«Марш на Беласток ці Вільню немагчымы». Эксперт не чакае наступу вагнэраўцаў з тэрыторыі Беларусі


Украінскі Цэнтр нацыянальнага супраціву распаўсюдзіў інфармацыю пра тое, што на 5 жніўня баевікі ПВК Вагнэра, размешчаныя ў Беларусі, «запланавалі невядомыя захады». Журналіст цэнтру «Дасье» Дзяніс Караткоў, які даследуе дзейнасць наймітаў, у эфіры «Белсату» заявіў, што не бачыць ніякіх падставаў чакаць правакацыяў.

Паводле ўкраінскага боку, баевікам ПВК Вагнэра, якія цяпер у адпачынку, загадана выправіцца ў Беларусь да 5 жніўня. На гэты дзень нібыта запланаваныя нейкія захады. Цэнтр нацыянальнага супраціву сцвярджае, што найміты атрымаюць форму беларускіх памежнікаў і будуць суправаджаць мігрантаў да мяжы.

Журналіст цэнтру «Дасье» Дзяніс Караткоў у эфіры «ВОТ ТАК» назваў такія паведамленні інфармацыйным шумам, што мала адпавядае рэчаіснасці:

«Нічога 5 жніўня не здарыцца. ПВК Вагнэра не пройдзе мяжы. Яны не заменяць беларускіх памежнікаў. Навошта пераапранаць вагнэраўцаў у форму памежнікаў, каб яны выштурхоўвалі мігрантаў на тэрыторыю Польшчы? Навошта? Беларускія памежнікі не дадуць гэтаму рады?»

Hавiны
Украінскія памежнікі назвалі лічбу вагнэраўцаў у Беларусі
2023.07.30 00:02

Эксперт таксама не чакае наступу баевікоў з тэрыторыі Беларусі на Польшчу або Літву:

«Не могуць некалькі тысяч асобаў напасці на Польшчу ці Літву ды здзейсніць марш на Беласток або Вільню – гэта немагчыма. То бок, Лукашэнка да гэтае пары адкрыта не ўступіў у вайну супраць Украіны, а цяпер мы чакаем, што ён абвесціць вайну NATO? Я не бачу ў гэтым логікі і сэнсу».

Дзяніс Караткоў мяркуе, што самы імаверны для баевікоў варыянт – выпраўленне ў Афрыку.

«Там цяпер для іх шмат працы можа з’явіцца. Не будзем забываць, што гэта найміты, значыцца, мусіць быць замоўца. Я не бачу працы для іх у Беларусі, для некалькіх тысяч асобаў», – падсумаваў адмыслоўца.

Інтэрв’ю
Былы камандзір роты ПВК Вагнэра: Калі трэба будзе зрынуць Лукашэнку, рашэнне будзе прымаць не Прыгожын
2023.08.01 08:31

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў