Палата прадстаўнікоў ухваліла законапраект аб амністыі


Палата прадстаўнікоў адразу ў двух чытаннях прыняла праект закона «Аб амністыі ў сувязі з 80-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў». Пра гэта паведамляе прэс-служба заканадаўчага органа.

Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.
Фота: housegovby / Telegram

Паводле папярэдніх звестак, амністыя будзе выкарыстана да 7850 асуджаных. Прапануецца вызваліць ад пакарання 2090 асобаў, ад пакарання ўмоўна на неадбытую частку пакарання – 800 асобаў, ад пакарання ў выглядзе арышту – 40 асобаў. Яшчэ 260 асуджаным заменяць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі больш мяккім пакараннем, а тэрміны пакарання 4550 асуджаных скароцяць на 1 год.

Законапраект мае некалькі асаблівасцяў, якія адрозніваюць цяперашнюю амністыю ад папярэдніх. У прыватнасці, плануецца скараціць тэрмін пакарання на адзін год шматдзетным жанчынам, асуджаным за забойства або прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання, якое пацягнула за сабой смерць (ч. 1 арт. 139 і ч. 3 арт. 147 Крымінальнага кодэксу), а таксама асуджаным па наркатычных артыкулах жанчынам і адзінокім мужчынам, якія маюць непаўналетніх дзяцей.

Як і пры мінулай амністыі, прадугледжваюцца змяншэнне тэрміну пакаранне на 1 год асобам, якія ва ўзросце да 18 гадоў ўчынілі злачынствы, звязаныя з незаконным абаротам наркотыкаў, а таксама асуджаным за карупцыйныя злачынствы.

У Палаце прадстаўнікоў падкрэсліваюць, што амністыя не будзе распаўсюджвацца на «асобаў, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасці». Нагадаем, пасля 2020 года словы «экстрэмізм» і «тэрарызм» улады выкарыстоўваюць выключна для абазначэння любых праяваў пратэставых дзейнасці і іншадумства. То бок палітычным зняволеным на амністыю разлічваць не варта. Раней міністр унутраных справаў Іван Кубракоў тлумачыў гэты тым, што беларусы, якіх пераследуюць па палітычных прычынах, «не ўсвядомілі, што здзейснілі».

Аналітыка
Амністыя 2024 года ў Беларусі. Калі яна будзе і каго па ёй вызваляць, а каго – не
2024.04.15 09:46

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў