У Нямеччыне легалізавалі марыхуану. Удома можна будзе захоўваць да 50 грамаў


У Нямеччыне 1 красавіка набудзе моц закон аб легалізацыі марыхуаны. «Спадзяюся, што гэта пачатак канца чорнага рынку», – заявіў кіраўнік Мінздароўя краіны. Пры сабе можна будзе мець да 25 грамаў каноплі, а ўдома – да 50 грамаў.

Каноплі.
Фото: pixabay.com

«Калі ласка, выкарыстоўвайце гэтую новую магчымасць адказна і дапамажыце абараніць дзяцей і падлеткаў», – заклікаў міністр аховы здароўя Карл Лаўтэрбах.

Закон, што легалізуе марыхуану, набудзе моц 1 красавіка. З таго дня ў Нямеччыне асобам, старэйшым за 18 гадоў, можна будзе:

  • Мець пры сабе да 25 грамаў марыхуаны для ўласнага ўжывання;
  • Ужываць канабіс у грамадскіх месцах, калі побач няма дзяцей або спартыўных установаў і школаў. У пешаходных зонах гэта забаронена рабіць з 7:00 да 20:00;
  • Захоўваць удома да 50 грамаў марыхуаны;
  • Вырошчваць да трох раслін каноплі.

Калі з марыхуанай зловяць няпоўнагадовага, яго накіруюць на абавязковую праграму антынаркатычнай прафілактыкі.

Hавiны
На беларускай мяжы затрымалі ізраільцяніна за паўграма марыхуаны
2023.09.22 22:29

Выданне «Politico» адзначае, што канчаткова ўхвалены закон прадугледжвае амністыю асуджаным за злачынствы, звязаныя з марыхуанай, калі яна не была легалізаваная:

«Улады федэральных зямель асцерагаюцца, што іх суды будуць перагружаныя. Праз палажэнне аб амністыі дзясяткі тысячаў старых справаў, звязаных з канабісам, мусяць быць разгледжаныя ў кароткія тэрміны».

Пры гэтым распаўсюд каноплі будзе дазволены толькі праз адмысловыя некамерцыйныя клубы для культывавання расліны. У адным такім аб’яднанні можа быць да 500 асобаў. Яны змогуць даваць адно аднаму марыхуану для ўжывання – да 50 грамаў штомесяц на асобу.

Для беларускага заканадаўства – што марыхуана, што гераін: за захоўванне, пакупку, выраб і перавоз любой колькасці любога наркотыку без мэты збыту пагражае абмежаванне або пазбаўленне волі на тэрмін да 5 гадоў. Калі ў справе будзе фігураваць «незаконны абарот наркотыкаў у буйным памеры» (для марыхуаны гэта 80 грамаў), то пасадзяць на тэрмін ад 8 да 15 гадоў.

Hавiны
У Беларусі затрымалі рэкордную партыю наркотыкаў, разлічаную на ўнутраны рынак
2023.02.20 15:48

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў