Сувальскі калідор перастаў быць небяспечным, бо Фінляндыя і Швецыя далучыліся да NATO


Кіраўнік камітэту Дзярждумы РФ па абароне Андрэй Картаполаў у эфіры расейскага тэлебачання заявіў, што ПВК Вагнэра накіравалі ў Беларусь «не толькі і не столькі» дзеля таго, каб навучаць Узброеныя сілы Беларусі, як паведамлялася раней. «Ёсць такі сувальскі калідор… І вось гэты сувальскі калідор у выпадку чаго нам вельмі патрэбен», – заявіў Картаполаў. Вайсковы эксперт, афіцэр запасу Літвы Дарыус Антанаіціс у эфіры «Белсату» патлумачыў, што гэтая заява – цалкам лухта.

Яўген Прыгожын заявіў, што ПВК Вагнэра сыходзіць з Бахмута. Скрыншот з відэа: concordgroup_official / Telegram

Дэпутат Дзярждумы РФ Андрэй Картаполаў заявіў, што ПВК Вагнэра накіравалі ў Беларусь дзеля таго, каб сфармаваць з наймітаў «гатовы ўдарны кулак, які здолее ўзяць сувальскі калідор за лічаныя гадзіны». Дарыус Антанаіціс, афіцэр запасу Літвы і вайсковы эксперт у эфіры «Белсату» каментуючы гэтыя словы адрэзаў, што сёння гэта проста лухта. Сувальскі калідор быў небяспечным толькі да таго моманту, пакуль Фінляндыя і Швецыя не сталі сябрамі NATO.

«Раней гэты калідор быў адзінай магчымасцю прыйсці краінам NATO на дапамогу кранам Балтыі. Гэта дзве дарогі з асфальтам і адна чыгуначная дарога. Гэтыя дарогі прастрэльваюцца як з Калінінграду, так і з Беларусі. Таму калі б пачалася вайна, то гэтыя дарогі былі б перагружаныя бежанцамі і вайсковай тэхнікай саюзнікаў. А цяпер калі Фінляндыя далучылася да Альянсу, а Швецыя амаль, то сувальскі калідор – проста ні пра што. Краіны NATO могуць увайсці ў краіны Балтыі праз мора. А ў Расеі выхад марскім шляхам цяпер цалкам зачынены. Таму ўсе гэтыя спекуляцыі пра важнасць сувальскага калідору – размова ні пра што», – кажа эксперт.

Hавiны
Расейскі дэпутат заявіў, што ПВК Вагнэра ў Беларусі трэба для захопу сувальскага калідору
2023.07.16 17:38

 

Сувальскі калідор

Таму заявы пра захоп сувальскага калідору – гэта сёння намаганні Расеі напалохаць Захад. Увогуле, кажа афіцэр запасу, найміты ПВК Вагнэра – гэта рэцыдывісты і турэмшчыкі. Гэта хворыя людзі, якія не маюць фізічнай, або вайсковай падрыхтоўкі, якія маюць цяжкія хваробы.

«Што мы ведам пра ПВК Вагнэра ва Украіне? Яны восенню летась масава паміралі на полі бою. Гэта не тыя асобы, якія маюць вайсковую падрыхтоўку, але гэта проста «мяса». Калі б у Беларусі было каля 500 тысячаў расейскіх вайскоўцаў з сучаснай зброяй і мы ведалі, што Расея актывізавала ядравую зброю – то гэта была б праблема. А так атрымліваецца, што некалькі тысячаў алкаголікаў, наркаманаў, я не думаю, што гэта істотна», – кажа Дарыус Антанаіціс.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: NATO North Atlantic Treaty Organization / Flickr

Афіцэр таксама падкрэслівае, што насамрэч найміты ПВК Вагнэр і вайскоўцы краінаў NATO ужо сутыкаліся ў Сірыі.

«Каля 10 салдат NATO ліквідавалі больш за 300 наймітаў разам з цяжкай тэхнікай, артылерыяй і танкамі. Не трэба баяцца, калі нейкі вагнэравец, нейкі зэк скача вакол мяжы. Тое, што яны могуць фізічна забегчы ў Польшчу, ці ў Літву, але што з таго?», – лічыць эксперт.

Вайсковец таксама лічыць, што найміты апынуліся ў Беларусі не таму, што з іх хочуць стварыць пагрозу, а таму, што мяцеж у Расеі не скончыўся. Таму тое, што Вагнэр у Беларусі, то гэта не пра Вагнэр і NATO, не пра Вагнэр і Літву, але пра Вагнэр і Пуцін, кажа эксперт.

Hавiны
Прэзідэнты Польшчы і Літвы на Сувальскім калідоры: гэтае месца бяспечнае
2022.07.07 19:43

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў