Лукашэнка адрасціў «руку сяброўства»


У суседняй Польшчы – найважнейшае дзяржаўнае свята, Дзень Незалежнасці, сто пятая гадавіна вяртання суверэнітэту пасля распаду Расейскай імперыі. Варшава прымае віншаванні з усяго свету. Але з Менску прыйшла прапанова мірыцца, праўда, аформленая не па добрасуседску. Наколькі сяброўская тая рука, што працягвае Лукашэнка?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Ушанаванне герояў мінулага, урачысты парад, агульнае спяванне гімну, марш праз усю сталіцу і безліч святочных ініцыятываў па ўсёй краіне. Польшча святкуе Дзень Незалежнасці на афіцыйным узроўні і цэлымі сем’ямі.

Святочнае віншаванне палякам і польскаму кіраўніцтву даслала і Святлана Ціханоўская. Абраная прэзідэнтка Беларусі падзякавала за падтрымку беларусаў у цяжкія часы і за прынцыповую пазіцыю і паслядоўнасць у справе дэмакратыі.

«Я ўпэўненая, што з вашай падтрымкай нам удасца зрабіць Беларусь свабоднай, незалежнай і дэмакратычнай дзяржавай. Дзяржавай, якая будзе прадказальным суседам і сябрам. Мы адновім усё тое, што было разбуранае рэжымам. І будзем разам святкаваць такія святы, як сённяшняе. Niech żyje Polska! Жыве Беларусь!» – звярнулася да Польшчы і палякаў абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская.

Аляксандр Лукашэнка выслаў віншаванне толькі польскаму народу. Ён пазычыў палякам бясхмарнага неба і заклікаў да раззбраення. Лукашэнка ўпэўнены, што пасля парламенцкіх выбараў Польшча зможа наладзіць з ім стасункі.

«Спадзяюся, у Варшаве прыслухаюцца да голасу сваіх грамадзянаў з заклікам жыць у міры і згодзе з прадстаўнікамі ўсіх нацыяў і веравызнанняў, разгледзяць працягнутую Беларуссю сяброўскую руку супрацоўніцтва», – напісаў Аляксандр Лукашэнка ў віншаванні народу Польшчы.

Такое ўжо было ў гісторыі пасля амаль кожных прэзідэнцкіх выбараў. Дзясяткі а то і сотні палітвязняў у турмах, памежныя інцыдэнты, выкідванне дыпламатаў – і потым наладжванне стасункаў з новым урадам суседніх краінаў. Але цяпер сітуацыя даволі некамфортная для Лукашэнкі, мяркуе Валер Карбалевіч.

«Дрэнныя стасункі Беларусі з суседзямі, з Польшчай і Літвой нівелююць транзітны статус Беларусі, а гэта капітал», – тлумачыць палітычны аглядальнік радыё «Свабода».

Як падкрэслівае эксперт, над Лукашэнкам вісіць «дамоклаў меч» – пагроза поўнага закрыцця краінаў Еўропы за любую новую мігранцкую атаку ці за страляніну на мяжы. Пры гэтым, чакаючы саступак ад суседзяў, сам ён на саступкі не ідзе: палітвязняў катуюць у турмах, межы штурмуюць арганізаваныя групы мігрантаў, Менск пагражае то ядравай зброяй, то баевікамі Вагнэра. Дый Лукашэнка сам публічна зневажае суседзяў, называючы іх варʼятамі і мярзотнікамі.

Вось што адбывалася ў Астравецкім раёне Гарадзенскай вобласці:

«Палякі апусцілі нос ПіСаўцам…» – пачаў сваё пытанне мужчына з партыйнага актыву Лукашэнкі, які прадстаўляў «мясцовых жыхароў». Меўся на ўвазе вынік польскіх парламенцкіх выбараў, на якіх кіроўная партыя «Prawo i Sprawiedliwość» атрымала найбольш месцаў у новым Сейме, але не атрымала большасці, неабходнай для стварэння ўраду.

«Яны апісаліся з ПіСаўцамі. Я так сказаў. Груба, але…» – жартаваў Лукашэнка.

«Так, і ў мяне пытанне: ці магчымае аднаўленне сяброўскіх стасункаў з палякамі?» – пасля паўзы задаў пытанне «мясцовы жыхар».

«І Літва – мы адновім стасункі, і Польшча – яны нікуды не дзенуцца. Я часта над гэтым думаю: мы дзесьці штосьці не так зрабілі? Не. Мы ніколі нікога не крыўдзілі», – вяшчаў Лукашэнка.

Суседзі не могуць мірыцца з рэжымам, які адначасова пагражае і працягвае, як сказаў Лукашэнка, «сяброўскую руку супрацоўніцтва».

«Калі б спынілася гісторыя з ядравай зброяй. Шмат іншых жэстаў можна было б зрабіць з беларускага боку, каб паказаць, што мы сапраўды працягваем руку добрасуседства. А так пакуль не зразумела, ці там у той руцэ ёсць камень ці няма камняў», – падкрэслівае палітычны аглядальнік радыё «Свабода» Валер Карбалевіч.

Пры гэтым ніводная з палітычных партыяў, якія маюць стварыць наступны польскі ўрад, не выказвала сімпатыяў да дзеянняў Пуціна і Лукашэнкі. І ўсе – за дэмакратычную і незалежную Беларусь.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»