Карпянкоў: Вагнэраўцы будуць займацца баявым рыхтаваннем сілавікоў Беларусі


Камандуючы ўнутранымі войскамі Мікалай Карпянкоў 12 чэрвеня ў Горадні правёў правяранне баявой гатовасці атраду спецыяльнага прызначэння «Тайфун» і расказаў пра іх вайсковае рыхтаванне. Ён паведаміў, што вядуцца перамовы пра навучанне вайскоўцаў наймітамі Вагнэра.

Мікалай Карпянкоў з сілавікамі.
Фота: БелТА

Паводле словаў Мікалая Карпянкова, асноўнае прызначэнне атрадаў спецыяльнага прызначэння – павышэнне баявых магчымасцяў у асаблівых умовах: барацьба з дыверсійна-выведнымі групамі і незаконнымі ўзброенымі фармаваннямі.

«Гэтыя спецпадраздзяленні трэнаваліся інструктарамі СОБРу, інструктарамі, якія маюць баявы досвед, прайшлі і Сірыю, і Лівію. Сёння ў нас ідуць перамовы з прадстаўнікамі ПВК Вагнэра, якія разам з намі будуць займацца баявым рыхтаваннем, перадаваць свой неацэнны баявы досвед. Будуць працягваць прыязджаць сюды групы СОБРу, «Алмазу», – сказаў Карпянкоў.

Таксама ён дадаў, што ўсе атрады ўкамплектаваныя кантрактнікамі. «Самае галоўнае, што гэта людзі высока матываваныя і добра падрыхтаваныя, якія адслужылі не менш як 3-5 гадоў ва ўнутраных войсках, многія служылі ў падраздзяленнях спецыяльнага прызначэння», – падкрэсліў намеснік міністра.

Мікалай Карпянкоў з сілавікамі.
Фота: БелТА

Карпянкоў заявіў, што вайскоўцы асвоілі практычна ўвесь арсенал тэхнікі, што маюць. «Мы будзем асвойваць усё, што выкарыстоўваецца і прымяняецца ва Украіне, а таксама ставіць у сябе на ўзбраенне», – дадаў ён.

Раней замміністра заяўляў, што байцы ў іх навучаныя з улікам «вайсковай спецаперацыі ва Украіне». Стварылі гэтыя падраздзяленні ў пачатку траўня.

Hавiны
«Апазіцыянеры за мяжой няхай бачаць і баяцца». У Беларусі створаныя новыя атрады спецназу
2023.07.12 13:38

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў