Вагнэраўцы прыступілі да сумесных вучэнняў з унутранымі войскамі Беларусі


Байцы ПВК Вагнэра прыступілі да сумеснай падрыхтоўкі з вайскоўцамі ўнутраных войскаў, піша БелТА са спасылкай на намесніка камандзіра ўнутраных войскаў Сяргея Грабеннікава.

Вагнэраўцы прыступілі да сумеснай падрыхтоўкі з унутранымі войскамі Беларусі.
Фота: БелТА

«Мерапрыемствы тактычнай і тактыка-спецыяльнай падрыхтоўкі ўжо праводзяцца ва ўнутраных войсках з ПВК Вагнэра, – распавёў Сяргей Грабеннікаў. – Байцы Вагнэра з задавальненнем дзеляцца сваім баявым досведам у розных галінах: прымяненне БПЛА, снайперскай зброі, сродкаў РЭБ».

Паводле намесніка камандзіра ўнутраных войскаў, байцы ПВК Вагнэра дысцыплінаваныя і матываваныя.

«Яны гатовыя падзяліцца сваім досведам з нашымі спецпадраздзяленнямі. І мы працуем з імі над падрыхтоўкай нашых байцоў», – зазначыў Грабеннікаў.

Надоечы з наймітамі групы Вагнэра сустракаўся міністр унутраных справаў Беларусі Іван Кубракоў. Аб гэтым 24 ліпеня паведаміла прэс-служба МУС. Сустрэча міністра і вагнэраўцаў прайшла ў навучальным цэнтры ўнутраных войскаў МУС. У ёй таксама ўзялі ўдзел кіраўнікі і супрацоўнікі спецпадраздзяленняў.

На мінулым тыдні Міністэрства абароны Беларусі паведамляла, што беларускія вайскоўцы праводзяць трэнаванні разам з байцамі ПВК Вагнэра на палігоне Берасцейскі каля польскай мяжы.

Нагадаем, што 19 ліпеня ў Беларусь прыехала шостая калона вагнэраўцаў, у складзе якой было каля 100–120 аўтаў. З некаторых ацэнак вынікае, што цяпер у Беларусі можа быць ужо каля 3,5 тысячы байцоў групы Вагнэра. У Галоўным упраўленні выведкі Украіны лічаць, што асноўная функцыя, якую будуць выконваць вагнэраўцы ў Беларусі, якраз і будзе зводзіцца да правядзення інструктажу беларускіх вайскоўцаў, а таксама застрашвання суседніх краінаў – чальцоў NATO.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў