news
Агляд
ПВК Вагнэра ўжо месяц у Беларусі: што дакладна вядома і якія пытанні застаюцца без адказу
Разбіраемся ў супярэчлівай інфармацыі.
15.08.202308:00

Месяц таму, 15 ліпеня, стала вядома, што ў Беларусь прыбыла першая вялікая калона Групы Вагнэра. Цягам ліпеня колькасць наймітаў у краіне нарошчвалася, дасягнуўшы, паводле некаторых звестак, 6,5–7 тысячаў байцоў. Пры гэтым далейшыя планы вагнэраўцаў застаюцца таямніцай, ажыятаж вакол якой падаграецца чуткамі і ўкідамі. Belsat.eu падсумоўвае вынікі першага месяца перабывання ПВК Вагнэра ў Беларусі і спрабуе разабрацца ў супярэчлівай інфармацыі.

Чым займаюцца найміты і дзе іх заўважылі

14 ліпеня, яшчэ да прыбыцця асноўнай масы наймітаў, у Міністэрстве абароны Беларусі паведамілі пра стварэнне супольнай дарожнай мапы супрацы з ПВК Вагнэра. Адначасова стала вядома, што інструктары баевікоў ужо праводзяць заняткі з байцамі тэрытарыяльнай абароны каля Асіповічаў. Яўгеній Прыгожын паабяцаў зрабіць беларускую армію другой у свеце.

20 ліпеня абвесцілі, што вагнэраўцы на палігоне Берасцейскі пачалі трэнаванне з байцамі Сілаў спецыяльных аперацыяў, а яшчэ праз дзесяць дзён – з вайскоўцамі механізаваных брыгадаў. Акрамя таго, Міністэрства абароны паведаміла, што вучыцца ў баевікоў будуць інжынерныя войскі, войскі сувязі, войскі радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароны.

Таксама пераймаць «бясцэнны баявы досвед» наймітаў распачалі спецпадраздзяленні МУС.

Разам з тым у трэнаванні беларускіх сілавікоў, імаверна, задзеялі толькі нязначную частка вагнэраўцаў. Усяго, паводле інфармацыі ўладаў Украіны, у Беларусі цяпер каля 6,5 тысячы наймітаў. Вагнэраўскія Telegram-каналы паведамляюць пра 7 тысячаў байцоў. 45-тысячная беларуская армія ў такой колькасці інструктураў проста не мае патрэбы, нават калі б усе найміты мелі неабходную кваліфікацыю для навучання вайскоўцаў. З рэпартажаў дзяржаўных медыяў пра супольныя заняткі таксама можна зрабіць выснову, што масавага ўдзелу вагнэраўцаў у трэнаванні сілавікоў няма: на кадрах можна пабачыць толькі адзінкі прадстаўнікоў ПВК Вагнэра.

Хутчэй за ўсё, колькасць інструктараў, якія займаюцца баявым рыхтаваннем лукашэнкаўскіх сілавікоў, ідзе максімум на сотні чалавек, а астатнія тысячы ў гэтым працэсе не задзеяныя. Асноўная маса наймітаў, імаверна, застаецца ў палявым лагеры каля вёскі Цэль пад Асіповічамі. Яны там трэнуюцца, адпачываюць і, як прызнаюцца сваякі, займаюцца абы-чым.

Падобна, што асноўную масу наймітаў пастараліся ізаляваць ад кантактаў з вонкавым светам. Вагнэраўцы апавядаюць родным, што іх нібыта не выпускаюць з тэрыторыі лагеру, і таму яны мясцовых жыхароў нават не бачылі. Таксама ў чатах сваякоў пішуць, што ім нельга карыстацца тэлефонамі, званкі праз Telegram цалкам забароненыя. Для камунікацыі можна выкарыстоўваць толькі праграму «Strim».

«BELPOL» у канцы ліпеня паведамляў, што найміты нібыта раз’язджаюць па тэрыторыі Асіповіцкага раёну «буханкамі» з баявою стралковаю зброяй у пошуках спіртнога. Пацверджання гэтай інфармацыі з іншых крыніцаў няма. Аднак нават калі такія інцыдэнты сапраўды мелі месца, то, імаверна, агульнаю з’явай яны пакуль не зрабіліся. Калі б найміты свабодна гулялі па гарадах і вёсках Беларусі, то нават ва ўмовах агульнай атмасферы страху такая інфармацыя прасочвалася б у сеціва, ад мясцовых жыхароў з’яўляліся б фота- і відэадоказы такой актыўнасці.

