«Апазіцыянеры за мяжой няхай бачаць і баяцца». У Беларусі створаныя новыя атрады спецназу


Ва ўнутраных войсках МУС Беларусі створаныя тры новыя атрады спецыяльнага прызначэння. Намеснік міністра МУС Мікалай Карпянкоў кажа, што байцы ў іх навучаныя з улікам «вайсковай спецаперацыі ва Украіне».

У Беларусі створаныя тры новыя атрады спецназу.
Фота: МУС Беларусі/Telegram

Ва ўнутраных войсках МУС Беларусі цяпер праводзіцца праца, каб стварыць падраздзяленні спецыяльнага прызначэння для выканання задачаў у розных умовах, у прыватнасці, для вядзення баявых дзеяў, барацьбы з дыверсійна-выведнымі групамі, незаконнымі фармаваннямі.

«У паўсядзённай дзейнасці гэтыя падраздзяленні ўжо нясуць службу і ў памежжы, і выконваюць задачы забеспячэння сілавога прыкрыцця нашага аператыўнага складу», – распавёў Карпянкоў.

На сённяшні дзень створаныя тры атрады спецпрызначэння – у Берасці, Гомлі і Горадні.

«Стварылі гэтыя падраздзяленні літаральна ў пачатку траўня. Ужо цяпер яны баяздольныя, выконваюць баявыя задачы. Атрады ўкамплектаваныя кантрактнікамі, якія прайшлі службу ў органах унутраных справаў у падраздзяленнях унутраных войскаў не менш за 3-5 гадоў. Падраздзяленні экіпаваныя, забяспечаныя, навучаныя з улікам досведу правядзення вайсковай спецаперацыі ва Украіне», – зазначыў намеснік міністра МУС.

Байцы атрадаў узброеныя сучаснай зброяй, забяспечаныя адмысловай тэхнікай, у тым ліку тэлевізійнымі прыборам і прыцэламі, беспілотнікамі.

«Людзі падрыхтаваныя, высока матываваныя, здольныя выконваць задачы любой складанасці. Грамадзяне нашай краіны могуць быць спакойнымі. З такімі падраздзяленнямі спецыяльнага прызначэння мы забяспечым мір і парадак у нашай краіне. Апазіцыянеры, якія перабываюць за мяжой і пагражаюць якім-небудзь уварваннем, яшчэ чымсьці на тэрыторыю Беларусі, няхай бачаць гэта і баяцца», – сказаў Карпянкоў.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў