Аляксандр Лукашэнка хоча на базе вагнэраўцаў стварыць кантрактную армію і пужае Захад выбухам БелАЭС


1 жніўня Аляксандр Лукашэнка пры наведванні Камянецкага раёну Берасцейскай вобласці паміж размовамі пра збор ураджаю зноў выказаўся па некаторых ключавых вайсковых і палітычных пытаннях. Сярод іх пра байцоў ПВК Вагнэра, Беларускую АЭС, карту паляка і іншыя.

Аляксандр Лукашэнка падчас наведвання Камянецкага раёну Берасцейскай вобласці. 1 жніўня 2023 года.
Фота: БелТА

Вялікі міжнародны замес

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь трапіла ў вялікі «міжнародны замес»: «Уся Еўропа. Амерыканцы разбураюць Еўропу. Вялікая Брытанія – гэта іхнае апірышча. З іншага боку – Польшча. Польшча нам яшчэ падкіне праблем. Не палякі, яны разумныя людзі. Але з глузду з’ехалі кіраўнікі. Амерыканцы будуць рабіць стаўку на іх», – прыводзіць словы Аляксандра Лукашэнкі БЕЛТА.

Таксама Лукашэнка адзначыў, што Еўропа для Злучаных Штатаў Амерыкі не вораг, але моцны супернік.

Вагнэраўцаў у аснову кантрактнай арміі

Аляксандр Лукашэнка аспрэчыў той факт, што 100 вагнэраўцаў перамясцілася да межаў Польшчы. «А калі і перамяшчаліся, – тут жа пачаў супярэчыць сам сабе беларускі кіраўнік, – то толькі для таго, каб перадаць баявы вопыт брыгадам, якія засяроджаны ў Берасці і Горадні».

Таксама Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што вагнэраўцы перадаюць свой вопыт беларускім вайскоўцам і называюць іх «вельмі падрыхтаванымі». Ён дадаў, што хацеў бы захаваць падраздзяленне (вагнэраўцаў): «Гэта сапраўдныя байцы, якія прайшлі праз вайну, якія згубілі шмат сваіх сяброў. Яны абсалютна бясплатна (хаця і найміты, за грошы ўсюды і ваявалі, і працавалі) дапамагаюць нам, перадаюць вопыт».

«Гэта была мая ініцыятыва, і я не шкадую. Я хачу пакінуць гэтых хлапцоў ва Узброеных сілах нашай краіны. І, адштурхоўваючыся ад іх, больш актыўна ствараць кантрактную армію», – заявіў пра свае планы Аляксандр Лукашэнка. «Там умудроныя вопытам людзі, там у асноўным афіцэры, гэта прафесія іхная – ваяваць або абараняць краіну. Кажуць, гэта [кантрактная армія – Заўв. «Белсату»] і танней», – падкрэсліў ён.

Аляксандр Лукашэнка сказаў, што стрымлівае і забяспечвае вагнэраўцаў, якіх не адна тысяча на тэрыторыі Беларусі. Дакладную колькасць ён не стаў называць, адзначыўшы, што пад кантролем групоўкі больш за 30 тысячаў байцоў, у адваротным выпадку «яны без нас бы прасачыліся туды [у Жэшаў і Варшаву. – Заўв. «Белсату»], што мала б не падалося. Таму мяне папракаць не трэба, а няхай скажуць дзякуй», – адзначыў беларускі кіраўнік.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ваяваць не хоча: «Я не хачу, каб гінулі нашы хлопцы. Таму трэба іх вучыць. Вось яны [вагнэраўцы] і перадаюць свой досвед. Параяць, нешта скажуць».

Аляксандр Лукашэнка прамаўляе перад жыхарамі аграгарадка Белавежскі Камянецкага раёну. 1 жніўня 2023 года.
Фота: president.gov.by

Беларуская АЭС як зброя?

Расказваючы пра тактычную ядравую зброю, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што спадзяецца, што прымяняць яе не прыйдзецца: «Не дай бог прыйдзецца выкарыстоўваць гэтую зброю. Я ўсё-такі спадзяюся, што гэтага не будзе. Але ўсе павінны разумець, што вы да нас не лезьце… Мы дэмаркіравалі межы нашыя, мы дамовіліся з палякамі, літоўцамі, латышамі. Мы ні да каго ў агарод не лезем, але і да нас, калі ласка, не лезьце. Мы забяспечым сябе і сваю бяспеку з улікам дапамогі нашых сяброў».

Такім сябрам Аляксандр Лукашэнка назваў Расею: «Павінны сказаць, я сёння не магу прад’явіць нейкія прэтэнзіі ці пакрыўдзіцца на Расейскую Федэрацыю, на прэзідэнта Расеі, што яны не адрэагавалі на мае просьбы, нават на самыя сур’ёзныя. Я маю на ўвазе ядравую зброю».

Адначасова з гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ядравая зброя – «гэта бяспека»:

«На ядравую краіну яшчэ ніколі ніхто не нападаў. У нас атамная станцыя. Гэта, я вам мушу сказаць, вельмі моцны фактар бяспекі. Калі рване не дай бог, то мала не падасца і там [маецца на ўвазе на Захадзе – Заўв. «Белсату»] у тым ліку. З гэтай справай трэба быць вельмі асцярожным».

Карты паляка – праблема, да якой вернуцца

Таксама Аляксандр Лукашэнка выказаўся наконт людзей, уладальнікаў картаў паляка: «Мы ж з вамі сербанулі гэтага дабра ў свой час. Толькі ў гэтым праблема. І ў гэтым плане мы яшчэ практычна нікога не пазбавілі грамадзянства». Ён падкрэсліў, што гаворка пра нейкія меры можа весціся толькі ў дачыненні да «ворагаў», якія змагаюцца «супраць нашай краіны» і заклікаюць да санкцыяў.

Ён адзначыў, «што датычна карты паляка, ну мы даволі моцна падрэзалі крылы гэтым людзям. Адчуваю, што гэтая тэма ёсць. Мы яшчэ раз вернемся да гэтай праблемы» і даручыў сваёй адміністрацыі прапрацаваць гэтае пытанне і вызначыць наступныя крокі.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў