Кіраўнік МУС Беларусі Іван Кубракоў сустрэўся з вагнэраўцамі


Міністр унутраных спраў Беларусі Іван Кубракоў сустрэўся з наймітамі ПВК Вагнэра, якія цяпер знаходзяцца на тэрыторыі нашай краіны. Аб гэтым 24 ліпеня паведаміла прэс-служба ведамства.

Іван Кубракоў.
Фота: mlyn.by

Сустрэча міністра і вагнэраўцаў прайшла ў навучальным цэнтры ўнутраных войскаў МУС. У мерапрыемстве таксама прынялі ўдзел кіраўнікі і супрацоўнікі спецпадраздзяленняў.

«На парадак дня былі вынесены пытанні ўзаемадзеяння з прыватнай ваеннай кампаніяй і навучання нашых байцоў яе інструктарамі. Бакі выпрацавалі дакладны план дзеянняў, абмяняліся думкамі аб выкарыстанні некаторых відаў абсталявання», – паведамілі ў прэс-службе МУС.

Паводле слоў Кубракова, практычны вопыт прадстаўнікоў ПВК Вагнэра, які пераймаюць беларускія вайскоўцы, мае вялікае значэнне для гарантавання бяспекі і правапарадку ў Беларусі.

На мінулым тыдні Міністэрства абароны Беларусі паведамляла, што беларускія вайскоўцы праводзяць трэнаванні разам з байцамі ПВК Вагнэра на палігоне «Берасцейскі» каля польскай мяжы.

Нагадаем, што 19 ліпеня ў Беларусь прыехала шостая калона вагнэраўцаў, у складзе якой было каля 100-120 машын. З некаторых ацэнак, цяпер у Беларусі могуць быць ужо каля 3,5 тысячы байцоў ПВК Вагнэра. У Галоўным упраўленні выведкі Украіны мяркуюць, што асноўная функцыя, якую будуць выконваць вагнэраўцы ў Беларусі, якраз і будзе зводзіцца да правядзення інструктажу беларускіх вайскоўцаў, а таксама застрашвання суседніх краінаў NATO.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў