Лукашэнка ў час мяцяжу Прыгожына рыхтаваўся бараніцца ад Захаду і каліноўцаў


Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што ў час ваеннага мяцяжу ў Расеі непакоіўся, што ягоную ўладу пойдзе зрынаць полк імя Кастуся Каліноўскага. Ён не называў імя кіраўніка мяцежных баевікоў Яўгенія Прыгожына, а падзеі назваў мяцяжом толькі ўскосна: маўляў, «беглыя» таксама былі гатовыя да ўзброенага мяцяжу (а вінаваты ва ўсім Захад).

Аляксандр Лукашэнка выступае перад сілавікамі
Аляксандр Лукашэнка выступае перад сілавікамі. Менск, Беларусь. 27 чэрвеня 2023 года.
Фота: Пул первого / Telegram

Дзяржаўныя медыі анансавалі, што 27 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка раздасць генеральскія пагоны і адкажа на нейкія «тыя самыя пытанні». Анонс адбыўся на фоне навінаў аб прылёце ў Беларусь самалётаў Яўгенія Прыгожына – лідара баевікоў Групы Вагнэра, які 23–24 чэрвеня ўчыніў ваенны мяцеж, але развярнуў калоны на паўдарогі да Масквы, бо нібы дамовіўся з удзелам Лукашэнкі на тое, што яго выпусцяць у Беларусь.

Уручэнне пагонаў «у пашыраным складзе», з удзелам кіраўніцтва вайсковых і сілавых структураў, спецпадраздзяленняў, «кіраўнікоў СМІ, палітолагаў, журналістаў» (відавочна, толькі дзяржаўных) анансаваў ананімны Telegram-канал «Пул первого», які выконвае функцыі прэс-службы Лукашэнкі.

Маніторынгавая група «Беларускі Гаюн» перад тым заўважыла, што ў Беларусь прыляцелі два самалёты Прыгожына. Расейскія Telegram-каналы заяўлялі, што ў Беларусь нібыта не толькі прыляцелі самалёты Прыгожына (здольныя несці 12 і 15 пасажыраў адпаведна), але і калоны баевікоў Групы Вагнэра. Пацверджанняў уваходу калонаў не было.

Дзень раней расейскія дзяржаўныя медыі анансавалі «лёсавызначальны» выступ Уладзіміра Пуціна. Той выступаў 5 хвілінаў і ні пра што важнае не расказаў, толькі пахваліўся, што бяздзеянне падчас мяцяжу – усё так і было задумана. Але потым сабраў на нараду ўвесь сілавы блок разам з міністрам абароны Сяргеем Шайгу.

Разбор
ПВК Вагнэра. Успамінаем яе гісторыю і мэты
2023.06.26 20:00

Што казаў Лукашэнка: пакуль быў мяцеж у Расеі, ён рыхтаваўся бараніцца ад палка Каліноўскага

Трансляцыяў паседжання не вялі. Цытаты Лукашэнкі адтуль перадаюць «Пул первого» і дзяржаўная інфармацыйная кампанія БелТА. На рэдкіх фота з выступу Прыгожына не відаць, генеральскія пагоны Лукашэнка ўручыў іншым асобам.

Паводле дзяржаўных медыяў, Лукашэнка казаў:

  • «Вы ўсё чытаеце папрокі ў мой адрас: 30 гадоў я рыхтуюся да вайны. Таму мы сёння жывем пад мірным небам».
  • «Не бывае каляровых рэвалюцыяў, калі для гэтага ў краіне няма прычынаў».
  • «Мы павінны быць мацнейшымі за тую пагрозу, якая зноў навісае ценем над нашаю зямлёй. І зноў з Захаду».
  • «Не схаваю, было балюча назіраць за падзеямі, якія адбываліся на поўдні Расеі. Не толькі мне. Многія нашы грамадзяне ўспрынялі іх блізка да сэрца. Таму што Айчына адна. […] Нашая Айчына ад Берасця да Уладзівастоку – гэта зямля, свабода і нашыя народы, якія тут жывуць».
  • «Беглыя нашыя замітусіліся. Праўда, фальстарт адбыўся. Імкнуцца прадэманстраваць сваім куратарам наяўнасць хоць нейкіх вынікаў. Паспелі нават апублікаваць чарговыя заклікі і планы. Маўляў, таксама гатовыя зрэалізаваць чарговы сцэнар узброенага мяцяжу: трэба ж даваць справаздачу». [Святлана Ціханоўская і полк Каліноўскага заклікалі толькі быць гатовымі да любога сцэнара. – Заўв. «Белсату»]
  • «Наколькі ашалелі гэтак званыя каліноўцы. Іх жа на фронт загналі, ваююць. А тут пачулі: у Беларусі ледзьве не рэвалюцыя. Ірванулі адтуль, а заградатрады: «Назад, хлопцы, не своечасова». [Лукашэнка не ўдакладніў, чые заградатрады нібыта спынілі каліноўцаў. – Заўв. «Белсату»]
  • «Калі падзеі ў Расеі адбываліся, мною былі аддадзеныя ўсе распараджэнні для прывядзення войска ў поўную баявую гатовасць. Ніхто нават у гэтых смаркатых Telegram-каналах не вякнуў супраць. Ні адна сям’я, ні жонкі, ні дзеці, ні сваякі – ніхто. Армія цягам паўдня, усе Узброеныя сілы, у тым ліку і міліцыя, спецпадраздзяленні, былі прыведзеныя ў поўную баявую гатовасць». [24 чэрвеня прапаганда гэта абвяргала. – Заўв. «Белсату»]
Hавiны
Пуцін падзякаваў вайскоўцам за спыненне мяцяжу Прыгожына. Насамрэч тыя бяздзеялі
2023.06.27 15:02
  • «Нас спрабуюць увесці ў зман пра рэальныя планы і намеры калектыўнага Захаду. […] На жаль, нашыя спробы ўрэгуляваць сітуацыю шляхам мірных перамоваў там называюць «дыпламатычнай імітацыяй». Кошт гэтай «імітацыі» – сотні тысячаў чалавечых жыццяў. Сёння мы выразна бачым новую хвалю пашырэння NATO і беспрэцэдэнтнае нарошчванне патэнцыялу краінаў – чальцоў альянсу ў рэгіёне, у тым ліку ў беспасярэдняй блізкасці ад нашых межаў. Дэманстрацыя за дэманстрацыяй – дэманстрацыя сілы». [На Захадзе напраўду абмяркоўваюць пагрозы ад размяшчэння ў Беларусі расейскай ядравай зброі, але пра значнае «нарошчванне патэнцыялу» пакуль толькі гучаць заклікі. – Заўв. «Белсату»]
  • «Практычна штодня органы памежнай службы фіксуюць розныя правакацыі на дзяржаўнай мяжы ад краінаў-суседзяў: ад падкідвання трупаў да наўмысных залётаў беспілотнікаў на тэрыторыю Беларусі». [Суседнія краіны заяўляюць тым часам пра актывізацыю нелегальнай міграцыі пры падтрыманні беларускіх памежнікаў, а таксама пра смерці на беларускім баку мігрантаў, якім беларускія памежнікі не дапамагаюць. – Заўв. «Белсату»]
  • «Я сказаў: ні ў якім разе не рабіць з мяне героя – ні з мяне, ні з Пуціна, ні з Прыгожына, таму што мы сітуацыю ўпусцілі, а потым мы думалі, што рассмокчацца, а яно не рассмакталася. І сутыкнуліся два чалавекі, якія ваявалі на фронце. Няма ў гэтай справе герояў». [Лукашэнка не сказаў, хто другі ваяваў на фронце: Пуцін ці ён сам. – Заўв. «Белсату»]
  • «Мая пазіцыя: калі абрынецца Расея, мы застанемся пад абломкамі, усё загінем. […] Самае страшнае, што калі б пайшла смута, на Захадзе імгненна з гэтага б скарысталіся».
  • «Пагроза новага глабальнага канфлікту ніколі не была такая блізкая, як сёння. Нашую краіну, увесь наш рэгіён чарговы раз спрабуюць узарваць, дэзарыентаваць людзей. Любымі спосабамі разгайдаць сітуацыю і пад гэты шумок насадзіць свае правілы, усталяваць свой парадак. Парадак, пры якім ужо не будзе ні нашых краінаў, ні народаў». [Хто такога хоча, Лукашэнка не сказаў, але да таго ў выступе пагрозаю быў абстрактны «калектыўны Захад». – Заўв. «Белсату»]

Пазней на сустрэчы з міністрам абароны Лукашэнка асобна падзякаваў сем’ям, жонкам і дзецям беларускіх вайскоўцаў. Сказаў: «Я асабліва гэта адсочваў: аніводная жонка, аніводная сям’я не бухцела, не плакалася. З разуменнем гэта ўспрынялі. І нават з нейкім энтузіязмам». Таксама ён прасіў не баяцца баевікоў Групы Вагнэра – іхным досведам можна скарыстацца.

Hавiны
«Хвілін 30 матам размаўляў», – Лукашэнка распавёў, як нібыта мірыў Прыгожына з Пуціным
2023.06.27 18:28

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў