Прыгожына выправілі ў Беларусь – што гэта значыць для беларусаў і Лукашэнкі?


Мяцеж лідара баевікоў групы Вагнэра Яўгенія Прыгожына пачаўся вечарам 23 чэрвеня і скончыўся вечарам наступнага дня разваротам баевікоў на паўдарогі да Масквы і анонсам пераезду Прыгожына ў Беларусь. Што атрымае Беларусь з усёй гэтай гісторыі?

Яўгеній Прыгожын і Аляксандр Лукашэнка
Яўгеній Прыгожын і Аляксандр Лукашэнка. Калаж з фота: Пресс-служба Пригожина / Telegram; president.gov.by

На момант публікацыі невядома, дзе сапраўды цяпер Яўгеній Прыгожын і колькі баевікоў з ім засталося, а колькі вярнулася ваяваць ва Украіну. Невядома таксама, якія планы на Прыгожына і ягоных баевікоў мае дзейная ўлада Беларусі. У сацсетках з сітуацыі кпяць, нават самі баевікі групы Вагнэра жартуюць пра свята «картофельный спас». Але эксперты настроеныя скептычна.

Прыгожыну ў Беларусі небяспечна

Каардынатар беларускай экспертнай сеткі «Наше мнение» Вадзім Мажэйка ў перадачы «Вот Так» на «Белсаце» расказваў, што Уладзіміру Пуціну не спатрэбіцца дазволу Аляксандра Лукашэнкі на ліквідацыю Прыгожына ў Беларусі – таксама як не быў патрэбны дазвол брытанскай каралевы, каб атруціць у Солсбэры перабежчыка Сяргея Скрыпаля.

На месцы Прыгожына Мажэйка не чакаў бы, што Пуцін прабачыць спробу вайсковага перавароту, тым больш не стаў бы спадзявацца на абарону Беларусі. Абараніць Прыгожына змогуць хіба вагнэраўцы, калі тыя з ім засталіся.

«Для Прыгожына Беларусь пакуль не выглядае супербяспечным варыянтам. Іншая рэч, што не зусім зразумела, якія ў яго лепшыя альтэрнатывы», – разважае Мажэйка.

Прыгожын можа паспрабаваць са сваімі войскамі, хай сабе і без тэхнікі, праз Беларусь перабрацца ў Афрыку, дзе баевікі Прыгожына шмат за каго і супраць каго ваявалі, а ў Прыгожына застаўся бізнес.

Палітычны аналітык Арцём Шрайбман у выданні «Зеркало» піша, што роля Лукашэнкі ў перамовах з Прыгожыным была, імаверна, тэхнічнай, а ў расейскіх медыях кажуць пра губернатара Тульскай вобласці Аляксея Дзюміна як пра галоўнага медыятара. Але Лукашэнка выйдзе з сітуацыі пераможцам прынамсі ў кароткай перспектыве.

Прыгожыну ў Беларусі «няма чаго рабіць», зазначае Шрайбман: «Прыедзе, выдыхне, скарыстаецца калідорам і паедзе далей». Але лёс лукашэнкаўскага рэжыму агулам вызначыць траекторыя развіцця расейскага рэжыму, які «атрымаў самы сур’ёзны палітычны ўдар» і паказаў ступень сваёй хісткасці.

Беларускі журналіст і аналітык украінскага Цэнтру стратэгічных камунікацыяў Зміцер Галко разважае на Facebook, што Лукашэнка ў гэтай гісторыі мог з’явіцца або ад таго, што Пуцін не захацеў размаўляць з Прыгожыным асабіста, або ад таго, што Прыгожын не верыў Пуціну і патрабаваў гарантыяў ад «кагосьці з іншых прэзідэнтаў». Так ці іначай, мяркуе Галко, Лукашэнка застаўся «прамакашкай», «апушчанай на ўзровень Прыгожына». Максімум выгады – Лукашэнка можа пачаць з Прыгожыным нейкія супольныя праекты ў Афрыцы, дзе даўно «муціць» праз Віктара Шэймана.

Hавiны
«Пуцін не хацеў прыніжацца». Дзяржсакратар ЗША растлумачыў перамовы Лукашэнкі з Прыгожыным
2023.06.25 23:33

Мо Лукашэнка і Прыгожын паразумеюцца?

Палітычны аглядальнік праекту @pozirkonline Аляксандр Класкоўскі ў каментары «Белсату» кажа, што Лукашэнку ў залагоджванні канфлікту скарысталі як тэхнічную фігуру. Каб неяк выйсці з сітуацыі, Прыгожына «спіхнулі на Лукашэнку» – «не царская гэта праца», каб гарантыі бяспекі Прыгожыну даваў сам Пуцін, а выйшла, што гарантыі дае нібы кіраўнік іншай дзяржавы.

Але рашэнне, падобна, часовае: на момант публікацыі ў Расеі яшчэ не была закрытая крымінальная справа супраць Прыгожына, таксама невядома, дзе сам Прыгожын цяпер.

«У кожным разе, ягоны прыезд у Беларусь ні Беларусі, ні нават Лукашэнку не абяцае нічога добрага, – падкрэслівае Класкоўскі. – Наўрад ці ў Беларусь прыедуць 25 тысяч ягоных байцоў, гэта і тэхнічна немагчыма, і ёсць паведамленні, што іх назад на ўкраінскі фронт адпраўляюць, бо патрэбная гэтая сіла там, у вайне з Украінай.

Але нават калі невялікай групкай людзей з крымінальным мінулым, людзей са сваімі, так бы мовіць, звычкамі, яны прыедуць у Беларусь, то напэўна Прыгожын – мы ж бачым, што гэта чалавек са сваім норавам – паспрабуе тут нейкія свае законы ўсталёўваць».

Класкоўскі ўяўляе, што Прыгожын як «бізнесовец» можа пачаць «адціскаць» сабе нейкія беларускія прадпрыемствы ці цэлыя галіны. Але Лукашэнка можа пабачыць у Прыгожыне бізнес-партнёра, каб, напрыклад, здабываць золата ў Афрыцы. Але Прыгожын непрадказальны, і можа стаць «вялікім галаўным болем» Лукашэнкі.

Каментар
Эксперт: Прыгожын едзе ў Беларусь ствараць адпаведнік Вагнэра для Лукашэнкі
2023.06.25 22:07

Лукашэнка прайграў ці выйграў?

Пакуль Лукашэнка атрымаў «піяраўскія дывідэнды»: яшчэ нядаўна пра яго казалі як пра васала Расеі і марыянетку Пуціна, а выйшла, што ён «ратавальнік расейскага цара», кажа Класкоўскі. Але Лукашэнка, зазначае ён, «халіф на момант»: яму ўсё яшчэ патрэбныя расейскія нафта і газ, крэдыты і рынак, расейскія войскі для абароны свайго рэжыму.

«Выглядаць залежным ад беларускага васала – гэта прыніжальна для Пуціна, – канстатуе Класкоўскі. – Ведаючы ягоную псіхалогію, ён неяк пастараецца адгуляцца найбліжэйшым часам».

У такой сітуацыі Класкоўскі не раіць Лукашэнку марыць, што таму «дадуць у рукі ядравую зброю», а раіць чакаць, што «пакажуць месца». Пасля выбараў-2020 Лукашэнка быў вымушаны «з вантробамі здаць Беларусь Крамлю», але і раней казаў, і цяпер мусіць разумець, што Расея як імперыя хоча паглынуць Беларусь.

«Стратэгічна ён ужо прагуляў, і нічога гэтая сітуацыя з Прыгожыным не мяняе, – кажа Класкоўскі пра Лукашэнку. – Наадварот, той самы Прыгожын з ягонымі наймітамі можа быць яшчэ дадатковым крукам, што будзе трымаць Лукашэнку на прывязі».

Але Лукашэнка не стане «адкручваць гайкі» ў Беларусі, каб не падбадзёрыць унутраных непрыяцеляў, а ў інтэграцыі з Расеяй ён «занадта захрас», занадта ненавідзіць «беларушчыну», каб да яе развярнуцца, прагназуе Класкоўскі.  Дэмакратычныя ж сілы, у тым ліку каманда Святланы Ціханоўскай, паказалі, што могуць хутка скаардынавацца і прымаць рашэнні.

Аналітыка
Прыгожын – авантурыст, палітычны ледакол ці новы Мусаліні? У чым сэнс мяцяжу вагнэраўцаў
2023.06.25 19:30

За мяжою на Лукашэнку цяпер глядзяць іначай

Палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман у сваім Telegram-канале звяртае ўвагу на рэакцыю трэціх краінаў: Украіна ўжо не выключае ўдзелу Лукашэнкі ў перамовах з Расеяй, «El Pais» бачыць Лукашэнку «арбітрам» між Захадам і Расеяй, «Financial Times» піша пра ўзмацненне палітычнага ўплыву Лукашэнкі ў Расеі, брытанскія таблоіды ўжо разважаюць пра супольныя праекты Лукашэнкі з Прыгожыным, а амерыканскія медыі задаюцца пытаннем пра ўдзел Лукашэнкі ў ліквідацыі Прыгожына… На Лукашэнку, рэзюмуе Фрыдман, «звалілася слава, пра якую ён і марыць не мог».

Лукашэнка і Пуцін
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін у Сочы, Расея. 9 чэрвеня 2023 года.
Фота: president.gov.by

Ды суседзі непакояцца. Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа заклікаў узмацніць усходнія межы NATO, бо «Беларусь – сховішча для злачынцаў». Прадстаўнік міністра – каардынатара спецслужбаў Польшчы Станіслаў Жарын дапусціў, што прыезд Прыгожына ў Беларусь можа быць не выгнаннем, а «наступнай місіяй» або супраць Украіны, або дзеля правакацыі Літвы напярэдадні саміту NATO.

Маніторынгавая група «Беларускі гаюн» тым часам абураецца «нявывучанымі ўрокамі»: Украіна дапускае ўдзел у перамовах з Расеяй чалавека, які даў тэрыторыю сваёй дзяржавы для нападу.  Заснавальнік праекту Антон Матолька спрачаецца з дырэктарам «Цэнтру новых ідэяў» Рыгорам Астапенем наконт ідэі зняць з Лукашэнкі заходнія санкцыі ў сектарах эканомікі, не звязаных з Расеяй, каб запаволіць інкарпарацыю Беларусі ў Расею.

Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) тым часам дапускае, што Лукашэнка мае нейкі ўплыў на Прыгожына і будзе шукаць у сітуацыі асабістую выгаду, напрыклад, спосабы адкласці фармалізацыю «паглыблення інтэграцыі» або ўвядзення беларускіх войскаў ва Украіну.

Hавiны
«Пачатак чагосьці новага». У Брытаніі пастанавілі рыхтавацца да раптоўнага краху Расеі
2023.06.26 13:08

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў