«Хвілін 30 матам размаўляў», – Лукашэнка распавёў, як нібыта мірыў Прыгожына з Пуціным


Аляксандр Лукашэнка днём 27 чэрвеня выступіў перад кіраўнікамі сілавых ведамстваў і расказаў, што ў час мяцяжу Прыгожына рыхтаваўся бараніцца ад Захаду і каліноўцаў. Ён таксама распавёў сваю версію перамоваў з лідарам баевікоў.

Аляксандр Лукашэнка
Аляксандр Лукашэнка падчас уручэння генеральскіх пагонаў найвышэйшаму афіцэрскаму складу. Менск, Беларусь. 27 чэрвеня 2023 года.
Фота: president.gov.by

Паводле расейскіх і беларускіх дзяржаўных медыяў, Аляксандр Лукашэнка ў Беларусі прытуліў Яўгенія Прыгожына – лідара баевікоў Групы Вагнэра, які 23–24 чэрвеня ўчыніў ваенны мяцеж, але развярнуў калоны на паўдарогі да Масквы, бо нібы дамовіўся з удзелам Лукашэнкі на тое, што яго выпусцяць у Беларусь.

Лукашэнка 27 чэрвеня заявіў, што Прыгожын ужо ў Беларусі, «лётае ўжо на гэтым самалёце». Калі Прыгожын захоча «нейкі час у нас перакантавацца і іншае», Лукашэнка абяцаў яму дапамагчы, але ўсё будзе за рахунак баевікоў. Ён дадаў, што гэта нібыта міністр абароны Віктар Хрэнін хоча, каб баевікі Групы Вагнэра сталі падраздзяленнем беларускай арміі, а сам ён не супраць.

Ён запэўніў, што баевікі не будуць ахоўваць расейскую ядравую зброю, значная частка якой нібыта ўжо завезеная ў Беларусь. Пуцін, паводле Лукашэнкі, аддаў яму таксама найношўы ракетны комплекс «Іскандэр» і ракеты да «Іскандэраў».

Таксама ён сказаў, што ў Беларусі не будзе лагераў і пунктаў вярбоўкі баевікоў Групы Вагнэра (у якой, па словах Лукашэнкі, адзін з кіраўнікоў – беларус Дзіма), але «хто захоча там служыць, знойдуць туды дарогу» і «калі яны захочуць, мы іх размесцім».

«Не, мы не збіраемся ні да якіх правакацыяў. Але калі б нам патрэбная была правакацыя, дык у мяне на заходнім напрамку тысячы вайскоўцаў. Толькі каманду дай – яны любую правакацыю арганізуюць. Але нам гэта не патрэбна», – сказаў Лукашэнка адносна перасцярогаў аб магчымых правакацыях з удзелам баевікоў.

Hавiны
Лукашэнка сказаў не баяцца баевікоў Групы Вагнэра – хоча скарыстацца іхным досведам
2023.06.27 16:02

Таксама Лукашэнка распавёў сваю версію падзеяў і сказаў, што «цешыцца няма чаму». Паводле цытатаў «БелТА», было так:

  • У дзень пачатку мяцяжу ў Беларусі рыхтаваліся адзначыць Дзень выпускнікоў. На першыя паведамленні аб мяцяжы ў Расеі Лукашэнка не асабліва звярнуў увагу, бо «вайна ідзе, ці мала што там адбываецца».
  • Толькі ранкам 24 чэрвеня ён расцаніў інфармацыю як трывожную. Атрымаў звесткі, што з ім хоча звязацца Пуцін. Дамовіліся стэлефанавацца ў 9:30, Пуцін набраў у 10:10.
  • «Самае небяспечнае, як я зразумеў, гэта не ў тым, якая яна была, сітуацыя, а як яна магла развівацца, і ейныя наступствы. Гэта было самае небяспечнае. Я таксама зразумеў: прынятае жорсткае рашэнне. Яно і прагучала падтэкстам у выступе Пуціна: мачыць. Я прапанаваў Пуціну не спяшацца. Давай, кажу, пагаворым з Прыгожыным, з камандзірамі ягонымі. На што ён мне сказаў: «Слухай, Саша, бессэнсоўна. Ён нават трубку не бярэ, ні з кім размаўляць не жадае».
  • Пасля гэтага Лукашэнка ўгаварыў Пуціна пачакаць, пакуль ён паразмаўляе з Прыгожыным, але Пуцін не ведаў кантактаў Прыгожына. Праз Федэральную службу бяспекі Расеі адшукаў кантакт. Прыгожын тады быў нібыта яшчэ ў захопленым ім Растове-на-Доне.
  • Размова з Пуціным трывала паўгадзіны, расказаў Лукашэнка. У нейкі момант Пуцін стаў расказваць, як ідзе напад на Украіну. Лукашэнка распавядае: «Памятаю ягоныя словы: «Ты ведаеш, а на фронце, як ні дзіўна, лепш, чым калі-небудзь было». Я кажу: «Вось бачыш, не ўсё так сумна».
  • У перамовах, паводле Лукашэнкі, разам з ім важную ролю выканалі генерал Юнус-Бек Яўкураў (ён нібыта некалі «з батальёнам зайшоў у Сербіі на аэрадром», але аб гэтым расейскія ўлады нібыта саромеюцца расказваць) і на першым этапе дырэктар ФСБ Аляксандр Бортнікаў, а больш ніхто ў перамовах не ўдзельнічаў.
  • Яўкураў зняў слухаўку аб 11-й гадзіне, перадаў яе Прыгожыну, распавядае Лукашэнка, і Прыгожын пагадзіўся размаўляць. У лідара баевікоў, паводле Лукашэнкі, была «поўная эйфарыя»: «Размаўлялі першы раунд хвілін 30 на мацернай мове. Выключна. Словаў мацерных, я потым ужо прааналізаваў, было ў 10 разоў больш, чым звычайнай лексікі. Ён, вядома, папрасіў прабачэння і пачаў мне мацернымі словамі расказваць». Прыгожын запэўніваў Лукашэнку, што на той момант «нікога не чапалі».
  • Паводле Лукашэнкі, лідар баевікоў патрабаваў: «Хай мне аддадуць Шайгу і Герасімава. І мне трэба сустрэцца з Пуціным», збіраўся ісці на Маскву. Лукашэнка распавядае, што пераконваў Прыгожына: «На паўдарогі цябе проста як клапа раздушаць. Нягледзячы на ​​тое, што войскі, мне пра гэта Пуцін доўга казаў, адцягнутыя на адпаведным фронце». Міністр абароны Расеі Сяргей Шайгу, адзначыў Лукашэнка, трапіў пад крытыку «незаслужана».
  • Лукашэнка заяўляе, што пагражаў Прыгожыну беларускімі войскамі: «Брыгада падрыхтаваная да перакідвання ў Маскву. І, як у 1941-м, ты ж кніжкі чытаеш, адукаваны, разумны чалавек, мы будзем абараняць Маскву», – пераказвае Лукашэнка нібыта сказанае Прыгожыну. Ён таксама заявіў, што казаў Пуціну, што вагнэраўцаў «замачыць можам», але прасіў перад тым падумаць, «што будзе заўтра».
  • Лукашэнка распавядае, што на другім ці трэцім раўндзе перамоваў прыгразіў Прыгожыну: «Як толькі ты знарок, незнарок заб’еш хоць аднаго чалавека, асабліва грамадзянскага, усё, ніякіх з табой перамоваў не будзе, і я з табой размаўляць не буду». Пра тое, што ад рук баевікоў загінулі 12 лётчыкаў і чальцоў экіпажаў збітых верталётаў і самалёта Узброеных сілаў Расеі, Лукашэнка не згадаў.
  • На шостым ці сёмым раўндзе перамоваў, распавядае Лукашэнка, Прыгожын пагадзіўся не патрабаваць Шайгу і Герасімава, а таксама сустрэчы з Пуціным, вырашыў параіцца з камандзірамі, і а 17-й гадзіне прыняў умовы Лукашэнкі і ягоныя гарантыі бяспекі.
  • Паводле Лукашэнкі, Прыгожын скардзіўся, што Бортнікаў не здымае слухаўку, таму яму давялося праз кіраўніка КДБ шукаць дырэктара ФСБ і прасіць зняць, калі будзе тэлефанаваць лідар баевікоў.
  • На думку Лукашэнкі, гэта баевікі, якія «толькі з фронту», кепска ўплывалі на Прыгожына, ціснулі кіраўнікі штурмавых атрадаў.
  • «У Расеі, як заўсёды, заўсёды так бывае, з’явіліся ўра-патрыёты, я ўбачыў гэтую тэндэнцыю, якія пачалі выць і крычаць, асуджаць Пуціна, патрабаваць ад яго не спыняць крымінальныя справы, лавіць, мачыць, саджаць», – адзначыў Лукашэнка.
  • Але пры тым падчас мяцяжу, як сказаў Лукашэнка, «неяк усе пад венікам сядзелі». Ён дадаў: «Матвіенка аказалася мужнай, Валодзін, Патрыярх, пара чалавек – і ўсё. А пасля бойкі рукамі мы ўмеем махаць, ох як умеем, і раіць: мачыць, мачыць і мачыць».
  • «Выснова: гэта была б вайна на два фронты, – рэзюмаваў Лукашэнка. – Гэта не Прыгожын. Прыгожын – спускавы гачок. Пачалася б гэтая смута па ўсёй Расеі. І гэта быў бы адкрыты другі фронт. І тут сапраўды, як у часы грамадзянскай вайны».
  • «Цяпер нікога не трэба саджаць, – заклікаў Лукашэнка. – Гэта я проста звяртаюся да расейцаў – ура-агітатараў і патрыётаў. Не трэба нікога зараз саджаць, не трэба нікога расстрэльваць. Трэба астыць і перагарнуць гэтую старонку».
  • Разам з тым, Лукашэнка адзначыў, што ў Расеі садзяць мала апазіцыянераў у параўнанні з Беларуссю: «У Расеі ў грамадстве пад плінтусаў сядзіць вельмі шмат. І там супраць іх яшчэ не разгарнулі працу, як мы зараз зачышчаем. Недзе вякнуў – паглядзелі, 2020-ы год, праверылі, ідзі сюды. Там яшчэ гэтага няма».

На думку Лукашэнкі, цяпер беларускія дэмакратычныя сілы лічаць, што ён «зноў перамог», а ім «труба». Іншыя ж, паводле словаў Лукашэнкі, лічаць, што яму трэба ставіць помнік, але ён помнікаў не любіць.

Абноўлена
Лукашэнка ў час мяцяжу Прыгожына рыхтаваўся бараніцца ад Захаду і каліноўцаў
2023.06.27 12:16

27 чэрвеня ў Беларусі заўважылі два самалёты Прыгожына, але дзе сам лідар баевікоў, невядома.  Расейскія Telegram-каналы заяўлялі, што ў Беларусь нібыта не толькі прыляцелі самалёты Прыгожына (здольныя несці 12 і 15 пасажыраў адпаведна), але і калоны баевікоў Групы Вагнэра. Пацверджанняў уваходу калонаў не было.

Уладзімір Пуцін тым часам двойчы цягам содняў рабіў пяціхвілінныя выступы, на якіх тлумачыў, што бяздзеянне падчас мяцяжу – усё так і было задумана. За межамі Расеі заўважылі бяздзеянне і расцанілі гэта як слабасць Расеі. У Брытаніі нават пастанавілі рыхтавацца да раптоўнага краху Расеі. Злучаныя Штаты заявілі, што ведалі пра рыхтаванне мяцяжу, але не сталі зрываць планаў баевікоў.

У 2020 годзе Лукашэнка распавядаў, што ў Беларусі затрымалі баевікоў Групы Вагнэра, якія нібыта былі засланыя, каб «дэстабілізаваць абстаноўку». Тады ён казаў, што «ідзе гібрыдная вайна супраць Беларусі». Затрыманых адпусцілі неўзабаве пасля выбараў. Заявы дзяржаўнага сакратара Савету бяспекі пра тое, што недзе ў лясах Беларусі хаваліся яшчэ 200 вагнэраўцаў, засталіся без увагі.

Hавiны
Лукашэнка падзякаваў сем’ям вайскоўцаў: мяцеж Прыгожына ўспрынялі «з разуменнем і энтузіязмам»
2023.06.27 15:38

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў