Еўразвяз увёў забаронныя мыты на збожжа з Беларусі і Расеі


Рада Еўразвязу 30 траўня ўхваліла пастанову ўвесці падвышаныя мыты на збожжавую і алейную прадукцыю, што паходзяць з Беларусі і Расеі.

Сцяг Еўразвязу. Брусель, Бельгія. 21 чэрвеня 2022 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

У афіцыйным паведамленні зазначаецца, што пастанова Рады ЕЗ павялічвае мыты на збожжавую і алейную прадукцыю з Расеі і Беларусі да такой ступені, што практычна спыніць імпарт гэтых прадуктаў.

«Уведзеныя сёння новыя мыты скіраваныя на тое, каб практычна спыніць імпарт збожжа з Расеі і Беларусі ў ЕЗ.

Такім чынам, гэтыя захады перадухіляць дэстабілізацыю збожжавага рынку ЕЗ, спыняць расейскі экспарт незаконна прысвоенага збожжа, вырабленага на тэрыторыі Украіны, і не дазволяць Расеі выкарыстоўваць прыбыткі ад экспарту ў ЕЗ для фінансавання сваёй агрэсіўнай вайны супраць Украіны. Гэта яшчэ адзін спосаб, якім ЕЗ дэманструе ўстойлівае падтрыманне Украіны», – заявіў міністр фінансаў Бельгіі (краіна старшынюе ў ЕЗ) Вінсэнт ван Пэтэхэм.

Пастанова Рады ЕЗ павялічвае імпартныя тарыфы на збожжавыя і алейныя тавары, прадукты іх перапрацоўвання, а таксама на бурачныя жамерыны і сушаны гарох. Акрамя таго, гэтыя тавары будуць пазбаўленыя доступу да тарыфных квотаў ЕЗ.

Гэтыя захады датычаць прадукцыі, што паходзіць з Расеі і Беларусі або экспартуецца проста ці ўскосна з РФ або Беларусі ў ЕЗ.

Hавiны
Літва зацвердзіла спіс забароненай сельскагаспадарчай прадукцыі з Беларусі і РФ
2024.05.23 16:05

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў