Вагнэраўцы ўжо амаль тыдзень у Беларусі. Што вядома на гэты момант


Упершыню пра планы размясціць баевікоў прыватнай вайсковай кампаніі Вагнэра ў Беларусі было заяўлена яшчэ 24 чэрвеня – у дзень, калі ў Расеі адбыўся мяцеж кіраўніка ПВК Яўгенія Прыгожына. Але прыбываць у нашую краіну яны пачалі толькі каля тыдня таму.

Размяшчэнне вагнэраўцаў у Беларусі сталася адною з умовай замірэння мяцяжу Яўгенія Прыгожына «з гарантыямі бяспекі для байцоў». Амаль адначасова з’явілася і першая інфармацыя аб прыстасаванні былой вайсковай часткі ў вёсцы Цэль Асіповіцкага раёну.

Намётавы лагер, разбіты на закінутай вайсковай базе каля вёскі Цэль Асіповіцкага раёну. Памочнік міністра абароны Беларусі Леанід Касінскі сцвердзіў, што лагер разгарнулі «для трэнавання вайскоўцаў і тэрабароны», а не канкрэтна для вагнэраўцаў.  7 ліпеня 2023 года.
Фота: Maxim Shemetov / Reuters / Forum

Праўда, вельмі доўга бакі не маглі выбраць варыянту гэтага размяшчэння. Гэтак, яшчэ 6 ліпеня Аляксандр Лукашэнка заяўляў, што гэта залежыць не ад яго, а ад кіраўніцтва Расеі і самых баевікоў.

Пра адсутнасць вагнэраўцаў у Беларусі 11 ліпеня заявіў «Белсату» і генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг. Але неўзабаве баевікі якраз і пачалі з’яўляцца ў нашай краіне.

Што распавёў «Беларускі Гаюн» і паказалі спадарожнікі

Першую калону ПВК Вагнэра «Беларускі Гаюн» заўважыў у Беларусі раніцаю 15 ліпеня. Яна складалася з 60 аўтамабіляў: дзесяці пікапаў, трох аўтобусаў, а таксама фураў і «буханак» на нумарах «ДНР/ЛНР». Уехала яна ўначы ў Беларусь з Расеі ў раёне Крычава, прайшла праз Рагачоў у бок Бабруйску і затым звярнула ў Асіповічы. 

Спадарожнікавыя здымкі лагеру ў вёсцы Цэль паказвалі актыўнасць у ім яшчэ 13 ліпеня, то бок да прыбыцця калоны. Але здымкі 16 ліпеня, якія атрымала выданне «The New York Times», прадэманстравалі відавочны ўсплёск прысутнасці ў лагеры: не менш як пяць фураў, аўтобусы, кантэйнеры, а таксама пікапы і «УАЗы» прама каля намётаў. Таксама журналісты заўважылі на свежых здымках невялікую групу людзей.

17 ліпеня «Беларускі Гаюн» паведаміў пра чарговую калону вагнэраўцаў са сцягамі Расеі і самой ПВК. Як адзначаюць, у ёй было больш як 100 адзінак тэхнікі: 19 «буханак», 21 фура, 9 аўтобусаў, 11 тралаў і цяжкавікоў з будаўнічаю тэхнікай, а таксама шматлікія пікапы, як «УАЗ Патрыёт».

Удакладненыя звесткі «Беларускага Гаюна» паказалі, што гэта ўжо трэцяя калона вагнэраўцаў, якая прыбыла ў Беларусь. Першая, як адзначаюць, у нашай краіне яшчэ з 11 ліпеня. Тады ж у лагеры каля Асіповічаў мог начаваць і сам кіраўнік ПВК Прыгожын, чый самалёт 11 ліпеня таксама прылятаў у Беларусь. Раней ягоны борт фіксавалі ў нашай краіне 27 чэрвеня і 1 ліпеня.

Чым займаюцца баевікі

Пра тое, што вагнэраўцы ўжо прыбылі ў Беларусь, Міністэрства абароны паведаміла 14 ліпеня. Паводле ведамства, у гэты дзень яны ўжо выступалі ў «якасці інструктараў у шэрагу вайсковых дысцыплінаў» падчас заняткаў з падраздзяленнямі тэрытарыяльнай абароны. У сюжэце тэлеканалу «ВоенТВ» асабліва падкрэслівалася, што яны «перадаюць беларусам свой баявы досвед».

«Заняткі пабудаваныя толькі на асабістым досведзе і разборы рэальных баявых сітуацыяў», – распавяла працаўніца каналу.

У Міністэрстве абароны таксама адзначалі, што «вайсковым ведамствам і кіраўніцтвам кампаніі выпрацаваная дарожная мапа на найбліжэйшую перспектыву ў справе рыхтавання і перадачы досведу паміж падраздзяленнямі розных родаў войскаў». Але ніякіх падрабязнасцяў на гэты конт больш не паведамлялі.

Беларускія вайскоўцы адпачываюць у намёце ў лагеры, які, паводле памочніка міністра абароны Беларусі Леаніда Касінскага, разгарнулі «для трэнавання вайскоўцаў і тэрабароны», а не канкрэтна для вагнэраўцаў. 7 ліпеня 2023 года.
Фота: Maxim Shemetov / Reuters / Forum

«Яны на перадавой – штурмавыя атрады. Раскажуць нам, што цяпер важна. Вось мне Пуцін апошні раз сказаў: маўляў, контрбатарэйная барацьба без гэтага немагчымая. Беспілотнікі. Яны праз гэта прайшлі. Яны раскажуць пра зброю: якая добра працавала, якая не. І тактыка, і ўзбраенне, і як наступаць, як абараняцца. Гэта неацэнна. Вось гэта нам ад вагнэраўцаў трэба ўзяць», – казаў 27 чэрвеня Лукашэнка.

6 ліпеня ён жа заяўляў, што Беларусь гатовая прапанаваць вагнэраўцам некалькі пунктаў для дыслакацыі.

За чый кошт банкет?

16 ліпеня расейскі тэлеграм-канал «BRIEF» і «Белорусский силовик» паведамілі, што ПВК Вагнэра станецца дадаткам да рэгіянальнай групоўкі Збройных сілаў дзвюх краінаў. Фінансаваць іх у Беларусі нібыта будзе Міністэрства абароны РФ. Праўда, афіцыйнага пацверджання гэтай інфармацыі не было.

Дарэчы, прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін 13 ліпеня паведаміў, што ПВК Вагнэра «юрыдычна не існуе». Няма афіцыйнага статусу ў кампаніі і ў Беларусі. Што не перашкодзіла вылучыць на вагнэраўцаў з расейскага бюджэту 86 мільярдаў расейскіх рублёў.

Суседзі пад пагрозаю?

Тым часам дэпутат Дзярждумы РФ Андрэй Картаполаў заявіў, што ПВК Вагнэра скіравалі ў Беларусь «не толькі і не столькі» дзеля таго, каб навучаць Узброеныя сілы Беларусі. А каб сфармаваць з наймітаў «гатовы ўдарны кулак, які здолее ўзяць сувальскі калідор за лічаныя гадзіны».

Аднак Дарус Антанайціс, афіцэр запасу Літвы і вайсковы эксперт, у эфіры «Белсату» каментуючы гэтыя словы, адзначыў: сёння гэта проста лухта. Сувальскі калідор быў небяспечным толькі да таго моманту, пакуль Фінляндыя і Швецыя не сталіся сябрамі NATO. Паводле яго, цяпер «усе гэтыя спекуляцыі пра важнасць сувальскага калідору – размова ні пра што». «Найпаўнейшаю лухтою» назваў заявы Гурулёва і ўкраінскі вайсковы аглядальнік Аляксандр Каваленка.

Варта адзначыць, што вагнэраўцы едуць у Беларусь практычна без зброі. 12 ліпеня Мінабароны Расеі абвясціла, што ПВК перадала 2000 адзінак вайсковай тэхнікі, у тым ліку танкі, рэактыўныя сістэмы залпавага агню, зенітныя ракетна-гарматныя комплексы, самаходныя артылерыйскія сістэмы, гаўбіцы і супрацьтанкавыя прылады, мінамётныя комплексы, шматмэтавыя браняваныя цягачы, іншы браняваны транспарт. Таксама здалі больш як 2,5 тысячы тонаў розных боепрыпасаў і каля 20 тысячаў адзінак стралковай зброі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Намётавы лагер, разбіты на закінутай вайсковай базе каля вёскі Цэль Асіповіцкага раёну. 7 ліпеня 2023 года.
Фота: Maxim Shemetov / Reuters / Forum

Як паведаміў дзяржаўны сакратар канцылярыі прэм’ер-міністра Польшчы Станіслаў Жарын, «польскія службы адсочваюць сітуацыю, каб ведаць, колькі вагнэраўцаў у выніку апынецца ў Беларусі». Паводле яго, канчатковы маштаб удзелу ў ПВК Вагнэра ў Беларусі пакуль не вядомы, «гэтая справа застаецца на кантролі ў польскіх спецслужбаў».

«Мы ведаем адно: расейцы будуць выкарыстоўваць Групу Вагнэра, як яны гэта робяць ува ўсім свеце. Вагнэраўцы дэ-факта выконваюць місіі для Крамля і ад імя Крамля», – дадаў Жарын.

Сочыць за сітуацыяй вакол перамяшчэння наймітаў ПВК Вагнэра ў Беларусь і Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы, але пакуль не бачыць прычынаў для дадатковых дзеянняў. Украінскія памежнікі таксама адсочваюць «гэтую сітуацыю, каб разумець усе месцы, дзе яны будуць дыслакавацца, якая колькасць іх будзе і якія задачы яны будуць выконваць», заявіў 15 ліпеня спікер ДПСУ Андрэй Дэмчанка. На ягоную думку, наяўная колькасць вагнэраўцаў у Беларусі «не ўяўляе такой пагрозы для Украіны, каб стварыць ударную групоўку, але Беларусь можа выкарыстоўваць іх для дэстабілізацыі сітуацыі на мяжы з Украінаю ці іншымі краінамі».

Аналітыка
Мяцежнікі Шродзінгера. Што цяпер з ПВК Вагнэра і ці сапраўды найміты ўжо ў Беларусі?
2023.07.14 18:54

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў