паміж сёламі Вэрбовае і Работына (на поўдзень ад гораду Арэхаў). На паўночным захадзе ад першага населенага пункту войскі РФ маюць невялікія прасоўванні.

У гэты ж час пад кантролем расейцаў застаецца паўднёвая частка Работына.

У Херсонскай вобласці баявыя дзеянні лакалізуюцца ў астраўной зоне на поўнач ад населенага пункту Казачыя Лагеры і на левым беразе Дняпра ў ваколіцах сяла Крынкі. Паводле Генштабу ЗСУ, на апошнім участку цягам апошніх содняў сілы абароны краіны адбілі тры атакі праціўніка.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu 

 

Стужка навінаў