Вёска Цэль, імаверна, не адзіная лакацыя вагнэраўцаў у Беларусі. «Беларускі Гаюн» сцвярджае, што найміты таксама выкарыстоўваюць склады былога вайсковага мястэчка № 28 Паплавы каля Асіповічаў.

Акрамя таго, працягваюць хадзіць чуткі пра з’яўленне палявых лагераў у іншых рэгіёнах Беларусі. Украінскі Цэнтр нацыянальнага супраціву 8 жніўня паведамляў, што пачалі будаваць намётавае мястэчка для наймітаў каля Зябраўкі ў Гомельскай вобласці. Блізкі да лукашэнкаўскіх спецслужбаў канал «Белорусский силовик» яшчэ ў пачатку ліпеня анансаваў стварэнне лагеру ў Гарадзенскай вобласці. Пра новы лагер у заходніх рэгіёнах Беларусі паведамлялі і каналы, звязаныя з ПВК. Аднак наконт новых лакалізацыяў у Гомельскай і Гарадзенскай вобласцях ніякіх пацверджанняў дасюль няма.

Аналітыка
Як Прыгожын браў пад кантроль краіны Афрыкі і ці можа такі сцэнар паўтарыцца ў Беларусі
2023.07.21 10:00

Якія стасункі ў вагнэраўцаў з рэжымам Лукашэнкі

Лукашэнка ў публічных выступах сказаў нямала хвалебных словаў пра вагнэраўцаў. Прыгожына ён называў «аўтарытэтным чалавекам», а вагнэраўцаў – абаронцамі «нармальнай цывілізацыі». Самаабвешчаны кіраўнік Беларусі 1 жніўня заявіў, што хацеў бы пакінуць наймітаў ПВК Вагнэра ва Узброеных сілах і, «адштурхоўваючыся ад іх, больш актыўна ствараць кантрактную армію». Аднак пры гэтым наведваць лагер ПВК каля Асіповічаў або публічна сустракацца з Прыгожыным Лукашэнка пакуль не наважыўся.

Цікава, што характар кантактаў ПВК Вагнэра з Міністэрствам абароны і з МУС заўважна адрозніваецца. Хаця з Узброенымі сіламі найміты актыўна ўзаемадзейнічаюць, звестак пра перамовы камандзіраў ПВК з міністрам абароны Віктарам Хрэніным і найвышэйшым камандным складам арміі ў публічнай прасторы не з’яўлялася. Такія сустрэчы, відавочна, адбываліся (а інакш як армія і ПВК маглі выпрацаваць дарожную мапу супрацы), аднак прынамсі афішаваць іх у абаронным ведамстве не палічылі патрэбным.

Здымак апублікаваны «УКантакце» з сустрэчы Мікалая Карпянкова, байцоў і камандзіраў расейскага Спецыяльнага атраду хуткага рэагавання, прадстаўнікоў беларускага спецназу з вайсковай часткі 3214 і інструктараў з ПВК Вагнэра. 26 ліпеня 2023 года. Крыніца: Оркестр который знает весь мир / vk.com

З МУС склалася іншая сітуацыя: кіраўніцтва міліцыі такіх кантактаў не хавае. Пра перамовы міністра ўнутраных справаў Івана Кубракова з камандзірамі вагнэраўцаў паведамлялі афіцыйна, а акрамя таго з наймітамі неаднаразова сустракаўся намеснік міністра Мікалай Карпянкоў. Ён наладзіў кантакты з наймітамі раней за сваё кіраўніцтва, прычым з яўным акцэнтам на нефармальны і сяброўскі характар стасункаў. Дастаткова сказаць, што ў каналах, звязаных з вагнэраўцамі, можна знайсці супольныя фота намесніка міністра з прадстаўнікамі ПВК як мінімум з чатырох розных неафіцыйных сустрэчаў.

Гэтая акалічнасць прымушае паставіць пад сумнеў інфармацыю BELPOL за 25 ліпеня пра тое, што каля Асіповічаў «ужо адбываюцца калізіі» з удзелам сілавікоў і вагнэраўцаў. Насамрэч пакуль няма доказаў узрастання паміж імі напружанасці.

Разам з тым з боку рэжыму Лукашэнкі насцярожанасць у дачыненні ПВК Вагнэра, імаверна, захоўваецца. Паказальнае ў гэтым сэнсе выказванне амбасадара Беларусі ў Індыі Андрэя Ржавускага: ён падкрэсліў, што калі вагнэраўцы «зробяць нешта не так, то супраць іх будуць ужытыя іншыя захады».

Аналітыка
Ад мяцяжу да поўнамаштабнай вайны. Чым размяшчэнне ПВК Вагнэра небяспечнае для Беларусі
2023.07.18 07:15

Хто плоціць ПВК грошы

Дасюль няясна, хто цяпер фінансуе і хто будзе далей фінансаваць Групу Вагнэра.

Падчас баявых дзеянняў ва Украіне шараговы вагнэравец штомесяц, без уліку баявых прэміяў, зарабляў 240 тысячаў расейскіх рублёў – гэта прыкладна 8 тысяча беларускіх рублёў паводле цяперашняга курсу. Пасля перакідвання ў Беларусь заробкі знізіліся да 150 тысячаў (амаль 5 тысячаў беларускіх рублёў), прычым цяпер назіраюцца затрыманні з выплатамі. Былі нават чуткі, што ўзнагароджанне ўвогуле хочуць скараціць да 60 тысячаў рублёў, што вельмі раз’юшыла жонак наймітаў – яны пісалі ў сваім чаце, што іхныя мужы за такія грошы не застануцца ў ПВК.

Паводле інфармацыі брытанскай выведкі, ПВК Вагнэра, імаверна, пераходзіць да скарачэння штату і рэструктурызацыі, каб заашчадзіць на заробкі наймітам. Пасля мяцяжу ў чэрвені 2023 года Крэмль пачаў дзеянні, скіраваныя супраць іншых бізнес-актываў уладальніка ПВК Вагнэра Яўгенія Прыгожына. Таму, мяркуюць брытанцы, ёсць імавернасць, што Крэмль больш не фінансуе гэтай групоўкі: «Калі расейская дзяржава больш не плоціць «Вагнэру», то другім найбольш імаверным замоўцам ёсць улады Беларусі».

Аднак ніякімі фактамі гэтае сцвярджэнне не падмацоўваецца. Поўнае ўтрыманне ПВК Вагнэра прадугледжвае каласальныя выдаткі – ва ўладаў Беларусі можа проста не быць такіх грошай. Сам Лукашэнка неаднойчы падкрэсліваў, што вагнэраўцы будуць размяшчацца ў Беларусі выключна за свой кошт.

Калі ж фінансаваць ПВК працягне Уладзімір Пуцін, то рабіцца гэта будзе яўна не для таго, каб лукашэнкаўскія сілавікі пераймалі «бясцэнны баявы досвед». Як Пуцін плануе выкарыстаць Групу Вагнэра і ці ёсць у яго план наагул – самая вялікая загадка.

ПВК Вагнэра як сродак шантажу

Перад тым, як распачалася перадыслакацыя ПВК Вагнэра, у публічнай прасторы з’яўлялася шмат версіяў наконт таго, з якой місіяй насамрэч у Беларусь едуць найміты. У тым ліку абмяркоўвалася пагроза захопу сувальскага калідору або новага паходу на Кіеў. Аднак такія маштабныя аперацыі выглядаюць нерэалістычна: групоўка Вагнэра заслабая для гэтага. Пагатоў найміты прыбылі ў Беларусь без цяжкой тэхнікі.

Разам з тым, як і чакалася, Пуцін і Лукашэнка выкарыстоўваюць вагнэраўцаў для псіхалагічнага ціску і шантажу суседніх краінаў. Нагнятаюць атмасферу і вагнэраўскія Telegram-каналы, перыядычна ўкідваючы дэзынфармацыю пра свае планы і перамяшчэнні.

Заходнія палітыкі разумеюць, што наймітаў замала для захопу сувальскага калідору, але лічаць рэальнаю пагрозу гібрыднай агрэсіі з мэтаю дэстабілізаваць усходні фланг NATO. Прэм’ер-міністр Польшчы Матэўш Маравецкі 29 ліпеня заявіў пра перакідванне ў ваколіцы сувальскага калідору атраду са ста вагнэраўцаў і назваў гэта «крокам да далейшага гібрыднага нападу на польскую тэрыторыю». 3 жніўня пра з’яўленне наймітаў каля Горадні заяўлялі ўлады Літвы.

Да рэальных актаў агрэсіі з удзелам вагнэраўцаў справа пакуль не дайшла. Аднак з’яўленне наймітаў прымусіла суседнія краіны ўзмацняць абарону на мяжы з Беларуссю.

Чуткі пра сыход

Разам з тым у жніўні пачалі распаўсюджвацца чуткі, што найміты пакідаюць краіну. З 5 жніўня ў чаце сваякоў наймітаў адно за іншым сталі з’яўляцца паведамленні, быццам вагнэраўцаў вывозяць з Беларусі – адпраўляюць дамоў у адпачынак, а потым тых, у каго ёсць замежны пашпарт, імаверна, выправяць у Афрыку.

Пра гэта таксама паведамлялі шэраг ананімных Telegram-каналаў. Напрыклад, «ВЧК-ОГПУ» паведаміў, што наймітаў нібыта вывозяць з Беларусі «партыямі па 500–600 чалавек аўтобусамі да Варонежу, Растова і Краснадару». Аднак ніякіх фота- і відэадоказаў не было. «Беларускі Гаюн» масавых перамяшчэнняў не фіксуе.

Аглядальнік украінскай даследчай суполкі «Інформаційний спротив» Аляксандр Каваленка лічыць версію пра вывад ПВК з Беларусі «неадэкватнаю». Паводле яго, такія ўкіды робяцца, каб знізіць пільнасць суседзяў Беларусі і палепшыць умовы для дыверсійнай дзейнасці самых вагнэраўцаў. Насамрэч найміты пашыраюць свой лагер у Беларусі і «не вылазяць» з трэнаванняў, сцвярджае Каваленка.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: AA / ABACA / Abaca Press / Forum

Існуе версія, што вагнэраўцаў пачалі перакідваць з Беларусі не ў Расею, а ў Нігер. Пра гэта паведаміў 8 жніўня ўкраінскі Цэнтр нацыянальнага супраціву. Выключаць гэтага нельга: Прыгожын і сам, калі звяртаўся да вагнэраўцаў у Беларусі 19 ліпеня, казаў, што іх чакае «новы шлях, у Афрыку». Аднак гэта не значыць, што туды плануецца перакінуць усіх наймітаў – магчыма, маецца на ўвазе проста частковая ратацыя. У любым выпадку пацверджання перакідвання вялікіх групаў вагнэраўцаў у Нігер з іншых крыніцаў пакуль не паступала.

На несур’ёзнасць размоваў пра сыход ПВК Вагнэра звяртае ўвагу ў сваім Telegram-канале найміт з Беларусі Аляксей Бярговін (пазыўны Брэст). Паводле вагнэраўца, дзейнасць групоўкі прадугледжвае такую ступень канфідэнцыйнасці, калі яны самыя «да апошняга моманту не ведаюць, куды іх занясе, а калі і ведаюць, то не скажуць»: «У інтарэсах арганізацыі – каб як мага менш людзей ведала, дзе нашыя супрацоўнікі і чым занятыя, а лепш няхай думаюць, што распаліся і разбегліся па дамах».

Аналітыка
«Мясныя штурмы» і афрыканскія жахі. Чаму найміты ПВК Вагнэра могуць навучыць беларускіх сілавікоў
2023.07.26 08:00

Здымак вокладкі: інструктары з ПВК Вагнэра падчас сустрэчы з байцамі 51-й артылерыйскай брыгады ў Асіповічах. Публікацыя за 27 ліпеня 2023 года. Крыніца: Оркестр который знает весь мир / vk.com

Глеб Нержын belsat.eu