«Гэта як брат пайшоў на брата». Удава вагнэраўца распавяла пра жыццё і смерць мужа на вайне


Як жывуць і як гінуць чальцы ПВК Вагнэра, што кіруе імі, калі яны ідуць на вайну, як ставяцца да іх рашэння стаць наймітам родныя і як яны рэагуюць на смерць блізкага чалавека. Пра гэта мы паразмаўлялі з ўдавой вагнэраўца, 26-гадовай Уладай Дубровінай. 

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Баец Групы Вагнэра нясе варту ля штабу Паўднёвай вайсковай акругі ў Растове-на-Доне, Расея. 24 чэрвеня 2023 года.
Фота: Stringer / Reuters / Forum

«Псіхануў», бо «накінулі» два гады ў калоніі, і вырашыў пайсці ў ПВК Вагнэра

Улада Дубровіна ды Ігар Фралоў сустракаліся з 2019 года. Улада – з Данецку, Ігар – з Феадосіі. Абое маюць расейскае грамадзянства, пазнаёміліся і жылі ў Ялце.

«Жыць з ім было цяжкавата, бо ён чалавек, які, так сказаць, любіў адпачываць», – апавядае Улада.

Яна не ведала, што Ігар у год пачатку іхных стасункаў здзейсніў некалькі злачынстваў, за якія быў пазней асуджаны.

У лютым 2019 года Ігар Фралоў у Сімферопалі разам са сваім падзельнікам залез на тэрыторыю калоніі ды там заклаў марыхуану, а таксама пакінуў два тэлефоны. За што пазней атрымае 6 гадоў і 9 месяцаў пазбаўлення волі паводле п. 1 ч. 3 арт. 228 КК РФ («Незаконнае набыццё, захоўванне і распаўсюд наркатычных сродкаў»). У ліпені таго ж года ў Ялце ў стане алкагольнага ап’янення «разам з чарговаю сяброўкаю» скраў заплечнік і скарыстаўся грашыма ды тэлефонам, якія ў ім былі. За гэты эпізод Ігар атрымаў 2 гады калоніі паводле арт. 158 («Крадзеж») і арт. 159 («Махлярства») КК РФ.

29 студзеня 2020 года, калі Ігар быў у СІЗА, яны з Уладай пабраліся шлюбам. Пасля вынясення прысуду мужчыну этапавалі ў папраўчую калонію № 16 у Тальяці.

«Праз два гады ў калоніі даведаўся, што яму накінулі яшчэ два гады да тэрміну. Відаць, пасля гэтага псіхануў і ўвосень 2022 года вырашыў ісці на кантракт у ПВК Вагнэра», – адзначае Улада.

«Калі б я ведала пра намер мужа, адгаварыла б. Я б ворагу не пажадала трапіць туды»

Пра рашэнне мужа ісці на вайну Улада даведалася не адразу. Напярэдадні сужэнцы пасварыліся.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Білборд з выяваю расейскіх вайскоўцаў і рэкламаю ПВК Вагнэра з надпісам «Далучайся да каманды пераможцаў». Санкт-Пецярбург, Расея. 22 траўня 2023 года.
Фота: Artem Priakhin / Zuma Press / Forum

«Нагода была побытавая, не звязаная з «Вагнэрам». Рэч у тым, што я ў Ялце здымаю кватэру, аплочваю ўсё сама і не магла дасылаць Ігару грошы ў калонію. Яму гэта не спадабалася. Ён увесь час ціснуў, што яму няма чаго есці, апрануць і гэтак далей, – прыгадвае ўдава. – Потым знайшоў сабе жанчыну. Я яго даўно ведала і заплюшчвала на гэта вочы. І вось тая жанчына паведаміла мне, што Ігар далучыўся да ПВК Вагнэра, пайшоў на фронт і загінуў там. Яна яго і падштурхнула туды пайсці».

Паводле Улады, апошні раз Ігар выходзіў на сувязь 7 верасня 2022-га, пасля чаго знік. У пасведчанні аб смерці пазначана, што ён загінуў 9 лістапада 2022 года ў Арцёмаўску (Бахмут), ДНР.

Улада не ўхваляе рашэння мужа пайсці ваяваць:

«Я не ведала пра ягоны намер. Калі б ведала, то паспрабавала адгаварыць яго, бо я катэгарычна супраць усяго, што адбываецца. Я з Данецку, я ведаю, што гэта такое, і я б ворагу такога не пажадала – трапіць туды».

Удава не можа атрымаць выплаты, бо не давераная асоба

Улада доўгі час спрабавала даведацца, што дакладна адбылося з ейным мужам, атрымаць пасведчанне аб смерці, звярнулася ў паліцыю. Сваякі Ігара не выходзілі на сувязь. Толькі праз некаторы час маці загінулага напісала Уладзе, што дашле ёй пасведчанне аб смерці ў абмен на пасведчанне аб шлюбе. Дзяўчына даслала і толькі 25 траўня 2023 года атрымала пасведчанне аб смерці мужа:

«У выніку я прапусціла тэрміны ў спадчыннай справе. Але цяпер мы з адвакатам вырашылі, што не будзем яе кранаць, а будзем імкнуцца атрымаць выплаты ад ПВК Вагнэра, бо я законная жонка Ігара».

Але атрымаць хоць нейкую кампенсацыю пасля смерці мужа аказалася не так проста. Улада не можа дамагчыся нават дзяржаўных выплатаў, абяцаных сем’ям загінулых ва Украіне, бо патрэбная даведка, што баец ваяваў «у зоне СВА». Такую даведку ПВК Вагнэра Уладзе не дае, бо яна не давераная асоба загінулага. Давераную асобу байцы ўпісваюць у адмысловай анкеце, калі заключаюць кантракт. Ігар упісаў некага са сваіх сваякоў, але каго дакладна, Улада не ведае:

«Я не разумею, як гэта. У анкету можна ўпісаць каго заўгодна, хоць суседа. І што тады, сусед атрымае ўсе дакументы і выплаты? А як жа закон, паводле якога сужэнцы – асобы першай чаргі, якія ў такіх выпадках маюць правы?»

Удава звярталася ў пракуратуру, але там ейнай праблемы не развязалі. Напісала ў адміністрацыю Уладзіміра Пуціна, адтуль зварот быў перакіраваны ў Міністэрства абароны – адказ яшчэ не прыйшоў. Таксама Улада звярнулася ў Федэральную службу выканання пакаранняў па Самарскай вобласці, зварот адправілі ў калонію № 16. З ФСВП адказалі, што Ігар Фралоў быў вызвалены з месцаў пазбаўлення волі, згодна з «указам прэзідэнта Расейскай Федэрацыі аб памілаванні».

«Я рабіла ўсё для мужа, а пасля ягонай смерці не атрымала нічога»

Ад ПВК Вагнэра Улада атрымала адказ, што «нормы дзейнага заканадаўства РФ і ўказы прэзідэнта, якія закранаюць правы ды абавязкі ўдзельнікаў баявых дзеянняў і мабілізаваных асобаў, якія бяруць удзел у СВА, у гэты момант на супрацоўнікаў ПВК Вагнэра не распаўсюджваюцца».

Адказ Уладзе з ПВК Вагнэра.
Фота: асабісты архіў Улады Дубровінай

«Даведку пра ўдзел у СВА вы можаце прасіць у сваякоў байца. На жаль, мы вам нічога даць не можам», – адказалі ў ПВК Вагнэра.

«Я нічога не магу дамагчыся, мне паўсюль адмаўляюць. Кажуць, што без даведкі пра ўдзел у СВА мне нічога не могуць даць. Увесь час паўтараюць, што я не давераная асоба. Я не разумею, чаму ніхто не ўлічвае, што я законная жонка. Мне крыўдна, бо я рабіла для яго ўсё. Хадзіла на ўсе судовыя паседжанні ў Сімферопалі, якіх было больш за 20, праз сваю інваліднасць дамаглася, што Ігар атрымаў меншы тэрмін. У той час як ягоныя сваякі ні разу не прыехалі, а ў выніку атрымалі ўсё, а я – нічога», – абураецца Улада.

У жанчыны – трэцяя група інваліднасці з дзяцінства, бо перанесла востры лейкоз крыві. Група дзейная да 2024 года, ужо ў верасні пачнецца чарговая камісія. Улада ўжо перанесла адну аперацыю праз ускладненні пасля лячэння, імаверна, спатрэбіцца яшчэ адна:

«Я не атрымалі нічога: ні абяцанага зямельнага ўчастку ў Крыме, ні мільёна рублёў, які дзеліцца паміж спадкаемцамі, ні 200 тысячаў ад Міністэрства абароны. Не кажу ўжо пра 5 мільёнаў, якія атрымалі бацькі Ігара. І я не адна трапіла ў такую сітуацыю. Я зрабіла выснову, што дзяржаве проста пляваць на нас, бо ў гэтай сітуацыі парушаюцца мае правы як асобы з першай спадчыннай чаргі».

«Вас тысячы, мы не можам усіх абслужыць»

25 ліпеня Улада тэлефанавала на гарачую лінію ПВК Вагнэра, дзе ёй адказалі, што пазней ператэлефануюць. Але прайшоў тыдзень, ніхто не патэлефанаваў.

«Я сама ператэлефанавала і пачула: вас тысячы, мы не можам усіх абслужыць», – кажа ўдава.

Улада паўтарае, што ніколі б сама не адпусціла мужа на вайну. Яна з 2014 да 2018 года жыла ў Данецку, не магла з’ехаць, бо вучылася ва ўніверсітэце. Цяпер кожныя 2-3 месяцы ездзіць у родны горад да старэнькай бабулі:

«Я бачу, што там адбываецца, і разумею, што гэта такое. Таму, калі б я ведала пра намер мужа, я б адгаварыла яго, бо гэта самагубства. Я крайне негатыўна стаўлюся да ўсяго, што адбываецца. Я не ведаю, як правільна сказаць. Мне страшна, што такое робіцца. Гэта як брат пайшоў на брата, гэта ж людзі, звязаныя адною крывёй. Я не разумею, навошта гэта ўсё».

На сёння Улада нават не ведае, дзе пахаваны ейны муж. Апошні год жыве на антыдэпрэсантах і спадзяецца, што даможацца справядлівасці ды атрымае абяцаныя дзяржаваю выплаты.

Якія выплаты атрымліваюць сем’і загінулых на вайне расейскіх вайскоўцаў

14 снежня 2022 года ў Крыме прынялі закон аб бескаштоўнай перадачы зямельных участкаў «ветэранам і інвалідам СВА», а таксама іхным сем’ям. Атрымаць участак магчыма, калі баец жыў у Крыме да 24 лютага 2022 года. Сямейнікі загінулага могуць прэтэндаваць на ўчастак паводле чаргі: сужэнец, дзеці, бацькі. Каб распачаць афармленне ўчастку ва ўласнасць, трэба сабраць пакет дакументаў, у якім, сярод іншага – даведка, якая пацвярджае ўдзел у СВА.

Акрамя таго, сем’і расейскіх вайскоўцаў, якія загінулі ва Украіне, атрымліваюць разавыя выплаты памерам 5 мільёнаў рублёў. Ёсць і іншыя разавыя ды штомесячныя выплаты. Ува ўсіх выпадках, паводле заканадаўства, першачарговае права на атрыманне кампенсацыяў маюць жонка і няпоўнагадовыя дзеці, і толькі потым – бацькі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Труна вагнэраўца, забітага ва Украіне, разам са сцягамі Расеі і ПВК Вагнэра падчас пахавання на Алеі герояў на могілках у Санкт-Пецярбурзе, Расея. 24 снежня 2022 года.
Фота: Igor Russak / Reuters / Forum

Аднак з байцамі ПВК Вагнэра ёсць нюансы. Рэч у тым, што дзейнасць прыватных вайсковых кампаніяў у Расеі не рэгулюецца заканадаўствам, ужо шмат гадоў яны ў «шэрай зоне». Байцы ПВК у дакументах праходзяць як спецыялісты розных цывільных прафесіяў. Аднак у іхных кантрактах прапісаная страхоўка: байцы ПВК атрымліваюць выплаты пры атрыманні траўмаў, а іхныя сем’і – у выпадку гібелі наймітаў. Праект радыё «Свабода» «Север. Реалии» апавядаў, што ў выпадку смерці байца сям’я атрымлівае 5 мільёнаў рублёў, як і сваякі вайскоўцаў расейскай арміі. Акрамя таго, на пахаванне выплочваюць 100 тысячаў рублёў. Грошы перадаюцца наяўнымі, прадстаўнікі ПВК Вагнэра, якіх называюць куратарамі, просяць не класці іх на рахунак.

У той жа час у красавіку 2023 года Дзяржаўная дума РФ прыняла закон аб залічэнні байцоў ПВК Вагнэра, якія ваююць на тэрыторыі Украіны пасля 24 лютага 2022 года, да ветэранаў ды інвалідаў баявых дзеянняў.

Да мяцяжу Прыгожына 24 чэрвеня 2023 года меркавалася, што 1 ліпеня ПВК Вагнэра спыніць сваё існаванне, а байцам прапаноўвалі падпісаць кантракт з Міністэрствам абароны Расеі. Цяпер, паводле нашай суразмоўцы, супраца паміж ПВК і Міністэрствам абароны павінна было распачацца 1 жніўня: гэтак Уладзе сказалі ў службе сацыяльнай абароны, аднак дакладнай інфармацыі на гэты конт няма.

ПВК Вагнэра вербавала вязняў на вайну з Украінаю з лета 2022 да лютага 2023 года. Кіраўнік ПВК Яўгеній Прыгожын сам не раз прыязджаў у калоніі ды агітаваў падпісваць кантракт і ехаць на фронт. Тым, хто пагаджаўся, абяцалі памілаванне і вызваленне. У пачатку лютага 2023 года Прыгожын абвясціў, што ПВК больш не вярбуе вязняў.

Улада далёка не адзіная, хто апынуўся ў такой сітуацыі. У Telegram ёсць чат, дзе камунікуюць сваякі загінулы вагнэраўцаў, ён налічвае больш за 12 тысяч удзельнікаў. У чаце – сотні паведамленняў, як жонкі, бацькі ды іншыя сваякі загінулых вагнэраўцаў не могуць атрымаць патрэбных дакументаў і абяцаных кампенсацыяў ды выплатаў. Таксама ўдзельнікі выказваюць незадаволенасць тым, што некалі ПВК Вагнэра ўвогуле пачаў вербаваць у месцах зняволення: гэтак іх наўмысна адправілі на гібель.

Здымак з чату сваякоў загінулых вагнэраўцаў. Крыніца: t.me/zkvagner
Здымак з чату сваякоў загінулых вагнэраўцаў. Крыніца: t.me/zkvagner
Здымак з чату сваякоў загінулых вагнэраўцаў. Крыніца: t.me/zkvagner

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў