Вадзім Мажэйка: Для Беларусі ў пасланні Пуціна закладзены найгоршы сцэнар


Увечары 26 чэрвеня ў медыях было анансаванае «лёсавырашальнае» выступленне Уладзіміра Пуціна. У 22:10 паводле менскага часу прэзідэнт Расейскай Федэрацыі зрабіў пяціхвілінны зварот да грамадзянаў наконт сітуацыі з ПВК Вагнэра. Але па вялікім рахунку ніякіх гучных заяваў зроблена не было, акрамя словаў падзякі расейcкім грамадзянам і вайскоўцам за вытрымку і патрыятызм. Мы вырашылі пацікавіца ў каардынатара беларускай экспертнай сеткі «Наше мнение» Вадзіма Мажэйкі, што гэта было і як трэба ўспрымаць гэты зварот у сённяшнім палітычным кантэксце.

Уладзімір Пуцін падчас выступу 26 чэрвеня 2023 года.
Фота: Kremlin.ru

Найгоршы сцэнар для Беларусі

На думку Вадзіма Мажэйкі, улада, якая лічыць, што перамагла мяцеж, мусіць драматургічна завершыць усё падобным зваротам, у якім тых, хто загінуў, назваць героямі, выказаць усім падзяку хаця б на словах, звярнуцца да змоўцаў і прапанаваць ім опцыі: або пайсці служыць паводле кантракту, або з’ехаць у Беларусь. І ў гэтым, бадай, асноўны драматургічны сэнс гэтага паслання, паколькі ў астатнім ён не нясе нічога прынцыпова арыгінальнага. Хіба акрамя навіны, што Расея разлічвае на тое, што ў Беларусь можа сысці не толькі Прыгожын, але і ягоныя найміты. Бо раней пра гэта казаў толькі прэс-сакратар прэзідэнта Расеі Дзмітрый Пяскоў і вельмі агульна, а цяпер ужо выказаўся сам Уладзімір Пуцін.

Гэта адзіны цікавы момант з усяго выступу, на думку палітычнага аглядальніка, але для Беларусі ён асноўны, бо калі гаворка вялася толькі пра Прыгожына – гэта адно, а калі пра стварэнне базы для ягонай ПВК, то гэта адзін з найгоршых сцэнароў для краіны.

Нарада з сілавікамі – працяг гісторыі

Вядома, што пасля свайго выступу Пуцін сабраў на нараду ўвесь сілавы блок разам з міністрам абароны Сяргеем Шайгу. На думку эксперта, гэта лагічны працяг выступу: бо мяцеж быццам бы скончыўся, але на самой справе гэта не так, лічыць Вадзім Мажэйка.

Нарада Уладзіміра Пуціна з сілавым блокам.
Фота: Kremlin.ru

Мы бачылі толькі першую публічную фазу, гаворыць эксперт, бо Прыгожын «застаецца там, дзе застаецца», ПВК Вагнэра застаецца такой жа, якой і была, а сам канфлікт прыватнай вайсковай кампаніі з інстытуцыйнымі сілавікамі нікуды не падзеўся. І нават калі ў Расеі прымуць закон пра ПВК або ў выпадку, калі Прыгожын легалізуецца праз беларускую юрысдыкцыю, сама сутнасць канфлікту таксама не знікне. Як нязменным застаецца і той факт, што да вагнэраўцаў звярталіся таму, што расейскае войска не здольнае эфектыўна весці вайну ва Украіне. Таму пакуль мы бачым, што ўсе прычыны канфлікту засталіся такімі ж самымі, якімі і былі. А калі ўсё засталося, кажа палітычны аглядальнік, то можа паўтарыцца і сам канфлікт або магчыма нейкае іншае яго развіццё.

«Пакуль нічога не скончана, то і нарада з сілавікамі лагічная, бо трэба рабіць разбор палётаў у Крамлі, бо для іх усё выглядае так сабе», – адзначыў эксперт.

Ці не саскочыў Лукашэнка ў апошнюю хвіліну?

Цікава, што перад выступленнем у тэлеграм-каналах ішоў маштабны анонс не толькі прамовы Пуціна, але і адказаў на пытанні ад Аляксандра Лукашэнкі. Але ў выніку мы даведаліся, што беларускі кіраўнік будзе выступаць толькі на наступны дзень. Ці не сведчыць гэта пра тое, што планавалася нейкая супольная заява, з якой Лукашэнка ў апошнюю хвіліну «саскочыў»?

На думку Вадзіма Мажэйкі, пакуль дакладна не зразумела, што хацелі абвесціць і ці збіраліся гэта рабіць наогул. Але важна адзначыць наступнае: прэс-служба Лукашэнкі і беларускія прапагандысты піярылі ролю беларускага кіраўніка як міратворца ў Расеі. Аднак пры гэтым не было ніякіх згадак пра лёс Прыгожына і тым больш наймітаў Вагнэра ў Беларусі, не было згадак пра тое, ці легалізуюць вагнэраўцаў у краіне, ці пабудуюць ім базу, ці стане Беларусь для іх транзітным хабам.

Таму, на думку Вадзіма Мажэйкі, выглядае, што ў Менску публічна яшчэ не было прынятае рашэнне, як гэта ўсё будзе выглядаць. Бо прыбыццё такой узброенай групы бунтароў нясе велізарныя рызыкі для Беларусі, і таму тут сапраўды не варта спяшацца. Нават Лукашэнку трэба нейкі час, каб зразумець, якім можа быць фармат прысутнасці вагнэраўцаў у Беларусі, пры якім беларускі кіраўнік палічыць, што рызыкі ніжэйшыя за магчымасці.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў