news
Агляд
Мала плоцяць, але добра кормяць. Як жывуць вагнэраўцы каля Асіповічаў: паглядзелі ў чаце іхных жонак
З пачатку жніўня вагнэраўцаў нібыта вывозяць з Беларусі ў Расею.
12.08.202312:38

Мы адшукалі ў Telegram чат «ЧВК Вагнер. Чат родственников бывших заключённых и вольных» з амаль 13 тысячамі ўдзельнікаў. У ім ёсць асобная галіна «Вагнера в Беларуси». Паглядзелі, што там абмяркоўваюць. Спойлер: жанчыны не задаволеныя змяншэннем заробкаў сваіх мужоў, але радуюцца, што тых нібыта пачалі вывозіць з Беларусі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Намётавы лагер, разбіты на закінутай вайсковай базе каля вёскі Цэль Асіповіцкага раёну.
Фота: Maxim Shemetov / Reuters / Forum

Прыватная вайсковая кампанія Вагнэра з 2014 года бярэ ўдзел у вайне ва Украіне. Пасля поўнамаштабнага расейскага ўварвання ва Украіну ў склад Групы Вагнэра пачалі масава вербаваць вязняў з расейскіх турмаў. Сёлета ў сакавіку Літва сталася першаю краінай ЕЗ, якая прызнала ПВК Вагнэра тэрарыстычнай арганізацыяй. У ліпені рэзалюцыю аб прызнанні ПВК Вагнэра тэрарыстычнай арганізацыяй прыняла АБСЕ. Еўрапейскі Звяз залучыў Групу Вагнэра ў санкцыйны спіс за «актыўны ўдзел у расейскай ваеннай агрэсіі супраць Украіны». Вагнэраўцаў вінавацяць у ваенных злачынствах у Афрыцы, падрабязна пра гэта мы пісалі тут.

Раздзел чату, прысвечаны вагнэраўцам у Беларусі, быў створаны 13 ліпеня. Прынамсі пад гэтаю датаю на дзень 8 жніўня там знаходзім першае паведамленне. Размова пачалася з пытанняў, чые мужы ўжо з’ехалі ў Беларусь, а чые яшчэ не. З дыялогаў можна зразумець, што пасля закрыцця лагеру ў Молькіне каля Краснадару жонкі чакалі мужоў дамоў, у адпачынак, але замест гэтага тых перакінулі ў Беларусь. Адпраўленне ў Беларусь называецца «на картоху», агулам у размовах шмат жартаў пра бульбу: напрыклад, што байцы будуць есці ў Беларусі адную бульбу.

Чат жонак вагнэраўцаў. Крыніца: zkvagner / Telegram

З чату вынікае, што сярод вагнэраўцаў каля Асіповічаў – пераважна расейцы, але ёсць у тым ліку і беларускае грамадзянства. Не ўсе, хто прыехаў у Беларусь, маюць баявы досвед. Узрост наймітаў розны: ёсць 30-гадовыя, ёсць і тыя, каму за 50 – яны пераважна працуюць кіроўцамі ці іншых такіх пасадах.

Чат жонак вагнэраўцаў. Крыніца: zkvagner / Telegram
Чат жонак вагнэраўцаў. Крыніца: zkvagner / Telegram

У чаце – сотні пытанняў, ці тэлефанаваў ужо дамоў чыйсьці муж, як яны ўладкаваліся ў Беларусі, навошта іх увогуле туды адправілі, куды адтуль – у Сірыю ці Афрыку.

Адна з самых актуальных тэмаў на працягу ўсёй камунікацыі ў чаце – заробкі вагнэраўцаў. Жонак хвалююць як памер, так і спосаб выплаты. Жанчыны цешацца, што ў Беларусі спакойна, няма ваенных дзеянняў, аднак іхных мужоў засмучае, што заробак будзе меншы і прэміяў не будзе якраз з гэтай прычыны.

Чат жонак вагнэраўцаў. Крыніца: zkvagner / Telegram

Абмяркоўвалі, што прыблізны заробак у Беларусі будзе 150 тысячаў расейскіх рублёў, што «нават менш, чымся у МА» (Міністэрства абароны). Былі нават чуткі, што ўзнагароджанне ўвогуле хочуць скараціць да 60 тысячаў рублёў, што вельмі раз’юшыла жанчын – яны пісалі, што іхныя мужы за такія грошы не застануцца ў ПВК.

Чат жонак вагнэраўцаў. Крыніца: zkvagner / Telegram

Сысці з ПВК нібыта можна ў любы момант, аднак, калі ты робіш гэта да канца кантракту, то робішся «пяцісотым» – дэзерцірам. Такі баец не атрымае заробку і сам будзе павінен выплаціць грошы як мінімум за ўніформу.

Падчас баявых дзеянняў, у тым жа Бахмуце (расейская прапаганда выкарыстоўвае ранейшую назву – Арцёмаўск) найміты атрымлівалі больш за 240 тысячаў.

Заробкі за вагнэраўцаў атрымліваюць сем’і. Пераважна грошы аддаюць у касах у некалькіх расейскіх гарадах. У чаце жонкі скардзяцца, што нязручна дабірацца, некаторыя з сакавіка не бачылі выплатаў. Агулам пішуць, што грошы выплочваюцца са спазненнем.

Чат жонак вагнэраўцаў. Крыніца: zkvagner / Telegram
Чат жонак вагнэраўцаў. Крыніца: zkvagner / Telegram

Не абмінулі ўвагай жонкі вагнэраўцаў і тэмы беларускіх жанчын. Некаторыя ў паведамленнях перажываюць, каб іхныя байцы не «прыжаніліся» ў Беларусі.

Чат жонак вагнэраўцаў. Крыніца: zkvagner / Telegram

На ўмовы ў лагеры каля Асіповічаў некаторыя скардзяцца, зазначаюць, што нельга карыстацца тэлефонамі, забароненыя ўсялякія званкі праз Telegram. Для камунікацыі можна выкарыстоўваць толькі праграму «Strim».

Чат жонак вагнэраўцаў. Крыніца: zkvagner / Telegram
Чат жонак вагнэраўцаў. Крыніца: zkvagner / Telegram

У Беларусі вагнэраўцы хваляць ежу і прадукты ў крамах: кажуць, што смачныя.

Чат жонак вагнэраўцаў. Крыніца: zkvagner / Telegram
Чат жонак вагнэраўцаў. Крыніца: zkvagner / Telegram
Чат жонак вагнэраўцаў. Крыніца: zkvagner / Telegram

Жонкі вагнэраўцаў шчыра вераць, што іхныя мужы цяпер абараняюць Расею ад «вурдалакаў». З’яўляліся таксама паведамленні, што трэба ісці на Польшчу і забраць яе тэрыторыі.

Чат жонак вагнэраўцаў. Крыніца: zkvagner / Telegram
Чат жонак вагнэраўцаў. Крыніца: zkvagner / Telegram

Жанчыны апавядаюць, у якім стане вагнэраўцы вяртаюцца дамоў.

Чат жонак вагнэраўцаў. Крыніца: zkvagner / Telegram

З 5 жніўня ў чаце адно за іншым сталі з’яўляцца паведамленні, што вагнэраўцаў вывозяць з Беларусі – адпраўляюць дамоў у адпачынак, а потым тых, у каго ёсць замежны пашпарт, імаверна, выправяць у Афрыку. Некаторыя ўдзельніцы чату звязваюць гэта з вынікамі саміту Афрыка – Расея.

Чат жонак вагнэраўцаў. Крыніца: zkvagner / Telegram
Чат жонак вагнэраўцаў. Крыніца: zkvagner / Telegram

Паводле тэлеграм-каналу GreyZone, звязанага з ПВК Вагнэра, у новым пункце часовай дыслакацыі ў Беларусі застаюцца каля 7000 вагнэраўцаў.

Таксама паведамляюць, што на гэты момант каля 12 тысячаў байцоў ПВК Вагнэра – у адпачынку.

Аналітыка
«Мясныя штурмы» і афрыканскія жахі. Чаму найміты ПВК Вагнэра могуць навучыць беларускіх сілавікоў
2023.07.26 08:00
Гісторыі
«Гэта як брат пайшоў на брата». Удава вагнэраўца распавяла пра жыццё і смерць мужа на вайне
2023.08.07 08:00

Марыя Міхалевіч belsat.eu