Лукашэнка адправіў міністра эканомікі Чарвякова паслом у Кітай


Аляксандр Лукашэнка прызначыў паслоў у Кітай, Зімбабвэ, ПАР, Сербію і Інданезію, піша ягоная прэс-служба.

Аляксандр Чарвякоў выступае ў Савеце Рэспублікі.
Фота: economy.gov.by

Аляксандр Чарвякоў, які працаваў на пасадзе міністра эканомікі, назначаны надзвычайным і паўнамоцным паслом у КНР.

Ігар Маршалаў, які займаў пасаду намесніка старшыні Камітэту дзяржкантролю – дырэктара Дэпартаменту фінансавых расследаванняў, прызначаны надзвычайным і паўнамоцным паслом у Зімбабвэ.

Надзвычайным і паўнамоцным паслом у ПАР і паводле сумяшчальніцтва ў Батсване, Мазамбіку і Намібіі назначаны Ігар Белы. Да гэтага часу ён працаваў начальнікам галоўнага ўпраўлення Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі МЗС.

Сяргей Маліноўскі, які кіраваў галоўным інфармацыйна-аналітычным упраўленнем МЗС, прызначаны надзвычайным і паўнамоцным паслом у Сербіі і паводле сумяшчальніцтва ў Паўночнай Македоніі.

Раман Раманоўскі прызначаны надзвычайным і паўнамоцным паслом у Інданезіі і паводле сумяшчальніцтва ў Малайзіі, Сінгапуры і Філіпінах. Да прызначэння ён працаваў намеснікам начальніка галоўнага ўпраўлення – начальнікам упраўлення агульнаеўрапейскай супрацы галоўнага ўпраўлення Еўропы і Паўночнай Амерыкі МЗС.

Лукашэнка таксама даў згоду на прызначэнне генконсулам у г. Мумбай (Індыя) Аляксандра Мацукова, які да гэтага часу працаваў начальнікам упраўлення ў пытаннях грамадзянства і выезду за мяжу галоўнага консульскага ўпраўлення МЗС.

Асаблівую ўвагу Лукашэнка надае развіццю адносінаў з Кітаем і Зімбабвэ, пра што асобна сказаў новапрызначаным паслам.

Hавiны
Высокі негатыў і рост ціску. Міністр Чарвякоў распавёў, што чакае беларускую эканоміку
2023.03.21 14:37

СП, belsat.eu

Стужка навінаў