Лукашэнка: «Я і не мусіў запэўніваць бяспекі Прыгожына»


Аляксандр Лукашэнка 25 жніўня выказаўся пра лёс імаверна забітага ў Расеі лідара баевікоў групы Вагнэра Яўгенія Прыгожына, якому даваў гарантыі бяспекі ў Беларусі. Цяпер Лукашэнка адмаўляе, што наогул абяцаў Прыгожыну бяспеку.

Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з Уладзімірам Пуціным. Сочы, Расея. 9 чэрвеня 2023 года.
Фота: president.gov.by

Заяву Аляксандра Лукашэнкі адносна лёсу Яўгенія Прыгожына перадаў ананімны тэлеграм-канал «Пул первого», які выконвае функцыі прэс-службы Лукашэнкі. Пазней тыя ж словы апублікавала дзяржаўная інфармацыйная кампанія «БелТА»:

«Я і не мусіў запэўніваць бяспекі Прыгожына. Гэта па-першае. Па-другое, ніколі ў такім ключы размова і не ішла. А па-трэцяе, запомніце: па бяспецы мы двойчы падыходзілі да гэтага».

Новая версія размовы з Прыгожыным: цяпер з мылам і вяроўкай

Паводле Лукашэнкі, першы раз, калі ён тэлефанаваў Прыгожыну, адбылася такая размова:

– Жэнь, ты разумееш, ты загубіш людзей і сам загінеш?

– Чорт з ім, загіну!

– Жэнь, я зараз табе вышлю вяроўку і кавалак мыла.

– Не-не-не. Я так не хачу. Я героем загіну.

Раней Лукашэнка распавядаў шмат гісторыяў пра тыя перамовы з Прыгожыным, але такога эпізоду не згадваў.

Hавiны
«Хвілін 30 матам размаўляў», – Лукашэнка распавёў, як нібыта мірыў Прыгожына з Пуціным
2023.06.27 18:28

Дык былі ці не былі гарантыі бяспекі?

Лукашэнка згадаў, што абяцаў Прыгожыну падчас мяцяжу: «Мы вам гарантуем у Беларусі поўную бяспеку». Але дадаў: «Трэба аддаць належнае, Жэня Прыгожын ніколі не прасіў мяне асобна надаць увагу пытанням бяспекі». Лукашэнка таксама заявіў, што апошні раз, «калі мы ляталі ў Эміраты» (ці ўваходзіць Прыгожын у «мы», з цытаты незразумела), ён атрымаў ад «крыніцаў» інфармацыю аб рыхтаванні замаху на Прыгожына і перадаў звесткі пра гэта ў Крэмль праз амбасадара Расеі ў Эміратах, а пасля пытаў Прыгожына, ці атрымаў ён інфармацыю, – і Прыгожын сказаў, што пра замах яго папярэдзіў Уладзімір Пуцін.

Што да таго, што бяспеку Прыгожына не ўдалося гарантаваць, Лукашэнка растлумачыў, што папрокі ў ягоны бок – «гэта ж глупства»: як ён мог гарантаваць бяспеку Прыгожына, калі той ляцеў з Афрыкі ў Расею, праз Маскву ў Санкт-Пецярбург? Гаворкі пра бяспеку на тэрыторыі іншых дзяржаваў не было, падкрэсліў Лукашэнка.

Пакуль Лукашэнка маўчаў аб лёсе Прыгожына, прапагандысты спрабавалі прыдумаць тлумачэнне таго, што Прыгожыну не гарантавалі бяспекі.

Хто забіў Прыгожына?

Самалёт, на борце якога, імаверна, быў Яўгеній Прыгожын і іншыя баевікі групы Вагнэра, разбіўся 23 жніўня ў Расеі. Пацверджанняў, што Прыгожын загінуў, яшчэ няма. Але баевікі і амерыканскія эксперты лічаць, што Прыгожын быў забіты сваймі расейскімі ворагамі – імаверна, на загад Уладзіміра Пуціна. Паводле Лукашэнкі, сям’я Прыгожына ўпэўненая, што ён загінуў, пра што Лукашэнку нібыта расказала днём раней.

Hавiны
Пуцін выказаўся пра смерць Прыгожына
2023.08.24 21:59

Што да ўдзелу Пуціна ў смерці Прыгожына, Лукашэнка заявіў: у замаху на Прыгожына для расейскіх уладаў «не было ніякага сэнсу», бо сітуацыя «ўстаканілася». Ён адзначыў, што на самалёце, імаверна, быў выбух, але хто гэта ўчыніў, Лукашэнка не ведае:

«Ведаючы Пуціна, наколькі ён педантычны, асцярожны, акуратны, не веру, што ён будзе гэтым займацца. І потым. Для кіраўніка дзяржавы такой гэта вар’яцтва. Ён не вар’ят. Я далёкі ад таго, каб яго рабіць белым і пухнатым. У нас праца такая, брыдкая. Я не раблю яго белым і пухнатым, але ведаю, што ўсё будзе звалена на яго. Так яно і выходзіць».

Лукашэнка дадаў, што «нікому непатрэбная такая грубая работа» і «так ніхто не робіць», але «там жа цяпер ідзе вайна, розных людзей хапае».

Што будзе з баевікамі ў Беларусі?

Адносна лёсу баевікоў групы Вагнэра пасля смерці іхных лідараў Лукашэнка заявіў: «„Вагнэр“ жыў, „Вагнэр“ жывы і „Вагнэр“ будзе жыць у Беларусі, як бы камусьці гэтага ні не хацелася» («ні не» – у арыгінальнай цытаце). Дэмантаж лагеру баевікоў Лукашэнка растлумачыў тым, што «мы лішнія намёты прыбіраем, столькі не трэба». У Беларусі, кажа ён, застаецца ядро групы баевікоў, а хтосьці паехаў у адпачынак ці вырашыў застацца ўбаку, ды ў найбліжэйшыя дні ў Беларусі ўсе з’явяцца, будзе да 10 тысяч баевікоў групы. Яны «нікуды не бягуць», запэўніў Лукашэнка і дадаў, што яны «не маюць ніякіх прэтэнзіяў».

Лукашэнку пыталі, ці не баіцца ён трымаць у краіне такіх баевікоў. Ён адказаў:

«А навошта нам іншыя? Я не сяджу на парахавой бочцы. Шчыра вам кажу: няма такога настрою ні ў кога».

Баевікі стварылі ў Беларусі «адукацыйную» фірму – ТАА «Група „Вагнэр“». Лукашэнка ж выказваўся аб лёсе Прыгожына ў адукацыйнай установе – у Беларускім дзяржаўным універсітэце. Палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман задаўся пытаннем: чаму «Цэнтр адукацыйных паслугаў» Прыгожына не запрасілі на нараду ў пытаннях адукацыі?

Hавiны
Беларусь задумала правесці яшчэ больш вайсковых вучэнняў у верасні
2023.08.25 17:19

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў