Колькі каштуе ўтрыманне вагнэраўцаў у Беларусі? Спрабуем падлічыць


Баевікі ПВК Вагнэра ў Беларусі, і гэтая сітуацыя падымае важныя пытанні. Ці доўга яны будуць тут? З якой мэтай прыехалі? У якой колькасці? І за чый кошт? На апошняе пытанне і паспрабавалі адказаць карэспандэнты «Белсату».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Байцы прыватнай групы наймітаў Вагнэра стаяць ля штабу Паўднёвай вайсковай акругі ў Растове-на-Доне, Расея. 24 чэрвеня 2023 года.
Фота: Stringer / Reuters / Forum

Колькі баевікоў ужо ў Беларусі

Прынамсі з 11 ліпеня ў Беларусь прыбываюць вайскоўцы расейскай прыватнай вайсковай кампаніі Вагнэра. Дакладная колькасць баевікоў пакуль не вядомая. 17 ліпеня прадстаўнік Галоўнага ўпраўлення выведкі Украіны Андрэй Юсаў заявіў, што гаворка ідзе пра сотні вагнэраўцаў.

«На гэты момант, нягледзячы на паведамленні пра калоны, якія ўжо ідуць і якія сыходзяць, гаворка ідзе пра сотні людзей – 500–700 баевікоў», – сказаў ён.

Паводле звестак маніторынгавай групы «Беларускі Гаюн», у дзвюх калонах, што прыбылі ў Беларусь 15 і 17 ліпеня, было больш як 160 адзінак тэхнікі, у тым ліку 12 аўтобусаў, а таксама шматлікія фуры, «буханкі», пікапы, тралы і грузавікі з будаўнічай тэхнікай. Без уліку ўсёй астатняй тэхнікі толькі ў аўтобусах магло ехаць 500–600 асобаў, калі не больш. Чарговая калона прынамсі з 80 машын (18 фураў, больш за 20 пікапаў, цяжкавікоў-фургонаў, каля 20 «буханак», а таксама аўтобусаў ПАЗ, мікрааўтобусаў і некалькі тэнтаваных «Уралаў» і КамАЗаў) заехала ў Беларусь 18 ліпеня. За ёй праследавала яшчэ адна з не менш як 90 адзінкамі транспарту.

Агулам у Беларусь, паводле падлікаў «Беларускага Гаюна», прыбыло ад 382 да 400 машын вагнэраўцаў. А гэта толькі адных кіроўцаў чатыры сотні. Агульная колькасць расейскіх наймітаў у Беларусі цяпер ацэньваецца ў 2000–2500.

Агляд
Вагнэраўцы ўжо амаль тыдзень у Беларусі. Што вядома на гэты момант
2023.07.17 22:22

Ці будуць прыбываць калоны ў Беларусь яшчэ, не вядома, але лагер, уладкаваны для іх у вёсцы Цэль Асіповіцкага раёну, разлічаны на 8000 асобаў. Праўда, у ім цяпер жывуць і беларускія вайскоўцы, у тым ліку тэрытарыяльнай абароны, з якімі вагнэраўцы дзеляцца досведам. Аднак і Аляксандр Лукашэнка казаў, што Беларусь гатовая прапанаваць вагнэраўцам некалькі пунктаў для дыслакацыі. То бок, у будучыні Цэль можа быць не адзіным месцам іхнага размяшчэння.

Агулам падчас мяцяжу кіраўнік ПВК Яўгеній Прыгожын заяўляў, што «разбірацца» з Міністэрствам абароны РФ ішлі 25 тысячаў баевікоў.

Аднак наўрад ці ўсіх іх варта чакаць у нашай краіне. Хтосьці можа скіравацца на афрыканскія базы Вагнэра, іншыя – падпісаць кантракт непасрэдна з Мінабароны РФ або наагул сысці са службы.

Хто будзе плаціць?

Дагэтуль застаецца загадкай, хто будзе аплачваць побыт прадстаўнікоў ПВК у Беларусі. 16 ліпеня расейскі Telegram-канал BRIEF паведаміў, што ПВК Вагнэра стане дадаткам да рэгіянальнай групоўкі Узброеных сілаў дзвюх краінаў. Фінансаваць іх у Беларусі нібыта будзе Міністэрства абароны. Якое – не ўдакладняецца. Паводле Telegram-каналу «Белорусский силовик», займацца гэтым будзе расейскае ведамства. Праўда, афіцыйнага пацвярджэння гэтай інфармацыі не было.

Паводле пагаднення паміж Расеяй і Беларуссю пра супольнае гарантаванне рэгіянальнай бяспекі ў вайсковай сферы, «фінансаванне супольных мерапрыемстваў у аператыўнай, мабілізацыйнай і баявой падрыхтоўцы ажыццяўляецца бакамі на долевай аснове». То бок, існуе верагоднасць, што плаціць за вагнэраўцаў у Беларусі давядзецца і з беларускага бюджэту. А ў яго за апошнія пяць гадоў і так праблемы з фінансамі.

Запланаваныя (без уліку пазнейшых карэктаванняў) выдаткі на абарону, суды і сілавікоў з 2019 да 2023 года выраслі амаль удвая – з Br 3,55 млрд да Br 6,84 млрд, або на Br 3,29 млрд. За гэты ж час запланаваны прафіцыт на Br 1,7 млрд стаў дэфіцытам памерам Br 3,17 млрд. То бок, калі вярнуць выдаткі на абарону і сілавікоў на давыбарны ўзровень, то беларускі бюджэт мог бы зноў быць прафіцытным. А тут на яго могуць павесіць яшчэ і забеспячэнне вагнэраўцаў.

Колькі каштуе ПВК Вагнэра

На пачатку ліпеня расейскія «Ведомости» паведамлялі, што агульныя выдаткі на ПВК з расейскага бюджэту маглі перавысіць 1,7 трлн расейскіх рублёў з 2014 года. З іх непасрэдна вагнэраўцы ў межах падпісаных з дзяржавай кантрактаў атрымалі крыху больш за 858 млрд расейскіх рублёў. Яшчэ 845 млрд паводле іншых кантрактаў заплацілі прыгожынскаму холдынгу «Канкорд».

Неўзабаве пасля мяцяжу прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін заявіў, што з расейскага бюджэту за год з траўня 2022 года да траўня 2023-га на ПВК Вагнэра заплацілі 86,26 млрд расейскіх рублёў, з іх 70,38 млрд – пайшлі на грашовае ўтрыманне і 15,88 млрд – на стымулюючыя выплаты. Яшчэ 110,18 млрд каштавалі страхавыя выплаты.

Як лічыцца, апошняя лічба датычыць выплатаў сем’ям загінулых ва Украіне баевікоў. Таму яе пры падліку выдаткаў на ПВК Вагнэра ўлічваць не будзем. Але застаюцца 86,26 млрд расейскіх рублёў, або больш як 953 млн долараў паводле актуальнага курсу. На месяц гэта 79,5 млн долараў. Праўда, на ўсю ПВК. У Беларусі цяпер недзе дзясятая частка баевікоў Вагнэра (ад агучанай Прыгожыным лічбы), гэта значыць, на месяц давядзецца выдаткоўваць каля 8 млн долараў, ці каля 260 тысячаў штодня.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Намётавы лагер, разбіты на закінутай вайсковай базе каля вёскі Цэль Асіповіцкага раёну, Беларусь. 7 ліпеня 2023 года.
Фота: Maxim Shemetov / Reuters / Forum

Тым часам Беларускі расследавальніцкі цэнтр піша, што вагнэраўцам, якіх перакінуць у Беларусь, урэжуць заробкі – з 240 да 150 тысяч расейскіх рублёў. Як сцвярджаюць сваякі, гэта звязана з «адсутнасцю баявых дзеянняў». З гэтай прычыны некаторыя найміты нават адмаўляюцца ехаць у Беларусь, бо «шмат хто туды едзе па грошы». З улікам гэтых лічбаў штодзённыя выдаткі на гэты момант на баевікоў у Беларусі могуць складаць 166,5 тысячы долараў, але пры ўмове, што новыя баевікі прыбываць у Беларусь не будуць. Калі ж яны зоймуць усе намёты ў Цэлі, то штодзённая лічба можа дасягнуць і 500 тысячаў долараў, на месяц гэта ўжо 15 млн.

Дарэчы, нават такому ўрэзанаму заробку можа пазайздросціць шмат хто з беларусаў, не кажучы ўжо пра сілавікоў і вайскоўцаў. У той час, як сярэдні заробак у краіне складае 1861,1 рубля, вагнэраўцам тут будуць плаціць ледзь не ў 2,3 разы больш – каля 4200 рублёў.

Нельга таксама выключаць, што выдаткі на ўтрыманне сваіх наймітаў можа ўзяць на сябе і сам Прыгожын, якому якраз пасля мяцяжу вярнулі 10 мільярдаў расейскіх рублёў, сотні тысяч долараў і 5 зліткаў золата. Але такі від фінансавання наўрад ці будзе доўгім.

У кожным разе, рэжыму ў Беларусі яшчэ трэба выдаткоўваць дадатковыя грошы на кантроль прынамсі тысячы асобаў з ваенным досведам, а часам – і з крымінальным мінулым, каб яны не вырушылі «маршам справядлівасці» ўжо на Менск.

Аналітыка
Ад мяцяжу да поўнамаштабнай вайны. Чым размяшчэнне ПВК Вагнэра небяспечнае для Беларусі
2023.07.18 07:15

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў