У Судане – чарговая спроба вайсковага перавароту


У Судане адбываюцца сутыкненні паміж Узброенымі сіламі і Сіламі аператыўнага падтрымання.

Страляніна і выбухі чутныя ў цэнтры Хартуму, побач са штабам арміі, Міністэрствам абароны і прэзідэнцкім палацам. Над горадам узнімаецца дым. Таксама ёсць звесткі пра страляніну каля будынку дзяржаўнага тэлебачання.

Сілы аператыўнага падтрымання заявілі аб захопе міжнароднага аэрапорту, рэзідэнцыі камандуючага арміі і прэзідэнцкага палацу ў Хартуме, паведамляе Reuters. Аднак пацверджання гэтай інфармацыі з незалежных крыніцаў пакуль няма.

Раней Сілы аператыўнага падтрымання абвінавацілі армію ў нападзе на адзін са сваіх лагераў. У сваю чаргу армія абвінаваціла Сілы аператыўнага падтрымання ў спробе захопу штабу, а таксама нападзе на армейскія лагеры ў Хартуме і іншых раёнах Судану.

Армейскае камандаванне заяўляе, што цяпер супрацьстаіць спробам праціўніка захапіць стратэгічныя аб’екты ў Хартуме.

«Al Jazeera» паведамляе, што Узброеныя сілы заявілі пра нанясенне авіяўдараў па лагерах Сілаў аператыўнага падтрымання.

Паводле BBC, канфлікт засяроджаны вакол запланаванага пераходу да цывільнага кіравання.

З 1989 да 2019 год Суданам кіраваў дыктатар Умар аль-Башыр, якому Міжнародны крымінальны суд выставіў абвінавачанне ў генацыдзе. У 2019 годзе ў выніку вайсковага перавароту рэжым аль-Башыра быў скінуты, дыктатара арыштавалі. У кастрычніку 2021 года ў краіне адбыўся новы пераварот, у выніку якога былі арыштаваныя некаторыя чальцы пераходнага ўраду.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў