Бунт Прыгожына. Чым усё абернецца для Расеі


Спроба мяцяжу, якую 23–24 чэрвеня ўчыніў кіраўнік ПВК Вагнэра Яўгеній Прыгожын, будзе мець заўважныя наступствы для Уладзіміра Пуціна і ягонага атачэння. Паводле ацэнкі шматлікіх расейскіх экспертаў і замежных палітыкаў, палітычны аўтарытэт Пуціна пахіснуўся настолькі моцна, як ніколі яшчэ не хістаўся, а ў атачэнні магчымыя значныя кадравыя змены, прадыктаваныя неабходнасцю некага прызначыць вінаватым за «дэмарш Прыгожына» і паход узброеных баевікоў на Маскву.

Вайсковая калона прыватнай групы наймітаў Вагнэра едзе трасаю М-4, якая злучае Маскву з паўднёвымі гарадамі Расеі, недалёка ад Варонежу, Расея. 24 чэрвеня 2023 года.
Фота: Stringer / Reuters / Forum

«Белсат» паглядзеў, што эксперты кажуць наконт магчымых наступстваў падзеяў 23–24 чэрвеня.

Ліберал Трудалюбаў: мяцеж Прыгожына – гэта выкрыццё Пуціна

Прыгожын і ягоная «армія» – гэта асабісты праект Пуціна, і гэты мяцеж паказвае, наколькі заганную сістэму палітычнага і вайсковага кіравання адбудаваў расейскі прэзідэнт. Такую ацэнку падзеям даў аналітык выдання «Медуза» Максім Трудалюбаў.

Трудалюбаў нагадвае, што калі б ПВК Вагнэра і сам Яўгеній Прыгожын не былі асабістым праектам Пуціна, то «не было б удзелу ПВК у афрыканскіх канфліктах, сірыйскай вайне і вайне супраць Украіны. Не было б доступу да папраўчых калоніяў. Не было б рэкламы ПВК па ўсёй Расеі, фатаграфіяў расейскіх палітыкаў з кувалдамі ў руках і закону, які забараняе дыскрэдытаваць «добраахвотнікаў».

Аднак калі раніцай 24 чэрвеня 2023 года Пуцін публічна назваў Прыгожына здраднікам, то гэты праект перастаў быць пуцінскім і з лагеру фаварытаў перайшоў у разрад тых, хто страціў міласць.

Аналітыка
Прыгожына выправілі ў Беларусь – што гэта значыць для беларусаў і Лукашэнкі?
2023.06.26 17:06

Трудалюбаў таксама падкрэслівае, што наёмнае войска з намінальным камандуючым – гэта «арганічны элемент пуцінізму». ПВК Вагнэра разам са сваім кіраўніком падпарадкоўваліся найвышэйшаму кіраўніцтву краіны, існуючы пры гэтым у шэрай зоне, па-за законам і паводле правілаў ценевай эканомікі.

«Менавіта такі падыход Пуцін лічыць вянком кіравання і эфектыўнасці. Не давяраючы нармальным дзяржаўным інстытутам і прафесійным чыноўнікам, ён на працягу ўсіх 23 гадоў ва ўладзе ствараў квазібізнэс, запісаны на ягоных сяброў і былых таварышаў са службы, і нават цэлыя квазідзяржавы накшталт ДНР і ЛНР. Гэтыя чорныя дзіры дазвалялі яму ўзбагачацца, у той жа час ад датычнасці да іх тэарэтычна можна было адхрысціцца ў любы момант», – адзначыў аналітык.

Эксперт назваў мяцеж Прыгожына звяном ланцуга паслядоўных удараў па іміджы «моцнага Пуціна», кожны з якіх прымушае задумвацца над тым, што «кароль голы». У гэтым шэрагу – беспакараны неаднаразовы ўваход Расейскага добраахвотнага корпусу ў Белгародску вобласць, праз што Пуцін страціў магчымасць казаць, што расейцам ягоная «спецаперацыя» нічым не пагражае. Да гэтага рухнуў міф аб «другой арміі свету» і яе правадырах, якія хацелі, але не здолелі «ўзяць Кіеў за тры дні».

«Прыгожынскі ўдар мацнейшы за ўсіх: цяпер зразумела, што Пуцін не здольны кантраляваць нават «сваіх» людзей, якія ў нейкі момант могуць стаць пагрозай для ўсіх астатніх», – падсумаваў Максім Трудалюбаў.

Hавiны
«Пуцін не хацеў прыніжацца». Дзяржсакратар ЗША растлумачыў перамовы Лукашэнкі з Прыгожыным
2023.06.25 23:33

 

Праўладны расейскі аналітык: мяцеж закрануў праблемы ў вайсковым кіраўніцтве РФ

26 чэрвеня расейская агенцыя «РИА Новости» са спасылкай на крыніцу ў Генеральнай пракуратуры РФ паведаміла, што крымінальная справа ў дачыненні Яўгенія Прыгожына не спыненая. Гэта можа азначаць тое, што Крэмль наўрад ці збіраецца трымацца ўгоды Лукашэнкі з Прыгожыным. Больш за тое, выглядае, што Пуцін абавязкова адпомсціць усім – і ўдзельнікам мяцяжу, і тым, хто гэты мяцеж не спыніў, а можа быць і выклікаў – вайсковаму кіраўніцтву.

Пацверджанне гэтай высновы – тое, што расейская прапаганда ўжо пачала адпрацоўваць наратыў аб праблемах у вайсковым кіраўніцтве. Так, галоўны расейскі прапагандысцкі рэсурс «РИА Новости» прывёў развагі дырэктара цэнтру вайскова-палітычных даследаванняў МГІМО Аляксея Падбярозкіна.

Hавiны
«Мы ішлі не для звяржэння ўлады ў краіне». Прыгожын падвёў вынікі паходу на Маскву
2023.06.26 19:50

У прыватнасці, Падбярозкін сцвярджае, што Прыгожын «падчас ваенных дзеянняў выступіў супраць дзейнай улады, супраць кіраўніцтва, у тым ліку вайсковага, выступіў супраць сістэмы», у межах якой расейскія Мінабароны, Генштаб і галоўнакамандуючы ўяўляюць сабой адно цэлае. Аднак пры гэтым праўладны расейскі аналітык лічыць, што называць Прыгожына здраднікам – значыць спрашчаць сутнасць таго, што адбылося. Падбярозкін публічна падкрэсліў, што ў дзеяннях расейскага вайсковага кіраўніцтва ёсць відавочныя недахопы:

«Прыгожын закрануў вельмі балючыя пытанні, на якія мы да гэтага часу не атрымалі канчатковага адказу, – аб кіраванні Мінабароны, аб той карупцыі, якая там ёсць, аб тых правальных падзеях, якія адбыліся, асабліва на першым этапе СВА. Гэта ўсё не найлепшым чынам характарызуе Мінабароны», – сказаў Падбярозкін.

Hавiны
«Слабасць Расеі відавочная». Зяленскі, Маравецкі і Ціханоўская пра вынікі мяцяжу Прыгожына
2023.06.26 10:00

Заходнія палітыкі: у Расеі абвастрылася барацьба за ўладу

Пра абвастрэнне барацьбы за ўладу ў Крамлі выказаліся адразу і некалькі замежных палітыкаў. Так, генеральны сакратара NATO Енс Стольтэнбэрг падчас візіту ў Вільню 26 чэрвеня заявіў аб тым, што спроба вайсковага мяцяжу сведчыць пра «вялікую стратэгічную памылку» Пуціна, які незаконна анексаваў Крым і развязаў поўнамаштабную вайну супраць Украіны.

У гэты ж дзень кіраўнік дыпламатыі Еўразвязу Жузэп Бурэль заявіў, што хуткаплынны мяцеж ПВК Вагнэра сведчыць аб тым, што ўварванне ва Украіну абярнулася для Расеі расколінамі ў яе вайсковай моцы і палітычнай сістэме. Ён таксама назваў мяцеж падставай узмацніць падтрыманне Украіны.

Міністарка замежных справа Нямеччыны Аналена Бэрбак на сустрэчы ў Люксембургу 26 чэрвеня зазначыла, што ў Расеі адбываецца барацьба за ўладу, і мяцеж кіраўніка ПВК Вагнэра  – «толькі адзін з актаў у гэтым спектаклі».

Паводле выдання «The Times», у Вялікай Брытаніі пасля мяцяжу ў РФ плануюць рыхтавацца да верагоднага распаду Расеі, каб геапалітычныя змены не сталі нечаканымі для брытанцаў.

Што адбылося

Як паведамлялася, Яўгеній Прыгожын разам з частках створанай ім ПВК Вагнэра 23 чэрвеня абʼявіў паход на Маскву, каб «атрымаць» міністра абароны РФ Сяргея Шайгу і начальніка Генштабу РФ Валерыя Герасімава, якіх абвінаваціў у няўдачах расейскіх войскаў ва Украіне і «знішчэнні расейскіх салдатаў». Лідар намітаў заявіў, што УС Расеі нібыта нанеслі ўдар па тылавых лагерах групоўкі. Ён прыгразіў ужыць сілу і знішчыць усіх, хто стане на шляху байцоў Вагнэра. Тады ж Міністэрства абароны Расеі зняпраўдзіла інфармацыю заснавальніка ПВК аб нанясенні ўдару. Там назвалі гэтыя заявы інфармацыйнай правакацыяй.

Тым часам некалькі тысяч вагнэраўцаў са стралковай зброяй і цяжкім узбраеннем, у тым ліку БТР, танкамі і самаходнымі гаўбіцамі ўзялі пад кантроль Растоў-на-Доне і штаб Паўднёвай вайсковай акругі, і калоны рушылі на Маскву, нідзе не сутыкаючыся з супрацівам.

24 чэрвеня, не дайшоўшы да расейскай сталіцы 200 км, Яўген Прыгожын раптам заявіў, што спыняе марш, «каб пазбегчы кровапраліцця», і яго падначаленыя вернуцца ў трэнавальныя лагеры. У той жа час прэсавая служба Аляксандра Лукашэнкі распаўсюдзіла заяву аб тым, што гэта менавіта беларускі палітык дамовіўся з кіраўніком прыватнай вайсковай кампаніі аб спыненні, так бы мовіць ,наступу на Маскву пад гарантыі для кіраўніка вагнэраўцаў і ягоных байцоў.

Вядома, што ахвярамі вагнэраўцаў сталі прынамсі 13 расейскіх вайсковых лётчыкаў, якія былі забітыя яшчэ на пачатку мяцяжу.

Важна, што на пачатку мяцяжу Уладзімір Пуцін назваў дзеянні Яўгенія Прыгожына здрадніцтвам, а следчае ўпраўленне ФСБ распачало супраць кіраўніка вагнэраўцаў крымінальную справу аб арганізацыі ўзброенага мяцяжу. Потым, калі нібыта былі дасягнуты нейкія дамоўленасці паміж Прыгожыным і Лукашэнкам, прэсавы сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў паведаміў, што Прыгожын паедзе ў Беларусь, а крымінальная справа супраць яго будзе спыненая.

Актыўная фаза мяцяжу доўжылася менш за содні.

Разбор
ПВК Вагнэра. Успамінаем яе гісторыю і мэты
2023.06.26 20:00

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў