Дзмітрый Пяскоў: Прыгожын паедзе ў Беларусь


Прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна Дзмітрый Пяскоў абвесціў, што крымінальная справа аб ваенным мяцяжы, распачатая супраць Яўгена Прыгожына, будзе спыненая, піша RTVI.

Кіраўнік наймітаў ПВК Вагнэра Яўген Прыгожын пакідае штаб Паўднёвай вайсковай акругі на фоне вываду групоўкі з гораду Растоў-на-Доне, Расея. 24 чэрвеня 2023 года.
Фота: Alexander Ermochenko/ Reuters / Forum

Дасягнутая дамоўленасць, што ПВК Вагнэра сыдзе ў свае палявыя лагеры, а сам Прыгожын з’едзе ў Беларусь.

Пяскоў зазначыў, што Лукашэнка з Пуціным дамовіліся, што менавіта Лукашэнка будзе рабіць пасярэдніцкія высілкі дзеля ўрэгулявання сітуацыі.

«Вы напэўна запытаеце мяне, чаму менавіта Лукашэнка. Рэч у тым, што Аляксандр Грыгор’евіч даўно асабіста знаёмы з Прыгожыным, каля дваццаці гадоў, і гэта была ягоная асабістая ініцыятыўная прапанова, якая была ўзгодненая з прэзідэнтам Пуціным», – распавёў Пяскоў.

ПВК Вагнэра вернецца ў свае лагеры. Частка з іх, калі пазней захоча, падпіша кантракты з Міністэрствам абароны.

«Гэта датычыць той часткі, якая не прыняла ўдзелу ў гэтым паходзе. Насамрэч былі такія аб’яднанні, якія ад пачатку адумаліся і вярнуліся і нават папрасілі суправаджэнне ДАІ, каб вярнуцца ў месцы сваёй сталай дыслакацыі», – зазначыў прэс-сакратар Пуціна.

Увечары 24 чэрвеня, пасля таго, як увесь свет цэлы дзень сачыў за тым, як вагнэраўцы ідуць на Маскву, іхны кіраўнік Яўген Прыгожын заявіў, што ён разварочвае калоны, каб не пралілася кроў. Паралельна прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі заявіла, што ён правёў перамовы з Прыгожыным і той пагадзіўся спыніць войскі. Вагнэраўцы пачалі рыхтавацца да сыходу з Растова, а Пуцін падзякаваў Лукашэнку за зробленую працу.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў