Навошта ПВК Вагнэра перабазуецца ў Беларусь? Восем галоўных версіяў


Перабазаванне вагнэраўцаў у Беларусь працягваецца, аднак з якою мэтаю гэта робіцца і ў чым інтарэс кожнага з бакоў, дасюль не да канца ясна. Belsat.eu сабраў асноўныя версіі, якія цяпер агучваюцца ў публічнай прасторы, у тым ліку самыя фантастычныя.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Байцы ПВК Вагнэра з’язджаюць са штабу Паўднёвай вайсковай акругі ў Растоў-на-Доне, Расея. 24 чэрвеня 2023 года.
Фота: Alexander Ermochenko / Reuters / Forum

Версія № 1: ганаровая ссылка

Пра тое, што Яўгеній Прыгожын «сыдзе ў Беларусь», абвесцілі ўвечары 24 чэрвеня, неўзабаве пасля завяршэння мяцяжу. Першапачаткова гэтае рашэнне выглядала доказам поўнай перамогі Крамля ў канфлікце з ПВК Вагнэра: атрымлівалася, што Пуцін хоць і паабяцаў не караць наймітаў, але пры гэтым прымусіў іх пакінуць краіну. Беларусь у гэтай сітуацыі пераўтваралася ў месца ганаровай ссылкі мяцежнікаў, дзе яны маглі «перакантавацца». А трэнаванне беларускіх вайскоўцаў – проста паслуга, якую «ссыльныя» вагнэраўцы надаюць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, які даў ім прытулак і гарантаваў бяспеку.

Слабасць гэтай версіі заключаецца ў тым, што мяцежнікі вядуць сябе занадта ўпэўнена для асобаў, якія апынуліся ў безвыходным становішчы. У Расеі іх ніхто не пераследуе, яны не маюць патрэбы тэрмінова ўцякаць з краіны. 29 чэрвеня Прыгожына і вагнэраўскіх камандзіраў прымаў у Крамлі асабіста Пуцін, перамовы трывалі тры гадзіны. Прычым мяцежнікі дазволілі сабе аднагалосна сказаць «не» прэзідэнту ў адказ на ягоную прапанову пра далейшае працаўладкаванне ў падраздзяленнях Міністэрства абароны РФ.

З пераездам у Беларусь вагнэраўцы яўна не спяшаліся – масавае перакідванне наймітаў пачалося толькі праз тры тыдні пасля мяцяжу. Прычым Лукашэнка не раз за гэты час выказваўся пра перабазаванне ва ўмоўным ладзе: «калі прыедуць», «калі пагодзяцца». На прэс-канферэнцыі 6 ліпеня ён распавёў, што база каля Асіповічаў, напрыклад, спачатку не спадабалася вагнэраўцам – «у іх іншае бачанне на размяшчэнне». Занадта капрызныя паводзіны для асобаў, якіх нібыта выгналі з Расеі.

Версія № 2: трэнаванне беларускіх жаўнераў

14 ліпеня ў Міністэрстве абароны Беларусі паведамілі, што інструктары-вагнэраўцы пачалі трэнаваць байцоў тэрытарыяльнай абароны на палігоне каля Асіповічаў: «Вайсковае ведамства і кіраўніцтва кампаніі выпрацавалі дарожную мапу на бліжэйшую перспектыву для рыхтавання і перадачы досведу паміж падраздзяленнямі розных родаў войскаў». Прыгожын у сваім звароце, апублікаваным 19 ліпеня, паабяцаў зрабіць беларускае войска другой арміяй свету.

Аднак рыхтаванне беларускіх сілавікоў не можа быць галоўнаю мэтаю перабывання вагнэраўцаў у Беларусі. Беларускае войска за вылікам цывільнага персаналу складае прыкладна 45–50 тысячаў чалавек, таму колькасць інструктараў відавочна не можа складаць ні 25 тысячаў чалавек (агульная колькасць ПВК Вагнэра, паводле Прыгожына), ні 5–8 тысячаў (умяшчальнасць лагеру каля Асіповічаў). Нават 2–2,5 тысячы наймітаў, якія прыбылі ў Беларусь на дзень 18 ліпеня, – гэта зашмат для такіх мэтаў.

Скрыншот з відэа «Инструктора ЧВК «Вагнер» уже в Беларуси». Крыніца: ВоенТВ Беларуси / YouTube

Акрамя таго, праўладныя Telegram-каналы і ў Расеі, і ў Беларусі настойваюць на тым, што ПВК Вагнэра захавае арганізацыйную структуру, будзе мець на беларускай тэрыторыі сваю інфраструктуру і паўнавартасную базу. Што зноў жа не мае сэнсу, калі адзіная мэта – перадаць «бясцэнны баявы досвед».

Версія № 3: ПВК Вагнэра – новы складнік рэгіянальнай групоўкі

16 ліпеня расейскі Telegram-канал «BRIEF» паведаміў, што ПВК Вагнэра станецца дадаткам да рэгіянальнай групоўкі Узброеных сілаў Беларусі і Расеі. Афіцыйнага пацверджання гэтай інфармацыі няма, аднак адпаведную версію актыўна прасоўвае шэраг прапагандысцкіх рэсурсаў у абедзвюх краінах. Сцвярджаюць, што фінансаваць ПВК Вагнэра ў Беларусі нібыта будзе Міністэрства абароны РФ.

Дэ-юрэ гэта нонсэнс. У рэгіянальную групоўку мусяць уваходзіць падраздзяленні Узброеных сілаў Беларусі і РФ, а вагнэраўцы кантракту з расейскім абаронным ведамствам не маюць і наагул гэтага фармавання юрыдычна не існуе. Аднак дэ-факта Лукашэнка і Пуцін могуць называць ПВК Вагнэра ў Беларусі як заўгодна – у тым ліку часткаю рэгіянальнай групоўкі войскаў.

Так ці інакш, ПВК Вагнэра сапраўды можа выконваць задачу прыкрыцця беларускага кірунку. «Калі супраць нас будзе здзейсненая агрэсія, мы адкажам. І калі тут будзе ПВК Вагнэра, яны таксама, як беларускае войска, будуць абараняць нашыя інтарэсы», – казаў на гэты конт Лукашэнка. «Заступіцца» пры неабходнасці за Беларусь паабяцаў і Прыгожын. Але разам з тым бізнесовец даў зразумець, што не гэта галоўная мэта: паводле яго, вагнэраўцы мусяць рыхтавацца ў «новы шлях, у Афрыку», а магчыма, яшчэ і ў «спецыяльную ваенную аперацыю» вернуцца.

Версія № 4: Беларусь як лагістычны хаб

Кіраўнік ГУР Украіны Кірыла Буданаў думае, што ніякага масавага размяшчэння вагнэраўцаў у прынцыпе не плануецца: з Беларусі нібыта хочуць зрабіць лагістычны хаб для перакідвання ПВК Вагнэра ў Афрыку.

«Хаб, які яны ствараюць у Беларусі, прызначаны для лагістычных мэтаў. Таксама ў іх будзе некалькі офісных памяшканняў і рэкрутацыйны цэнтр. І гэты цэнтр ствараецца для аперацыяў Вагнэра за мяжой, у асноўным у Афрыцы», – заявіў Буданаў.

Словы Прыгожына пра «новы шлях, у Афрыку» нібыта мусяць ускосна пацвярджаць гэтую версію. Аднак дастаткова паглядзець на мапу, каб зразумець, што Беларусь не самы зручны транзітны хаб для такога маршруту. Асабліва ў параўнанні са старою базаю ПВК Вагнэра ў Молькіне (Краснадарскі край), што месціцца значна больш на поўдзень і адпаведна бліжэй да Афрыкі.

Каментар
Палітаглядальнік Аляксандр Класкоўскі: «Беларусь стане для вагнэраўцаў хабам»
2023.07.19 10:35

Версія № 5: захоп сувальскага калідору або паход на Кіеў

Былы кіраўнік Генеральнага штабу Вялікай Брытаніі генерал Рычард Дэнат выказаў меркаванне, што Расея захоча выкарыстоўваць размяшчэнне ПВК Вагнэра ў Беларусі, каб ізноў паспрабаваць захапіць Кіеў. У каналах, звязаных з вагнэраўцамі, таксама перыядычна ўзнікаюць такія намёкі.

Акрамя таго, кіраўнік камітэту Дзярждумы РФ у справе абароне Андрэй Картаполаў заявіў, што ПВК Вагнэра скіравалі ў Беларусь, каб пры неабходнасці захапіць сувальскі калідор на мяжы Літвы і Польшчы.

Версія з нападам на NATO і паходам на Кіеў здаецца ў цяперашніх абставінах амаль што фантастычнаю. Па-першае, калі б Крэмль сапраўды меў такія планы, то ў наймітаў не сталі б забіраць цяжкую тэхніку і стралковую зброю. Па-другое, нават калі б вагнэраўцам пакінулі цяжкую тэхніку, то падобныя планы ўсё роўна выглядалі б нерэалістычна. ПВК Вагнэра проста не мае рэсурсаў, каб самастойна ўзяць Кіеў і тым больш ваяваць з NATO. Альянс гатовы ў выпадку агрэсіі аператыўна перакінуць у Польшчу 100 тысяч жаўнераў – гэта больш за ўсю ПВК Вагнэра і беларускую армію разам.

Версія № 6: Лукашэнка рыхтуе «прэтарыянскую гвардыю»

Некаторыя эксперты кажуць, што Лукашэнку вагнэраўцы патрэбныя ў якасці асабістай гвардыі, якая будзе бараніць ягоны рэжым і, магчыма, развязваць задачы ў афрыканскіх праектах рэжыму.

Аднак узникае пытанне, хто будзе фінансаваць ПВК Вагнэра. Паводле Пуціна, за апошні год толькі на выплаты наймітам з расейскага бюджэту выдаткавалі 86,3 мільярда расейскіх рублёў – гэта прыкладна $ 957 мільёнаў. На ўсю нацыянальную абарону Беларусі ў бюджэце краіны на 2023 год прадугледжвалі меншую суму – 2,8 мільярда беларускіх рублёў (каля $ 927 мільёнаў). Плаціць наймітам такія грошы здолее толькі Пуцін, але яму няма сэнсу фінансаваць асабістую гвардыю Лукашэнкі.

Аналітыка
Колькі каштуе ўтрыманне вагнэраўцаў у Беларусі? Спрабуем падлічыць
2023.07.19 08:00

Можна дапусціць, што штат ПВК Вагнэра значна скароцяць і ў якасці «прэтарыянскай гвардыі» Лукашэнкі пакінуць толькі зусім невялічкую частку з 25 тысяч наймітаў. Аднак няясна, што тады будзе з астатнімі тысячамі вагнэраўцаў. Акрамя таго, невядома, чаму Лукашэнка мусіць верыць у адданасць гэтых байцоў, улічваючы, што толькі нядаўна яны здрадзілі свайму папярэдняму гаспадару – Пуціну.

Версія № 7: траянскі конь для Лукашэнкі

Існуе таксама версія, што Лукашэнка ў гэтай гісторыі не суб’ект, а аб’ект – яму проста навязалі рашэнне наконт перабазавання вагнэраўцаў. Не зважаючы на канфлікт Крамля і ПВК Вагнэра, Пуцін можа разглядаць наймітаў у якасці яшчэ аднаго сродку кантролю і падпарадкавання Беларусі.

Расейскі эксперт Ігар Эйдман выказаў канспіралагічную версію, згодна з якою ПВК Вагнэра едзе ў Беларусі, каб учыніць там пераварот і скінуць Лукашэнку. А захапіўшы ўладу, Прыгожын звернецца да Пуціна з просьбаю прыняць Беларусь у склад Расеі. У выніку бізнесовец зробіцца героем для Расеі, а Пуцін атрымае магчымасць пры дапамозе новай анексіі адцягнуць увагу насельніцтва ад правальнай вайны ва Украіне.

Версія пра «траянскага каня» засноўваецца на дапушчэнні, што і Пуцін, і Прыгожын – хітрыя стратэгі, здольныя старанна планаваць свае дзеянні на доўгатэрміновую перспектыву. Аднак сам факт мяцяжу і яго раптоўнае завяршэнне сведчыць, хутчэй, пра адваротнае.

Версія № 8: інфармацыйна-псіхалагічная спецаперацыя

Нельга выключаць, што насамрэч ніякай звышзадачы і ніякага вялікага плану наконт ПВК Вагнэра ў Беларусі проста не існуе. Мяцеж 23–24 чэрвеня стаўся неспадзяванкаю для Пуціна і Лукашэнкі. Імаверна, нечаканым аказалася развіццё падзеяў і для Прыгожына: хутчэй за ўсё, ён проста не думаў, што ўсё зойдзе настолькі далёка. У выніку ў крызіснай сітуацыі кожны з гульцоў стаў імправізаваць, а «сыход у Беларусь» прыдумалі проста як часовае рашэнне, пакуль усе не дамовяцца канчаткова. Гэтая нявызначанасць гучыць і ў словах Прыгожына, калі ён кажа сваім наймітам, што яны будуць у Беларусі «нейкі час».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларускі вайсковец зачыняе браму некарыстанай вайсковай базы з намётавым лагерам, які, паводле інфармацыі Міністэрства абароны, разгарнулі для правядзення вучэнняў каля вёскі Цэль Асіповіцкага раёну, Беларусь. 7 ліпеня 2023 года.
Фота: Maxim Shemetov / Reuters / Forum

Разам з тым, і Прыгожыну, і Лукашэнку, і Пуціну выгадна, каб Захад і Украіна бачылі ў гэтых падзеях пагрозу эскалацыі канфлікту. Пуцін зацікаўлена ў тым, каб ЗСУ не маглі зняць свае падраздзяленні з беларускай мяжы ды перакінуць іх на фронт, каб Еўропа займалася ўласнай бяспекай і менш думала пра дапамогу Украіне. Лукашэнку такая сітуацыя таксама карысная: вагнэраўцы могуць быць адначасова і сродкам шантажу суседзяў, і доказам палітычнай самастойнасці самаабвешчанага кіраўніка Беларусі. Прыгожыну ў сваю чаргу важна такім чынам паказаць, што ён застаецца ўплывоваю фігурай, якая можа наводзіць страх на суседнія краіны.

Калі гэтая версія слушная, то галоўная мэта вагнэраўцаў у Беларусі заключаецца ў самым факце іх перабывання ў Беларусі. У кароткатэрміновай перспектыве гэта можа быць карысна ўсім тром гульцам.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў