«Мясныя штурмы» і афрыканскія жахі. Чаму найміты ПВК Вагнэра могуць навучыць беларускіх сілавікоў


Услед за Узброенымі сіламі Беларусі досвед наймітаў ПВК Вагнэра пачалі пераймаць падраздзяленні МУС. Чаму вагнэраўцы могуць навучыць беларускіх сілавікоў? І што спатрэбіцца ім больш – досвед штурму Бахмуту або карных аперацыяў у Афрыцы?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Супольныя вучэнні інструктараў ПВК Вагнэра і беларускіх вайскоўцаў.
Фота: Министерство обороны Республики Беларусь / Telegram

Штурмавыя атрады з сумнеўнай выжывальнасцю

Пра тое, што вагнэраўцы будуць трэнаваць вайскоўцаў Узброеных сілаў, Аляксандр Лукашэнка заявіў яшчэ 27 чэрвеня. Тады ён правеў адмысловую сустрэчу з міністрам абароны Віктарам Хрэніным і абазначыў сваё бачанне супрацы з баевікамі Яўгенія Прыгожына.

«Людзі не разумеюць, што і мы прагматычна да гэтага падыходзім. Калі іхныя камандзіры прыедуць да нас і дапамогуць нам… Досвед. Слухай, яны на перадавой – штурмавыя атрады. Раскажуць нам, што цяпер важна. Вось мне Пуцін апошні раз сказаў: контрбатарэйная барацьба, без гэтага немагчыма. Яны праз гэта прайшлі. І тактыка, і ўзбраенне, і як наступаць, як абараняцца. Гэта бясцэнна. Вось гэта нам ад вагнэраўцаў трэба ўзяць», – заявіў ён.

14 ліпеня ў Міністэрстве абароны Беларусі паведамілі, што была супольна выпрацаваная дарожная мапа супрацы з ПВК Вагнэра, і што інструктары наймітаў ужо трэнуюць байцоў тэрытарыяльнай абароны пад Асіповічамі. 20 ліпеня было абвешчана, што вагнэраўцы распачалі трэнаванне з байцамі Сілаў спецыяльных аперацыяў на палігоне «Берасцейскі». Паводле Мінабароны, акцэнт рабіўся на «арганізацыю ўзаемадзеяння розных родаў войскаў, выкарыстання разведвальных і ўдарных БПЛА, тактычных прыёмаў перамяшчэння на полі бою, прыёмы хавання войскаў і псіхалагічнай падрыхтоўкі вайскоўцаў».

Пазней ведамства паведаміла, што вучыцца ў баевікоў будуць не толькі ССА і механізаваныя падраздзяленні, але таксама інжынерныя войскі, войскі сувязі, войскі радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароны.

«Аналізуем досвед спецыяльнай ваеннай аперацыі і выкарыстоўваем яго на сваёй практыцы», – цытуе беларускага вайскоўца прэс-служба Мінабароны.

У міністэрстве падкрэсліваюць, што падчас вучэнняў асаблівая ўвага надаецца пытанням «выжывальнасці войскаў» падчас баявых дзеянняў. Праўда, у кантэксце досведу вагнэраўцаў гэтая заўвага больш выглядае на сумную іронію, бо, паводле прызнання саміх наймітаў, у аперацыях ва Украіне яны страцілі забітымі і параненымі больш за 3/4 усіх байцоў. То бок, высокім узроўнем «выжывальнасці» вагнэраўцы якраз пахваліцца не могуць: ва Украіне яны праславіліся «мяснымі штурмамі».

Бахмуцкі досвед – не для МУС

Цікава, што ва ўсіх сваіх публічных выступах на тэму ПВК Вагнэра Лукашэнка казаў выключна пра супрацу наймітаў з Узброенымі сіламі. Пра МУС ён у гэтым кантэксце ніводнага разу не згадаў. Што цалкам лагічна. ПВК Вагнэра ў так званай «спецыяльнай ваеннай аперацыі» выкарыстоўвалася выключна як франтавое, больш за тое – штурмавое падраздзяленне. Найбуйнейшая і самая вядомая аперацыя вагнэраўцаў – шматмесячны штурм Бахмуту, які суправаджаўся гарачымі гарадскімі баямі, каласальнымі чалавечымі стратамі і поўным знішчэннем паселішча.

Тактыка «агнявога валу» і «мясных штурмаў», якая выкарыстоўвалася ў Бахмуце, вельмі сумнеўная з гледзішча эфектыўнасці. Нягледзячы на тое, варта прызнаць, што байцы ПВК Вагнэра маюць багаты досвед сучаснай вайны, з якога можна рабіць высновы і які можна выкарыстоўваць для падрыхтоўкі ўласнага войска. Аднак спецыялізаванага досведу паліцэйскіх аперацыяў ПВК Вагнэра ва Украіне проста не мела (калі не лічыць такім удзел асобных байцоў у карных аперацыях на Кіеўшчыне на самым пачатку ўварвання). Таму супраца з МУС выклікае значна больш пытанняў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларускія салдаты на вучэннях з інструктарамі ПВК Вагнэра.
Фота: Министерство обороны Республики Беларусь / Telegram

Паказальна, што, паводле медыяў, ПВК Вагнэра пачала фармаваць асобныя аддзелы, «арыентаваныя на затрыманні, аператыўныя і каменданцкія функцыі» толькі ў чэрвені 2023 года. Размова дэ-факта ішла пра стварэнне прыватнай ваеннай паліцыі, якая мусіла «выяўляць дыверсійна-разведвальныя групы», дапытваць байцоў варожых ДРГ і праводзіць аператыўнае следства. Тады вагнэраўцы абвесцілі набор былых супрацоўнікаў САХРу і АМАПу. Аднак пасля вайсковага мяцяжу гэтае пытанне, хутчэй за ўсё, стала неактуальным для ПВК Вагнэра.

Ініцыятыўны Карпянкоў

Першым цікавасць да супрацы з ПВК Вагнэра з боку МУС выказаў намеснік міністра, камандуючы ўнутранымі войскамі Мікалай Карпянкоў. 12 ліпеня ён паведаміў, што «сёння ў нас ідуць перамовы з прадстаўнікамі ПВК Вагнэра, якія разам з намі будуць займацца баявым рыхтаваннем, перадаваць свой бясцэнны баявы досвед». 21 ліпеня Карпянкоў асабіста наведаў лагер наймітаў пад Асіповічамі, вёў «нефармальны дыялог» з камандзірамі баевікоў і сфатаграфаваўся з імі на памяць.

Пры гэтым афіцыйна пра намер МУС супрацоўнічаць з ПВК Вагнэра было заяўлена толькі 24 ліпеня, калі з’явілася паведамленне пра перамовы міністра Івана Кубракова з прадстаўнікамі наймітаў. Акрамя Кубракова, у сустрэчы з беларускага боку прыняў удзел Карпянкоў, камандзір спецназу «Алмаз» Віктар Краўцэвіч, камандзір САХРу Аляксандр Быкаў, камандзір в/ч 3214 Дзмітрый Мікша і камандзір менскага АМАПу Дзмітрый Балаба. Яны таксама зрабілі супольнае фота з наймітамі. «Фактычна гаворка ідзе пра арганічнае ўбудаванне групы Вагнэра ў сістэму забеспячэння абараназдольнасці Беларусі», – патлумачыў звязаны са спецслужбамі Telegram-канал «Белорусский силовик» у допісе пад гэтым здымкам.

У афіцыйным паведамленні МУС гаворыцца пра важнасць «практычнага досведу прадстаўнікоў ПВК». Але не тлумачыцца, якая можа быць карысць ад франтавога досведу вагнэраўцаў для структураў, якія мусяць выконваць праваахоўныя функцыі ўнутры краіны.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Супольныя вучэнні інструктараў ПВК Вагнэра і беларускіх вайскоўцаў.
Фота: Министерство обороны Республики Беларусь / Telegram

Напрыклад, да афіцыйных задачаў АМАПу адносяць ахову грамадскага парадку пры правядзенні масавых мерапрыемстваў, гарантаванне бяспекі ў грамадскіх месцах і спыненне правапарушэнняў, удзел у затрыманні ўзброеных злачынцаў. Досвед штурму Бахмуту пры выкананні гэтых задачаў падначаленым Балабы яўна не спатрэбіцца.

ПВК Вагнэра навучыць душыць паўстанне?

Падобна на тое, што камандуючы ўнутраных войскаў Мікалай Карпянкоў стаў галоўным лабістам супрацы МУС і ПВК Вагнэра. Ён не толькі наладзіў нефармальныя кантакты з наймітамі раней за сваё кіраўніцтва, але і дамогся таго, каб ягоныя падначаленыя пачалі першымі пераймаць досвед вагнэраўцаў. На наступны дзень пасля сустрэчы наймітаў з Кубраковым намеснік камандуючага ўнутраных войскаў Сяргей Грабеннікаў заявіў, што байцы ўнутраных войскаў ужо прыступілі да супольных трэнаванняў з вагнэраўцамі. Паводле яго, найміты дзеляцца досведам выкарыстання дронаў, сродкаў РЭБ і снайперскай зброі.

Карпянкоў цяпер актыўна займаецца стварэннем новых атрадаў спецназу ўнутраных войскаў – у траўні яны ўжо з’явіліся ў Гомлі («Буран»), Горадні («Тайфун») і Берасці («Шторм»). Раней два новых атрады былі таксама створаныя ў Менску («Смерч» і «Рысь»). Карпянкоў тлумачыць, што паўсядзённыя задачы – гэта сілавое прыкрыццё аператыўнага складу пры затрыманні ўзброеных злачынстваў. Але галоўная задача новых атрадаў – барацьба з дыверсійна-разведнымі групамі і незаконнымі ўзброенымі фармаваннямі.

Фактычна новыя атрады ствараюцца дзеля барацьбы з добраахвотнікамі з палка Каліноўскага, парамілітарнымі фармаваннямі накшталт Паспалітага рушэння або ўдзельнікамі плану «Перамога», якія могуць узняць паўстанне ўнутры краіны. Карпянкоў не хавае, каго канкрэтна ён лічыць патэнцыйнай пагрозай:

«Апазіцыянеры, якія застаюцца за мяжой і пагражаюць якім-небудзь уварваннем, яшчэ чымсьці на тэрыторыю Беларусі, няхай бачаць гэта і баяцца».

Намеснік міністра адзначыў, што сілавікі будуць арыентавацца на чэкісцка-вайсковы досвед падраздзяленняў НКВД, «калі яны выяўлялі дыверсантаў, паліцаяў, калабарацыяністаў, якія хаваліся ў нашых лясах». Менавіта ў кантэксце падрыхтоўкі новых атрадаў спецназу Карпянкоў упершыню заявіў пра намер супрацоўнічаць з наймітамі.

Аналітыка
Чаканне паўстання, бяспека сям’і Лукашэнкі і дзіўныя выключэнні. Улады рыхтуюць новы закон
2023.06.08 17:47

Хоць беларускія сілавікі ўсяляк акцэнтуюць увагу на ўкраінскім досведзе ПВК Вагнэра, насамрэч дапамога ў барацьбе з унутранымі паўстаннямі – гэта тое, чым найміты займаліся не ва Украіне, а ў Афрыцы. Цікава, што Telegram-канал «Белорусский силовик» у адным са сваіх допісаў сцвярджаў, што ў Беларусь едзе ў тым ліку «афрыканскі корпус ПВК Вагнэра» – яны нібыта прыехалі з Чорнага кантыненту на ратацыю.

Карныя аперацыі ў Афрыцы

У Афрыцы баевікі ПВК Вагнэра вучылі мясцовых сілавікоў змагацца з паўстанцамі і самі ўдзельнічалі ў карных аперацыях. Гэты жахлівы досвед апісаны ў шматлікіх публікацыях праваабаронцаў і журналістаў.

Напрыклад, паводле даследчай суполкі Sentry, Цэнтральна-Афрыканская Рэспубліка стала для ПВК Вагнэра сапраўднай «лабараторыяй тэрору». У ЦАР інструктары ПВК вучылі мясцовых сілавікоў методыкам допытаў і катаванняў, у тым ліку, як адразаць канцавіны, вырываць пазногці, рэзаць цела нажамі, спальваць людзей жыўцом.

Барацьба з мясцовымі паўстанцамі суправаджалася сістэматычным знішчэннем мясцовага насельніцтва. Суразмоўцы Sentry распавядалі, што тактыка аперацыяў ПВК Вагнэра ў ЦАР прадугледжвала поўную «зачыстку» тых паселішчаў, дзе мясцовыя жыхары падтрымлівалі паўстанцаў. Найміты загадвалі забіваць усіх, уключаючы жанчын і дзяцей. Хаты ў такіх паселішчах рабаваліся і спальваліся.

Расейскія найміты з ПВК Вагнэра ахоўваюць прэзідэнта ЦАР Фастэна-Арканжа Туадэра ў Бангі, Цэнтральнаафрыканская Рэспубліка. 16 ліпеня 2023 года.
Фота: Leger Serge Kokpakpa / Reuters / Forum

Паводле Sentry, вагнэраўцы заахвочвалі афрыканскіх сілавікоў гвалціць дзяўчат ва ўзросце ад 10 гадоў і самі не раз удзельнічалі ў масавых згвалтаваннях. Эксперты адзначаюць, што сексуальныя злачынствы ў ЦАР былі часткай прадуманай тэрарыстычнай тактыкі Вагнэра, каб зламіць супраціў насельніцтва і прымусіць яго падпарадкоўвацца. Шматлікія зверствы ў ЦАР таксама апісваюцца ў справаздачах «Human Rights Watch» і публікацыях аўтарытэтных заходніх медыяў.

Аналагічным чынам ПВК Вагнэра дзейнічала ў Малі. У дакладзе праекту All Eyes On Wagner паведамляюць, што вагнэраўцы датычныя да масавых забойстваў і пазасудовых пакаранняў, згвалтаванняў, адвольных арыштаў, рабаванняў і запалохвання мірных жыхароў Малі. Агулам, паводле даследавання, вагнэраўцаў звязваюць больш як з 370 такімі эпізодамі. У большасці выпадкаў гвалт быў супраць прадстаўнікоў народу фульбэ, якія, як мяркуюць, падтрымліваюць ісламістаў. Паводле праваабаронцаў, адно з самых гучных ваенных злачынстваў з удзелам мясцовых вайскоўцаў і вагнэраўцаў здарылася ў Дагофры і Муры, дзе на пачатку 2022 года загінулі больш за 330 мірных жыхароў.

Крывавы афрыканскі досвед ПВК Вагнэра ўлады Беларусі зусім не турбуе. Ускосна на гэтую тэму Лукашэнка выказаўся ў сваёй прамове да Дня Незалежнасці. Ён адзначыў, што найміты насамрэч «ваявалі па ўсім свеце за нармальную цывілізацыю» і на Захадзе іх не любяць, бо яны «калашмацілі гэтых французаў» (ЦАР і Малі – былыя французскія калоніі).

Праўда, Лукашэнку варта памятаць і пра іншы афрыканскі досвед вагнэраўцаў. Калі ў Судане ў 2019 годзе захістаўся трон пад Амарам аль-Башырам, найміты, мяркуючы з усяго, дамовіліся з мясцовымі генераламі і дазволілі ім скінуць старога дыктатара.

Аналітыка
Як Прыгожын браў пад кантроль краіны Афрыкі і ці можа такі сцэнар паўтарыцца ў Беларусі
2023.07.21 10:00

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў