Беларусь фінансуе вагнэраўцаў са свайго бюджэту?


Беларускі рэжым займаецца выплатамі баевікам ПВК Вагнэра з дзяржаўнага бюджэту, пасля таго як Масква адмовілася іх фінансаваць, паведамляе Мінабароны Вялікай Брытаніі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Злева – найміт ПВК Вагнэра на трэнаванні тэрытарыяльнай абароны пад Асіповічамі. Скрыншот відэа: «ВоенТВ» / Telegram

Паводле паведамлення брытанскай выведкі, ПВК Вагнэра зараз знаходзіцца ў працэсе скарачэння і перафарматавання з мэтаю зніжэння расходаў на выплату заробкаў у перыяд фінансавага крызісу.

Пасля так званага мяцяжу, які адбыўся ў чэрвені 2023 года, расейская дзяржава пачала дзеянні, накіраваныя супраць іншых бізнесаў уладальніка ПВК Вагнэра Яўгенія Прыгожына, адзначаюць брытанцы. Таму ёсць імавернасць таго, што Крэмль больш не фінансуе гэтую прыватную ваенную кампанію.

Таксама ў брытанскім ведамстве кажуць пра тое, што калі расейская дзяржава перастане фінансаваць ПВК Вагнэра, то найбольш верагодным плацельшчыкам становяцца беларускія ўлады.

У той жа час адзначаецца, што такія расходы былі б непажаданай уцечкай сціплых беларускіх рэсурсаў.

Нагадаем, што з 18 ліпеня 2023-га ў Беларусь з дазволу ўладаў прыбылі 14 калонаў з байцамі ПВК Вагнэра. Яны размясціліся на былой вайсковай базе каля вёскі Цэль пад Асіповічамі. Усяго, паводле сведчанняў унутры самой ПВК Вагнэра, плануецца перакінуць у Беларусь да 10 000 наймітаў. На сёння прыгожынскія тэлеграм-каналы паведамляюць пра 7000 байцоў на тэрыторыі нашай краіны (паводле іншых звестак, каля пяці тысячаў).

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў