ПВК Вагнэра стварыла ў Беларусі адукацыйную фірму. Што яна будзе рабіць, улады не ведаюць


У адзіным дзяржаўным рэгістры Міністэрства юстыцыі з’явілася інфармацыя пра рэгістрацыю ў Асіповіцкім раёне ТАА «Група “Вагнэр”». Відам дзейнасці фірмы пазначаныя «іншыя віды адукацыі». Каго і чаму будуць навучаць баевікі, мясцовыя ўлады не ведаюць.

Трэнаванні вагнэраўцаў з унутранымі войскамі Беларусі.
Фота: БелТА

Таварыства з абмежаванай адказнасцю «Група “Вагнэр”» зарэгістраванае 3 жніўня. Від дзейнасці – «іншыя віды адукацыі, не ўлучаныя ў іншыя групы». Гэта могуць быць курсы павышэння кваліфікацыі, карэкцыйныя курсы, курсы выжывання.

Паводле звестак выдання «Зеркало», статутны фонд кампаніі – 200 рублёў, яе ўласнік – грамадзянін Расеі Максім Пятроў.

Фірма зарэгістраваная Асіповіцкім райвыканкамам на адрас у вёсцы Цэль, дзе месціцца палявы лагер вагнэраўцаў.

У Пратасевіцкім сельскім выканкаме, куды ўваходзіць гэтая вёска, не ведаюць, каго і чаму будуць вучыць баевікі. Карэспандэнту «Белсату», які назваўся прыватнай асобаю, там сказалі, што не яны рэгістравалі кампанію і ніякіх звестак пра яе не маюць:

«Сельскі выканкам такую кампанію не рэгістраваў. Гэта не кампетэнцыя сельскага выканкаму. Чым яны будуць займацца – такой інфармацыяй не валодаю».

У прыёмным пакоі Асіповіцкага раённага выканкаму таксама нічога не ведаюць пра педагогаў-вагнэраўцаў:

«Не ўяўляю наогул. Першы раз пра гэта чую. Ніхто ніколі не званіў і не пытаўся пра гэта».

Як раней паведамлялі дзяржаўныя крыніцы, галоўная мэта прысутнасці наймітаў у Беларусі – трэнаванне вайскоўцаў.

Аналітыка
«Мясныя штурмы» і афрыканскія жахі. Чаму найміты ПВК Вагнэра могуць навучыць беларускіх сілавікоў
2023.07.26 08:00

У ліпені Магілёўскі аблвыканкам зарэгістраваў іншую юрыдычную асобу, наўпрост звязаную з кіраўніком ПВК Вагнэра Яўгеніем Прыгожыным, – ТАА «Канкорд Менеджмент і Кансалтынг». Від дзейнасці – кіраванне нерухомай маёмасцю. Кампанія належыць расейскай фірме з такой жа назваю, яе ўладальнік – Прыгожын.

Агляд
ПВК Вагнэра ўжо месяц у Беларусі: што дакладна вядома і якія пытанні застаюцца без адказу
2023.08.15 08:00

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў