Дзе цяпер знаходзяцца вагнэраўцы пасля мяцяжу Прыгожына?


Адзін з тэлеграм-каналаў, які звязаны з ПВК Вагнэра, распавёў, што цяпер адбываецца з наймітамі пасля мяцяжу Яўгена Прыгожына.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Сумесныя вучэнні інструктараў ПВК Вагнэра і беларускіх вайскоўцаў.
Фота: Министерство обороны Республики Беларусь / Telegram

Паводле інфармацыі тэлеграм-каналу «GreyZone» у новым пункце часовай дыслакацыі ў Беларусі зараз знаходзіцца каля 7000 чалавек з ПВК Вагнэра.

Таксама паведамляецца, што на дадзены момант каля 12 тысяч байцоў ПВК Вагнэра знаходзіцца ў адпачынку, «бо была праведзена максімальна цяжкая праца».

«Многія з іх не былі ў ім [адпачынку] больш за год, а некаторыя і зусім без адпачынку прыляцелі вясной 2022 года наўпрост са сваіх камандзіровак у Афрыцы, пасля чаго працягнулі ваяваць ужо ў рамках баявых дзеянняў на Украіне», – гаворыцца ў паведамленні.

У Афрыку, з улікам нядаўніх ратацыяў асабовага складу, было дадаткова перакінута 1500 наймітаў.

Каментар
«Марш на Беласток ці Вільню немагчымы». Эксперт не чакае наступу вагнэраўцаў з тэрыторыі Беларусі
2023.08.02 14:51

У канцы ліпеня кіраўнік ПВК Вагнэра Яўген Прыгожын у каментары тэлеграм-каналу «GREY ZONE» паведамляў, што цэнтры па наборы ПВК Вагнэра зачыненыя на нявызначаны час і новы набор не вядзецца, група працягвае дзейнасць у Беларусі і Афрыцы, а большая частка наймітаў знаходзіцца ў адпачынку. Прыгожын таксама паведамляў, што ніякіх абмежаванняў для пераходу наймітаў у сілавыя структуры Расейскай Федэрацыі няма, аднак перайсці пагадзіліся нямногія.

Раней, у адным з тэлеграм-каналаў, блізкіх да ПВК Вагнэра, сцвярджалася, што ў Беларусь плануюць прыбыць да 10 тысяч наймітаў. Аднак паводле ацэнак «Беларускага Гаюна», у Беларусі цяпер можа знаходзіцца каля 4000 баевікоў Групы Вагнэра.

Міністэрства абароны Беларусі паведамляла ў сваім тэлеграм-канале, што беларускія вайскоўцы трэнуюцца разам з байцамі ПВК Вагнэра на палігоне Берасцейскі, што ўсяго за некалькі кіламетраў ад мяжы з Польшчай і недалёка ад украінскай мяжы. У Галоўным упраўленні выведкі Украіны мяркуюць, што асноўная функцыя, якую будуць выконваць вагнэраўцы ў Беларусі, якраз і будзе зводзіцца да правядзення інструктажу беларускіх вайскоўцаў, а таксама застрашвання суседніх краінаў NATO.

Аналітыка
«Мясныя штурмы» і афрыканскія жахі. Чаму найміты ПВК Вагнэра могуць навучыць беларускіх сілавікоў
2023.07.26 08:00

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў