Медыі: Справа за мяцеж Прыгожына не спыненая. А дэпутат абяцае яму «кулю ў лоб»


На раніцу 26 чэрвеня крымінальная справа пра арганізацыю мяцяжу, галоўным фігурантам якой стаў заснавальнік ПВК Вагнэра Яўгеній Прыгожын, не спыненая і працягвае расследавацца следчым са следчага ўпраўлення ФСБ Расеі. Пра гэта паведамляе «Коммерсантъ».

Яўгеній Прыгожын.
Фота: Канстанцін Саўрыкаў / V1.RU

Справа была пачатая 23 чэрвеня. Пра яе спыненне было абвешчана пасля перамоваў Аляксандра Лукашэнкі з Яўгеніем Прыгожыным, у выніку якіх вагнэраўцы спынілі марш на Маскву, вызвалілі заняты Растоў-на-Доне і вярнуліся ў свае палявыя лагеры.

Аднак крыніца «Коммерсанта» паведамляе, што пастанова пра пачатак крымінальнай справы пакуль не адмененая, а расследаванне мяцяжу працягваецца.

Пра тое, што крымінальная справа ў дачыненні да Прыгожына не спыненая, паведамляюць са спасылкай на свае крыніцы таксама РИА Новости і BAZA.

Дэпутат патрабуе адказнасці

Тым часам дэпутат Дзяржаўнай Думы Андрэй Гурулёў заявіў RTVi, што вагнэраўцы абавязкова панясуць адказнасць за збітую авіяцыю і загінулых жаўнераў Міністэрства абароны РФ, «хто б там куды ні бег і дзе б ні быў». 

«Толькі куля ў лоб – адзінае выратаванне і для Прыгожына, і для Уткіна. Яны ведаюць, што я адказваю за кожнае сваё слова. Іншага варыянту няма», – сказаў дэпутат у іншай размове. 

Месцазнаходжанне самога Прыгожына пакуль невядомае. Аднак прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў заяўляў, што ён накіруецца ў Беларусь.

Hавiны
Дзмітрый Пяскоў: Прыгожын паедзе ў Беларусь
2023.06.25 00:00

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў