Як працуе інавацыйны фонд Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі

На Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале Беларусі была апублікаваная пастанова Савету Міністраў № 335 «Аб фінансаванні навукова-даследчых, доследна-канструктарскіх і доследна-тэхналагічных працаў у 2024 годзе». Ад назвы можна заснуць, але ўнутры дакументу шмат цікавай статыстыкі. Напрыклад, на што ідуць грошы з гэтак званага цэнтралізаванага інавацыйнага фонду.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Паліцэйскі сабака аглядае сабаку-робата ад кампаніі «Boston Dynamics».
Фота: LUDOVIC MARIN / Reuters / Forum

Але перш чым распавесці вам, на што выдаткоўваюць гэтыя грошы, пачну з таго, як грошы ў гэты фонд трапляюць. Дзякуючы «BelPol», які перадаў нам адпаведныя дакументы, мы ведаем, хто і ў якіх памерах скідваецца на развіццё айчынных інавацыяў.

Пачаць трэба з поўнай назвы фонду – цэнтралізаваны інавацыйны фонд Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі. Памятаем, што Кіраўніцтва справамі – гэта самая вялікая бізнес-імперыя ў Беларусі. Дык вось, Кіраўніцтва справамі вызначае памеры адлічэнняў для субʼектаў, што ўваходзяць у яго склад. Напрыклад, Менская тыпаграфія мае ўнесці ў інавацыйны фонд ажно 10 % ад сабекошту тавараў, работаў ці паслугаў. Такія нацыянальныя паркі, як Белавежская пушча, Браслаўскія азёры, Нарачанскі і Бярэзінскі, – 1 %. Лясгасы – установы «Цяцерынскае» і «Краснасельскае» – 1 %. Дарэчы, «Краснасельскае» – гэта там, дзе ў Лукашэнкі 17-ая рэзідэнцыя. Аўтасэрвісы, аўташкола і транспартавая кампанія, абʼяднаныя пад дахам «Белтрансспецаўта», аддаюць у фонд 1,5 %. Рамонтна-будаўнічы трэст Кіраўніцтва справамі – 3 %, а Галоўнае ўпраўленне капітальнага будаўніцтва – ажно 12,5 %. Замежныя санаторыі (як тыя, што ў Сочы ці Туапсэ) таксама перадаюць у фонд 1 %. «Беларускія латарэі» – амаль 1,5 %, а д’юці-фры-крамы «Дыпмаркету» і аграпрамысловы комплекс Кіраўніцтва справамі – цэлых 5 і 10 % адпаведна.

У маштабах года гаворка ідзе пра мільёны долараў адлічэнняў. І як трапна перавялі гэта на простую мову мае калегі з сайту «Белсату», калі пісалі гэтую навіну: калі вы купляеце курыцу, напрыклад, Баранавіцкай птушкафабрыкі ці адпачываеце ў Белавежскай пушчы, то частка вашых грошай ідзе ў гэты фонд. Ну а зараз вернемся да таго, куды гэтыя грошы выдаткоўваюць, і паслухаем прэмʼера Рамана Галоўчанку:

«Ва ўмовах санкцыйнага ціску рэспубліканскі цэнтралізаваны і мясцовыя інавацыйныя фонды ёсць адной з найважнейшых фінансавых крыніцаў для стварэння новых вытворчасцяў і ўкаранення перадавых тэхналогіяў. Таму асаблівую ўвагу трэба ўдзяліць мэтаваму і эфектыўнаму выкарыстанню сродкаў гэтых фондаў, а сродкі гэтыя немалыя».

То бок заходніх інвестыцыяў больш няма, будзем самыя неяк выкручвацца. Адразу скажу, што атрымліваецца ў іх гэта кепска. Па-першае, сам Галоўчанка прызнае, што на канец 2023 года змаглі размеркаваць толькі 40 % гэтых фондаў. Відавочна, не ўдаецца чыноўнікам ні новыя прадпрыемствы адкрываць, ні інавацыі ўкараняць. Ну, тут нічога новага, нейкімі ідэямі гэтая шэрая маса ніколі не фантанавала. А таму паехалі паводле накатанай схемы: даць тым, хто ў нас самы бедненькі, – спецслужбам.

Згодна з апублікаваным дакументам, у 2023 годзе 40 % усіх інавацыйных грошай пайшлі ў кішэні Міністэрства ўнутраных справаў, Міністэрства абароны і Аператыўна-аналітычнага цэнтру Лукашэнкі. Вы ж памятаеце, што ў іх там сярод амапаўскіх дубаломаў было шмат тэатралаў. Аказваецца, што і інаватараў хапае. Нашыя айчынныя Іланы Маскі, Білы Гейтсы і Стывы Джобсы ўсе ў форме і пры пагонах.

Меркаванні
У карпарацыі лукашыстаў таксама ёсць традыцыя цім-білдзінга
2024.04.30 08:00

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў