Карпянкоў: Новыя атрады спецназу будуць выкарыстоўваць «унікальны досвед НКВД»


Намеснік міністра ўнутраных справаў Беларусі Мікалай Карпянкоў 14 ліпеня ў Гомлі правяраў баявую гатовасць новага атраду спецыяльнага прызначэння «Буран». Чыноўнік заявіў, што новыя падраздзяленні ў сваёй працы будуць выкарыстоўваць «унікальны і багаты досвед НКВД», паведамляе Telegram-канал Гомельскага аблвыканкаму.

Намеснік міністра МУС Беларусі Мікалай Карпянкоў правярае баявую гатовасць новых атрадаў спецназу. 14 ліпеня 2023, Гомель.
Фота: t.me/gomel_region_gov

Правяранне баявой гатовасці праходзіла на базе вайсковай часткі 5525. Прысутнічалі таксама старшыня Гомельскага аблвыканкаму Іван Крупко, начальнік УУС Алякандр Шастайла, вайсковы камісар вобласці Андрэй Крываносаў і іншыя.

Мікалай Карпянкоў патлумачыў, навошта ствараюцца новыя атрады спецпрызначэння:

«Для ўзмацнення нашых баявых магчымасцяў, найперш дзеля таго, каб яны былі гатовыя і здольныя весці сучасныя баявыя дзеянні, маглі высочваць і знішчаць дыверсійна-разведвальныя групы і незаконныя ўзброеныя фармаванні, якія да нас сюды непасрэдна могуць уварвацца».

Намеснік міністра МУС Беларусі Мікалай Карпянкоў правёў правяранне баявой гатовасці новых атрадаў спецназу. 14 ліпеня 2023, Гомель.
Фота: t.me/gomel_region_gov

Намеснік міністра МУС дадаў, чыім досведам будуць кіравацца атрады.

«Мы імкнемся рэалізаваць той унікальны багаты досвед, які ёсць у падраздзяленнях НКВД, калі яны выяўлялі дыверсантаў, паліцаяў, калабарацыяністаў, якія хаваліся ў нашых лясах. Нашыя падраздзяленні здольныя выканаць задачу і ў цывільнай вопратцы, высочваючы, і ў цяжкім абмундзіраванні, праводзячы армейскія спецаперацыі, – казаў Карпянкоў. – Такія групы, яны называліся чэкісцка-вайсковыя. Гэта вось менавіта ў шчыльным узаемадзеянні з крымінальнай міліцыяй мы падрыхтуем падраздзяленні, якія будуць спалучаць гэты досвед чэкісцка-вайсковых групаў».

Чыноўнік дадаў, што ў атрады ўваходзяць «хлопцы, якія служылі ва ўнутраных войсках» з досведам службы 3–5 гадоў, якія маюць чырвоныя берэты.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

 

Стужка навінаў