Медыі: Група Вагнэра папоўніць рэгіянальную групоўку Расеі ў Беларусі. Што вядома?


Прыватная вайсковая кампанія Вагнэра, якая ані ў Беларусі, ані ў Расеі дагэтуль не мае юрыдычнага статусу, стане дадаткам да рэгіянальнай групоўкі Збройных сілаў дзвюх краінаў. Пра гэта паведамляе расейскі тэлеграм-канал BRIEF.

ПВК Вагнэра. Крыніца: 24tv.ua

Як адзначаецца, фінансаваць вагнэраўцаў у Беларусі будзе Міністэрства абароны РФ.

Гэтую інфармацыю публікуе і тэлеграм-канал «Белорусский силовик». Але, як адзначае «Беларускі Гаюн», раней гэты канал быў неаднаразова заўважаны ў падтрыманні інфармацыйна-псіхалагічных аперацыяў.

Што кажуць у Польшчы і Украіне

Як паведаміў у Twitter дзяржаўны сакратар канцылярыі прэм’ер-міністра Польшчы Станіслаў Жарын, Група Вагнэра прысутнічае ў Беларусі.

«Прыехалі першыя вагнэраўцы, іх на гэты момант можа быць некалькі сотняў. Польскія службы адсочваюць сітуацыю, каб ведаць, колькі вагнэраўцаў у выніку апынецца ў Беларусі», – напісаў ён, нагадаўшы, што першыя вагнэраўцы ўжо праводзяць навучанне беларускай арміі.

Жарын адзначыў, што канчатковы маштаб удзелу ў ПВК Вагнэра ў Беларусі пакуль не вядомы, «гэтая справа застаецца на кантролі ў польскіх спецслужбаў».

«Мы ведаем адно: расейцы будуць выкарыстоўваць групу Вагнэра, як яны гэта робяць ва ўсім свеце. Вагнэраўцы дэ-факта выконваюць місіі для Крамля і ад імя Крамля», – дадаў ён.

Украінскія памежнікі таксама адсочваюць «гэтую сітуацыю, каб разумець усе месцы, дзе яны будуць дыслакавацца, якая колькасць іх будзе і якія задачы яны будуць выконваць», заявіў 15 ліпеня спікер ДПСУ Андрэй Дэмчанка ў каментары выданню «Українська правда».

Разгубленасць у Расеі прайшла

Тым часам выведка Вялікай Брытаніі лічыць, што ў Расеі пасля «разгубленасці» з прычыны спробы мяцяжу вагнэраўцаў пачала фармавацца дамоўленасць адносна будучыні групы.

Як адзначаецца, 12 ліпеня Мінабароны Расеі абвясціла, што ПВК Вагнэра перадало 2000 адзінак вайсковай тэхнікі, у тым ліку танкі. На дзень 15 ліпеня прынамсі невялікі кантынгент вагнэраўцаў прыбыў у лагер у Беларусі. 

«У той жа час некаторыя звязаныя з «Вагнэрам» групы ў сацыяльных сетках аднавілі сваю дзейнасць, засяродзіўшыся на асвятленні дзейнасці групоўкі ў Афрыцы. Паводле нядаўніх заяваў расейскіх чыноўнікаў, дзяржава, імаверна, гатовая прыняць імкненне Вагнэра захаваць сваю шырокую прысутнасць на кантыненце», – гаворыцца ў аглядзе.

Hавiны
«Беларускі Гаюн»: Буйная калона ПВК Вагнэра прыбыла ў Беларусь
2023.07.15 12:01

Раніцай 15 ліпеня «Беларускі Гаюн» паведаміў, што буйная калона легкавых і цяжкавых аўтамабіляў з нумарамі самаабвешчаных ДНР/ЛНР была заўважаная ў раёне Крычава. Сукупнасць фактараў сведчыць, што гэта калона ПВК Вагнэра.

Напярэдадні ў Мінабароны заявілі, што падпісалі з ПВК Вагнэра «дарожную мапу» для абмену досведам паміж беларускімі вайскоўцамі і наймітамі. Паведамлялася, што баевікі ўжо выступілі інструктарамі на занятках тэрытарыяльнай абароны.

Hавiны
«Слухайце афіцыйныя крыніцы». Улады ў Асіповічах адмовіліся казаць пра прыезд вагнэраўцаў
2023.07.15 21:47

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў