Сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны не выключыў удзелу Лукашэнкі ў перамовах з Расеяй


Сакратар РНБА Украіны Аляксей Данілаў не выключыў, што Лукашэнка возьме ўдзел у перамовах Кіева з Масквою. Пра гэта ён напісаў у сваім Facebook, каментуючы вынікі прыгожынскага мяцяжу.

Сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Аляксей Данілаў.
Фота: Олексій Данілов / Facebook

Сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны адзначыў, што «сапраўдная група расейскіх будучых перамоўцаў з Украінаю ўжо маецца, аднак пакуль застаецца ў ценю». «Зрэшты, не выключаны ўдзел у гэтым працэсе Лукашэнкі», – напісаў Аляксей Данілаў у сваім Facebook. Ён, праўда, не ўдакладніў, хто ўваходзіць у гэтую «сапраўдную групу расейскіх перамоўцаў».

Данілаў, каментуючы мяцеж кіраўніка ПВК Вагнэра Яўгенія Прыгожына, таксама адзначыў, што гэта – «першы этап дэмантажу пуцінскай сістэмы», а Прыгожын – «толькі частка групы і частка плану, верхавіна айсбергу працэсу дэстабілізацыі».

«У Расеі сфармавалася група незадаволеных – сілавікоў, чыноўнікаў і алігархічнага капіталу, што лічыць дзеі Пуціна смяротна небяспечнымі для ўласных інтарэсаў і свайго існавання, пагрозай для Расеі», – мяркуе сакратар РНБА Украіны.

Агляд
«Пуцін ніколі не выглядаў настолькі слабым». Як сусветныя СМІ рэагуюць на падзеі ў Расеі
2023.06.24 20:21

Данілаў упэўнены, што ў расейскага прэзідэнта засталася адзіная магчымасць выратавання: «татальная зачыстка сілавога блоку, фізічная ліквідацыя ПВК Вагнэра, дэманстрацыйнае пакаранне Прыгожына (кувалда?), абвяшчэнне ў краіне ваеннага становішча і разгортванне масавых рэпрэсіяў».

«Ці здольная выканаць гэтыя функцыі карная машына імя Золатава – Бортнікава, арыентаваная на збіццё хіпстараў, жанчын і падлеткаў, – вялікае пытанне», – напісаў Данілаў.

Ён мяркуе, што «калоны вагнэраўцаў або іншых структураў» некалі ўсё-ткі дойдуць да Краснай плошчы.

«Рэжыму Пуціна ўдар нажом у спіну нанесены, калі не імгненна смяротны, дык дакладна непазбежны, хоць і адтэрмінаваны ў часе. Усё, што можа пайсці ў Расеі не паводле плану, пойдзе не паводле плану, і «казус Прыгожына» можа запусціць, або ўжо запусціў, працэсы з непрадказальнымі наступствамі. Адлік пачаты», – падсумаваў сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны.

Паводле звестак з Менску і Масквы, мяцеж ПВК Вагнэра спыніўся дзякуючы пасярэдніцтву Лукашэнкі. Прыгожына паабяцалі не караць, ён з’едзе ў Беларусь.

Hавiны
Справаздача ISW: роля Лукашэнкі ў канфлікце з Прыгожыным прыніжальная для Пуціна
2023.06.25 11:21

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў