Лукашэнка хоча пры дапамозе вагнэраўцаў развіваць кантрактную армію. Ці рэальна гэта?


1 жніўня падчас наведвання Камянецкага раёну Аляксандр Лукашэнка заявіў, што хацеў бы пакінуць наймітаў ПВК Вагнэра ва Узброеных сілах Беларусі і, «адштурхоўваючыся ад іх, больш актыўна ствараць кантрактную армію». Belsat.eu тлумачыць, як выглядае цяпер кантрактная армія ў Беларусі і ці сапраўды вагнэраўцы могуць стаць яе часткай.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Министерство обороны Республики Беларусь / Facebook

Колькі вайскоўцаў у Беларусі служаць паводле кантрактуе

Паводле афіцыйных звестак, на канец 2021 года колькасць беларускай арміі складала амаль 65 тыс. чалавек. З іх прыкладна 20 тыс. асобаў – цывільны персанал. Аляксандр Лукашэнка ў снежні 2021-га абяцаў павялічыць колькасць Узброеных сілаў на 5 тыс. чалавек «пры неабходнасці», а ў лютым 2023 года заявіў, што колькасць арміі Беларусі складае ўжо 75 тыс. чалавек. Імаверна, лік 75 тыс. усё ж завышаны, бо іншых звестак, якія беспасярэдне ці ўскосна ўказвалі б на істотнае павелічэнне колькасці беларускага войска, проста не існуе.

Колькі ў арміі Беларусі кантрактнікаў? Міністр абароны Віктар Хрэнін увосень 2022 года заяўляў, што ствараць кантрактную армію няма неабходнасці, бо Узброеныя сілы на 60 % і так складаюцца з кантрактнікаў.

Хутчэй за ўсё, лічбы Хрэніна адпавядаюць рэчаіснасці, але іх трэба правільна інтэрпрэтаваць. Як указваецца на сайце Мінабароны Беларусі, у 2019 годзе ў войску служылі паводле кантракту больш за 6 тыс. салдат і сяржантаў (каля чвэрці ўсіх салдатаў і сяржантаў). Наўрад ці гэтая лічба моцна змянілася з таго часу. Акрамя таго, у войску раней служылі каля 14,5 тыс. афіцэраў і 6,8 тыс. прапаршчыкаў, якія апрыёры прызыўнікамі тэрміновай службы быць не могуць. Такім чынам, з улікам камандзіраў агульная лічба сапраўды можа складаць 60 %. Гэтая ацэнка ўскосна пацвярджаецца і маштабамі прызыву: калі верыць афіцыйным звесткам, падчас вясновай і восеньскай прызыўной кампаніі 2022 года ў войска накіроўвалі па 10 тыс. беларусаў. Мяркуецца, што прыкладна столькі ж мусіць адначасова дэмабілізоўвацца.

Кантрактная армія – новыя выдаткі

Пашырэнне кантрактнай арміі мусіць суправаджацца або павелічэннем колькасці ўсёй арміі, або скарачэннем прызыву на тэрміновую службу.

Лукашэнка, разважаючы аб перавагах кантрактнай арміі, заявіў: «кажуць, гэта і танней». Сапраўды, ёсць меркаванне, што пры правільнай арганізацыі справы кантрактная армія будзе таннейшая за прызыўную за кошт рознай эфектыўнасці вайскоўцаў і ўскоснага ўплыву на эканамічнае жыццё краіны (з эканомікі штогод не забіраюць тысячы дзейных або патэнцыйных работнікаў). Аднак беспасярэднія выдаткі на абарону мусяць усё роўна вырасці: кантрактнікам не толькі трэба плаціць заробак, але і забяспечыць жыллём ды іншымі сацыяльнымі льготамі.

Каментар
Беларусі давядзецца павялічыць вайсковыя выдаткі для стварэння кантрактнай арміі
2023.08.01 22:39

Пры гэтым на агульнае скарачэнне войска Лукашэнка з улікам цяперашніх мілітарысцкіх тэндэнцыяў яўна не пойдзе – апошнім часам ён наадварот імкнецца павялічыць колькасць людзей, якіх можна паставіць «пад ружжо». А значыць «больш актыўнае старэнне кантрактнай арміі» магчымае толькі пры істотным павелічэнні выдаткаў на абарону. Не факт, што ў Лукашэнкі на гэта хопіць грошай – нават калі плаціць вагнэраўцам звычайныя армейскія заробкі.

Як інтэграваць вагнэраўцаў у армію Беларусі

У сваім выступе Лукашэнка не сказаў, колькі вагнэраўцаў цяпер перабывае ў Беларусі і ці ўсіх ён плануе «пакінуць» ва Узброеных сілах.

Паводле ўладаў Украіны, цяпер у Беларусі больш за 5 тыс. наймітаў. Самі вагнэраўцы казалі, што іх у выніку будзе каля 10 тыс. Калі Лукашэнка мае на ўвазе ўключэнне ва Узброеныя сілы ўсіх ці большасці вагнэраўцаў, што прыбываюць у Беларусь, то гэта будзе азначаць даволі істотнае павелічэнне колькасці войска – на 10–20 %.

Якім чынам уключыць у армію такую колькасць новых жаўнераў? Тэарэтычна з наймітаў можна стварыць новае падраздзяленне ці нават некалькі падраздзяленняў. «Як Хрэнін кажа: мне б такое падраздзяленне ў арміі не перашкодзіла. Я згодны. Размаўляй з імі», – ускосна намякнуў на такі сцэнар Лукашэнка ў сваёй прамове 27 чэрвеня. Чуткі пра стварэнне з вагнэраўцаў новых танкавых карпусоў распаўсюджвалі і Z-каналы.

На практыцы такое рашэнне сутыкнецца з шэрагам праблемаў. Вагнэраўцы прыбылі ў Беларусь без цяжкой тэхнікі, і іх трэба ўзброіць. Ці хопіць у Беларусі для гэтага закансерваванага ўзбранення і як гэта адаб’ецца на баявых магчымасцях старых частак, якія пазбавяцца сваіх рэзерваў тэхнікі, – пытанне адкрытае. Акрамя таго, ствараць на аснове вагнэраўцаў новыя падраздзяленні – гэта значыць пакідаць наймітам пэўную аўтаномію і самастойнасць, што можа спарадзіць праблему падпарадкавання і павялічыць рызыку мяцяжу.

Аналітыка
Ад мяцяжу да поўнамаштабнай вайны. Чым размяшчэнне ПВК Вагнэра небяспечнае для Беларусі
2023.07.18 07:15

«Уліванне» тысячаў вагнэраўцаў у старыя падраздзяленні таксама будзе небяспечна, нават пры іх раўнамерным размеркаванні. Такое перамешванне створыць глебу для разнастайных унутраных канфліктаў, улічваючы, што парадкі ў ПВК і ў беларускім войску моцна адрозніваюцца. Для вагнэраўцаў характэрныя жорсткія ўнутраныя парадкі, якія выходзяць далёка за рамкі нават звычайных для арміі нестатутных адносінаў. За парушэнне правілаў у ПВК Вагнэра караюць збіццём, катаваннямі і нават забойствамі (расправы з выкарыстаннем кувалды цяпер вядомыя на ўвесь свет). Па прызнанні былых наймітаў, гэтыя парадкі больш падобныя на парадкі, якія пануюць у арганізаванай злачыннасці. Ужыцца з новымі саслужыўцамі – носьбітамі настолькі спецыфічнага светапогляду, беларускім вайскоўцам будзе няпроста.

На гэта будуць накладацца праблемы псіхалогіі: усе вагнэраўцы маюць баявы досвед, шмат хто з іх напэўна пакутуе на посттраўматычны сіндром, што таксама будзе спрыяць унутраным канфліктам.

Інтэрв’ю
Былы камандзір роты ПВК Вагнэра: Калі трэба будзе зрынуць Лукашэнку, рашэнне будзе прымаць не Прыгожын
2023.08.01 08:31

Беларускія заробкі наймітаў не зацікавяць

Аднак самая галоўная перашкода на шляху планаў Лукашэнкі – гэта самі вагнэраўцы, якія наўрад ці захочуць далучацца да беларускай арміі.

Галоўная матывацыя любога найміта – грошы. Падчас баявых дзеянняў ва Украіне шараговы вагнэравец штомесяц, без уліку баявых прэміяў, зарабляў 240 тыс. расейскіх рублёў – гэта прыкладна 8 тыс. беларускіх рублёў паводле цяперашняга курсу. Пасля перакідвання ў Беларусі заробкі мусілі знізіцца да 150 тыс. (амаль 5 тыс. беларускіх рублёў), але гэта ўсё роўна вельмі шмат. У беларускім войску камандзіру аддзялення Узброеных сілаў улетку 2022 года прапаноўвалі паводле кантракту ўсяго каля 1 тыс. беларускіх рублёў – то бок амаль у пяць разоў меней, чым вагнэраўцы зарабляюць, проста седзячы на базе пад Асіповічамі. Цяжка ўявіць, што камусьці з наймітаў перспектыва зарабляць менш за 400 долараў можа паказацца настолькі прывабнай, што яны пераедуць у Беларусь жыць. Нават калі ПВК Вагнэра разваліцца і найміты застануцца без працы, то кантракт з Мінабароны РФ будзе выглядаць больш перспектыўна – там за службу ва Украіне цяпер абяцаюць ад 204 тыс. расейскіх рублёў.

Аналітыка
Навошта ПВК Вагнэра перабазуецца ў Беларусь? Восем галоўных версіяў
2023.07.20 09:00

Захаваць для вагнэраўцаў ранейшыя выплаты Лукашэнка не здолее. Па-першае, выплата звыклых заробкаў (нават без уліку жылля і сацыяльных гарантыяў) для 5 тыс. вагнэраўцаў будзе штомесяц каштаваць бюджэту 8,18 млн долараў, а ў год – больш за 98 млн. долараў. Гэта каля 10 % ад усіх выдаткаў Беларусі на нацыянальную абарону ў 2023 годзе ў дэфіцытным бюджэце. Па-другое, вялізарная няроўнасць у заробках выкліча справядлівую незадаволенасць беларускіх вайскоўцаў, а дэманстратыўна сварыцца са сваймі сілавікамі Лукашэнка дакладна не будзе.

Усё гэта не значыць, што пераход асобных наймітаў на службу ва Узброеныя сілы Беларусі паводле кантракту немагчымы. Нельга выключаць, што некаторыя вагнэраўцы з асабістых прычынаў могуць гэтым зацікавіцца, і нават падзенне заробку іх не збянтэжаць. Але, хутчэй за ўсё, гэта будуць хіба што адзінкавыя выпадкі – выключэнне з агульнага правіла. Масавы пераход наймітаў у беларускую армію выглядае сцэнаром амаль што фантастычным. Хутчэй за ўсё, разумее гэта і Лукашэнка.

Аналітыка
Колькі каштуе ўтрыманне вагнэраўцаў у Беларусі? Спрабуем падлічыць
2023.07.19 08:00

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў