Як Прыгожын браў пад кантроль краіны Афрыкі і ці можа такі сцэнар паўтарыцца ў Беларусі


Мэты размяшчэння ПВК Вагнэра ў Беларусі дагэтуль застаюцца не да канца зразумелымі. Паводле адной з версіяў, план Яўгенія Прыгожына палягае ў тым, каб пры дапамозе сваіх наймітаў цалкам падпарадкаваць Беларусь Расеі. Такі сцэнар у розных варыяцыях ужо рэалізоўваўся ў некаторых краінах Афрыкі. Belsat.eu разбіраўся, якія механізмы ўсталявання кантролю раней выкарыстоўваў Прыгожын і ці могуць яны спрацаваць у Беларусі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Расейскія баевікі з Групы Вагнэра ахоўваюць прэзідэнта ЦАР Фастэна-Арканжа Туадэра ў Бангі, Цэнтральнаафрыканская Рэспубліка. 17 ліпеня 2023 года.
Фота: Leger Serge Kokpakpa / Reuters / Forum

Схема Вагнэра

Агулам пачынаючы з 2017 года прысутнасць ПВК Вагнэра была зафіксаваная ў 13 краінах Афрыкі. Схема працы наймітаў на кантыненце звычайна была аднолькавая. Вагнэраўцы прыходзілі па запрашэнні мясцовага аўтарытарнага лідара, трэнавалі ягоных сілавікоў і дапамагалі змагацца з паўстанцамі. У асобных выпадках найміты падтрымоўвалі не дзейныя ўлады, а адзін з бакоў у грамадзянскай вайне (як гэта было ў Лівіі). Узамен Расея праз структуры Прыгожына атрымоўвала доступ да прыродных багаццяў і палітычны ўплыў у гэтай краіне. Дапамагаючы аўтакратам захаваць уладу, вагнэраўцы закладалі асновы доўгатэрміновай прысутнасці ў краіне і стваралі экзістэнцыйную залежнасць ад Расеі.

Афіцыйна абвешчаныя мэты пераезду вагнэраўцаў у Беларусь – трэнаванне вайскоўцаў і абарона інтарэсаў рэжыму Лукашэнкі – па сутнасці, не адрозніваюцца ад таго, што раней ПВК Вагнэра рабіла ў Афрыцы. Спраектаваць на Беларусь эканамічны складнік афрыканскага сцэнара больш складана. За падтрыманне вагнэраўцамі афрыканскія дыктатары расплачваліся радовішчамі карысных выкапняў, што для Беларусі неактуальна. Аднак сам па сабе бартар, калі Прыгожын узамен на паслугі сваіх наймітаў атрымае пэўныя эканамічныя прывілеі, выключаць нельга.

Так ці інакш, эканоміка разам з сілавым і інфармацыйна-прапагандысцкім складнікам – моцны механізмам пашырэння расейскага ўплыву ў краіне. Разгледзім, як гэты механізм працаваў і да якіх наступстваў прыводзіў, на прыкладзе чатырох афрыканскіх дзяржаваў: ЦАР, Судан, Малі і Буркіна-Фасо.

Аналітыка
Што ПВК Вагнэра робіць у Афрыцы? Тлумачым, у чым інтарэс РФ
2023.03.27 07:31

Цуды паліттэхнолагіі

Спецыфіка афрыканскіх праектаў Прыгожына палягае ў тым, што там заснавальнік ПВК Вагнэра адначасова выкарыстоўвае не толькі сваю прыватную армію, але таксама паліттэхнолагаў і прапагандыстаў.

Паводле французскага Інстытуту стратэгічных даследаванняў вайсковай школы (IRSEM), Расея стварыла ў Афрыцы цэлую «інфармацыйную экасістэму» з тысяч сайтаў і акаўнтаў, пры дапамозе якіх распальваюцца антызаходнія настроі. Паводле звестак Цэнтру стратэгічных даследаванняў Афрыкі ў Вашынгтоне, на працягу 2015–2022 гадоў расейскія кампаніі дэзынфармацыі былі адзначаныя ўва ўсіх афрыканскіх краінах, дзе былі заўважаныя найміты з ПВК Вагнэра. Прапаганда дазваляла сфармаваць пул пракрамлёўскіх палітыкаў і ўплываць на палітычныя структуры.

Часам паліттэхнолагі прыходзілі ў краіну раней, чым сама ПВК Вагнэра. Характэрным прыкладам можна лічыць Малі і Буркіна-Фасо. Беспасярэдніх доказаў таго, што Прыгожын меў дачыненне да пераваротаў у гэтых краінах, няма. Але змена ўлады ў Малі і Буркіна-Фасо дзіўным чынам супала з нарошчваннем прарасейскай прапаганды.

У 2021 годзе ў Малі ў выніку вайсковага перавароту да ўлады прыйшла хунта пад кіраўніцтвам палкоўніка Асімі Гаіты (Assimi Goïta), якога прапагандысты малявалі на плакатах разам з Уладзімірам Пуціным. У сталіцы краіны ладзіліся дэманстрацыі пад расейскімі сцягамі, удзельнікі патрабавалі вывесці французскія войскі і ўвесці ў краіну расейскія. «Пуцін, дапамажы нам!» – скандавалі дэманстранты. Самога палкоўніка Гаіту Прыгожын называў афрыканскім Чэ Геварам. «Прыйшоў час палкоўнікаў», – казаў ён.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. На недатаванай фатаграфіі, паданай французскай арміяй, паказаны расейскія найміты ПВК Вагнэра пры пасадцы ў верталёт на поўначы Малі.
Фота: French Army / AP / East News

На гэтай хвалі ў Малі былі афіцыйна запрошаны баевікі ПВК Вагнэра. Да лета 2022 года ў Малі ўжо налічвалася 9 базаў вагнэраўцаў, а аперацыі з удзелам расейскіх наймітаў былі зафіксаваныя ў 32 розных пунктах краіны.

У Буркіна-Фасо вайсковы пераварот увосень 2022 года таксама адбыўся пад акампанемент прарасейскіх дэманстрацыяў. Прычым прапагандысцкая кампанія ў падтрымку размяшчэння ў краіне ПВК Вагнэра распачалася яшчэ да перавароту.

Паводле медыяў, ва ўладных колах гэтае рашэнне лабіяваў падпалкоўнік Поль-Анры Сандааго Даміба (Paul-Henri Sandaogou Damiba). Ён двойчы спрабаваў пераканаць прэзідэнта Буркіна-Фасо ў неабходнасці запрасіць у краіну ПВК Вагнэра, а калі той канчаткова адмовіўся – узначаліў пераварот. Праўда, неўзабаве зрынулі і самога Дамібу. Захоп улады ў Буркіна-Фасо хунтай Прыгожын публічна вітаў і назваў пачаткам «новай эры дэкаланізацыі».

Пры гэтым Прыгожын можа вельмі лёгка мяняць сваіх саюзнікаў у залежнасці ад сітуацыі. Выданне «Проект» у сваім вялікім расследаванні, прысвечаным заснавальніку ПВК Вагнэра, адзначае, што бізнесовец часам спрабуе перасоўваць афрыканскіх прэзідэнтаў, быццам «салдацікаў са сваёй шафы».

«Неяк аднойчы ў Пецярбург прыляцеў прадстаўнік прэзідэнта адной з краін Афрыкі з просьбай – дапамагчы ў стварэнні сваёй «фабрыкі троляў». Ім вылучылі спецыялістаў, сталі падтрымоўваць піярам кіраўніка дзяржавы, але за тры месяцы перайгралі ўсе і паставілі на ягонага апанента», – распавядала выданне са спасылкай на былога супрацоўніка структураў Прыгожына.

Кантроль над сілавікамі: як прэзідэнт трапіў у «закладнікі»

Разам з тым, уплыў ПВК Вагнэра на сітуацыю ў Малі і Буркіна-Фасо, імаверна, не мае татальнага характару. У значна большай ступені падпала пад кантроль расейскіх наймітаў Цэнтральна-Афрыканская Рэспубліка (ЦАР).

ПВК Вагнэра прысутнічае ў ЦАР прынамсі з сакавіка 2018 года. Уплыў вагнэраўцаў у краіне пашыраўся паступова: спачатку была інфармацыя пра некалькі сотняў наймітаў, а ў 2021 годзе, паводле справаздачы ААН, у краіне ўжо налічвалі каля 2300 вагнэраўцаў. У ЦАР Прыгожын зрабіў стаўку на прэзідэнта Фастэна-Арканжа Туадэру (Faustin-Archange Touadéra), якому найміты дапамагалі пераабрацца ў 2020 годзе. Прыгожынцы не толькі забяспечвалі прапагандысцкую кампанію ў падтрымку Туадэры, але і спрыялі дасягненню дамоўленасцяў з розным узброенымі фармаваннямі апазіцыі. Паводле даследчай суполкі Sentry, ПВК Вагнэра стварыла ў ЦАР паралельную 5-тысячную армію, куды яны вербавалі мясцовых жыхароў. Гэтая армія праводзіла кампанію тэрору ў краіне, якая ўключала ў сябе масавыя забойствы, катаванні і згвалтаванні.

Паралельна з агрэсіўнай эканамічнай экспансіяй вагнэраўцы дэ-факта падмялі пад сябе ўсю палітычную і вайсковую сістэму ў краіне, сталі ўдзельнічаюць у выкананні розных дзяржаўных функцыяў і ахоўваюць прэзідэнта Туадэру. Паводле «Sentry», апошнімі гадамі большасць падраздзяленняў узброеных сілаў ЦАР «дзейнічаюць пад непасрэдным камандаваннем або наглядам наймітаў Вагнэра».

Робіцца гэта нібыта са згоды самога Туадэры, бо прэзідэнт не надта давярае сваёй уласнай арміі і баіцца перавароту. Аднак у выніку Туадэра апынуўся ў сітуацыі, калі на Захадзе яго адкрыта называюць «закладнікам» ПВК Вагнэра – настолькі вялікі ўплыў найміты маюць у краіне. Вярхоўны прадстаўнік ЕЗ у справах замежнай палітыкі Жузэп Бурэль (Josep Borrell) у пачатку 2022 года заяўляў, што ПВК Вагнэра ў ЦАР «вельмі шчыльна кантралююць усе асноўныя сферы бяспекі, у тым ліку абарону прадстаўнікоў улады».

Культ наймітаў у ЦАР дасягнуў такіх маштабаў, што ў краіне ўсталявалі манумент у гонар «расейскіх дарадцаў», а некаторыя міністры ходзяць у цішотках «Je suis Wagner» («Я – Вагнэр»).

Як найміты здрадзілі дыктатару

Звычайна ПВК Вагнэра дапамагае афрыканскім аўтакратам утрымаць уладу, аднак практыка паказвае, што лаяльнасць наймітаў – з’ява зменлівая. Дыктатара Амара аль-Башыра ў 2019 годзе, які кіраваў Суданам нават даўжэй, чым Лукашэнка Беларуссю, у крытычны момант ПВК Вагнэра ратаваць не стала.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Зрынутага прэзідэнта Судану Умара Хасана Ахмада аль-Башыра (пасярэдзіне) суправаджаюць у турму ў Хартуме, Судан. 16 чэрвеня 2019 года.
Фота: Ashraf Shazly / AFP / East News

Прыгожын пачаў сваю экспансію ў Судане ў 2017 годзе. Ягоныя паліттэхнолагі кансультавалі аль-Башыра, а найміты – трэнавалі сілавікоў дыктатара і дапамагалі душыць народныя пратэсты. Аднак калі ў 2019 годзе грамадзянскія хваляванні паставілі рэжым аль-Башыра на мяжу рэвалюцыі, вагнэраўцы зрабілі стаўку на генералаў Абдэля Фатаха аль-Бургана (Abdel Fattah al-Burhan) і Мухамэда Хамдана Даглю (Mohamed Hamdan Dagalo) – у выніку яны згулялі вызначальную ролю ў падзенні дыктатара. Аўтар кнігі аб дзейнасці расейцаў у Афрыцы Самуэль Рамані ў інтэрв’ю Бі-Бі-Сі адзначаў, што супраць перавароту выступаў расейскі МЗС, але Прыгожын, наадварот, яго вітаў. Для наймітаў галоўным быў кантроль за залатымі радовішчамі, а гэта ім маглі забяспечыць і праціўнікі старога дыктатара.

Цікава, што Хамдан Даглю ўзначальваў Сілы хуткага рэагавання (фактычна – мясцовае праўладнае апалчэнне), якіх вагнэраўцы трэнавалі падчас кіравання аль-Башыра. Супраца вагнэраўцаў з СХР пасля змены рэжыму толькі ўзмацнілася. У 2021 годзе аль-Бурган і Хамдан Даглю зладзілі новы путч і ўжо цалкам захапілі ўладу ў краіне, але ўвесну 2023-га пасварыліся і пачалі ваяваць адзін з адным. У разгар баёў Прыгожын публічна прапаноўваў ім свае паслугі ў якасці пасярэдніка.

Ці можа афрыканскі сцэнар паўтарыцца ў Беларусі?

Аўтаматычна пераносіць афрыканскі досвед ПВК Вагнэра, безумоўна, няма падставаў. Дзяржавы Афрыкі, ва ўнутраныя справы якіх актыўна ўмешваліся найміты Прыгожына, часцей за ўсё пакутавалі ад крывавых канфліктаў: ваявалі з паўстанцамі або тэрарыстамі, а частку тэрыторыяў проста не кантралявалі. Нічога падобнага ў Беларусі няма. Як няма радовішчаў золата і дыяментаў, якія станавіліся галоўным прызам Прыгожына ў афрыканскіх праектах.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Расейскія баевікі з групы Вагнэра ахоўваюць прэзідэнта ЦАР Фастэна-Арканжа Туадэра (пасярэдзіне) у Бангі, Цэнтральнаафрыканская Рэспубліка. 17 ліпеня 2023 года.
Фота: Leger Serge Kokpakpa / Reuters / Forum

Аднак сам па сабе механізм пашырэння ўплыву выглядае даволі ўніверсальна: паралельная экспансія ў вайсковым, эканамічным і інфармацыйна-прапагандысцкім сектары. У інфармацыйнай сферы надзвычайных намаганняў ад Прыгожына цяпер і не патрабуецца: ён прыходзіць у краіну, дзе стараннямі Лукашэнкі прарасейская прапаганда і так дамінуе, а з саміх вагнэраўцаў улады робяць «герояў».

Вызначальным пры гэтым усё роўна застаецца вайсковы сектар. Сакрэт поспеху ПВК Вагнэра ў Афрыцы палягае перш за ўсё на тым, што яны не толькі знаходзілі зручнага для сябе дыктатара, але і наладжвалі наўпроставыя сувязі з сілавікамі, забяспечвалі іх асабістую лаяльнасці. У выніку ПВК Вагнэра або атрымлівала паралельны кантроль за сілавым апаратам (як у выпадку ЦАР), або мела магчымасць дамовіцца з кімсьці з генералаў за спінаю дыктатара, каб у патрэбны момант закрыць вочы на яго зрынанне (як у Судане).

У гэтым кантэксце цікава звярнуць увагу на тое, што размяшчэнне ПВК Вагнэра ў Беларусі цяпер не рэгулюецца ніякімі прававымі дакументамі. Хаця Лукашэнка раней абяцаў прыняць адпаведны закон ці прэзідэнцкі ўказ, які б вызначаў рамкі дзейнасці наймітаў у краіне. Аднак пакуль такога афіцыйнага ўказу няма. Замест гэтага Лукашэнка публічна прапанаваў міністру абароны Віктару Хрэніну дамаўляцца з наймітамі наўпрост: «Хрэнін кажа: мне б такое падраздзяленне ў арміі не перашкодзіла. Я згодны. Размаўляй з імі». Пра перамовы з ПВК Вагнэра таксама заяўляў намеснік міністра ўнутраных справаў Мікалай Карпянкоў. З чаго вынікае, што сілавікі маглі атрымаць пэўны карт-бланш на самастойнае вызначэнне рамак супрацы.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў