Чаму ў Новай Баравой стаіць чарга бацькоў першакласнікаў? Рэч не ў самой школе


Ад 10 чэрвеня пад «Школай будучыні», што ў раёне Новая Баравая пад Менскам, з’явілася чарга ахвочых падаць дакументы на прыём дзяцей у першы клас. Бацькі непакояцца, што не змогуць аддаць дзяцей у перапоўненую школу, а прапагандысты згадваюць пратэсты 2020 года.

Чарга перад школай у Новай Баравой ранкам першага дня падачы дакументаў на залічэнне ў першы клас. Копішча, Беларусь. 6 чэрвеня 2023 года.
Фота: Minskij_rajonLIVE / Telegram

Сярэдняя школа № 1 вёскі Копішча, якая называе сябе «Школай будучыні», пачала прыём у першыя класы і групы падоўжанага дня 12 чэрвеня, а чарга перад школай утварылася яшчэ 10-га. На чаргу звярнулі ўвагу як незалежныя медыі, так і прапагандысты, у тым ліку скандальная «Мінская праўда».

Прапагандысты назвалі чаргу «флэшмобам», адшукалі «арганізатараў» і згадалі, што ў часе пратэстаў 2020 года Новая Баравая была асабліва актыўнай (і ўлады помсцілі мікрараёну за гэта). Пры гэтым прапагандысты не звярнулі ўвагі на тое, што чэргі ёсць і перад школамі ў іншых раёнах і гарадах – напрыклад, у суседніх Калодзішчах.

Чым гэтая школа незвычайная

У вочы можа кідацца тое, што будынак школы новы і сучасны. Гэтая школа адкрылася толькі ў 2020 годзе. Забудоўнікам была кампанія «А-100», якая будавала і модны раён Новая Баравая. Новыя і стылёвыя – і сам будынак, і спартовая пляцоўка, і кабінеты, і парты; ёсць два басейны, скейт-парк, тэнісныя корты. На прэзентацыі школы казалі, што яна каштавала 20 млн долараў.

Рэкламны ролік:

Рэальнасць:

«Апошні званок» у «Школе будучыні»
«Апошні званок» у «Школе будучыні». Копішча, Беларусь. 25 траўня 2023 года.
Фота: Stolitsa_education / Telegram

Ды насуперак таму, што пішуць некаторыя прапагандысты, гэта не прыватная і не «элітная», а дзяржаўная школа з дзяржаўнымі настаўнікамі і кіраўніцтвам. Работнікаў школы выбіраюць не бацькі і не забудоўнік. Адметна, што незадоўга да ўтварэння чаргі прапагандысты падкрэслівалі, што ў школе «вялікую ўвагу надаюць духоўна-маральнаму і вайскова-патрыятычнаму выхаванню дзяцей».

Галоўная асаблівасць школы ў іншым: яна хранічна перапоўненая, ад самага адкрыцця. Яна была разлічаная на 1020 вучняў, а ў першы ж год прыняла 1829 чалавек. У наступны год вучняў было ўжо 2118.

Чаму школа перапоўненая

Рэч у тым, што да школы прыпісаная не толькі Новая Баравая, якая фармальна не лічыцца асобным раёнам. Да школы прыпісаная і вёска Копішча, у склад якой уваходзяць як Новая Баравая, так і шматлікія гмахі «за лесам», а таксама невялікая вёска Баравая, што па іншы бок шашы на Лагойск.

У школу жадаюць трапіць як жыхары суседняга Уручча, якім гэтая школа падабаецца больш за ўласныя, так і жыхары вёскі Валяр’янава, для якіх гэтая школа геаграфічна бліжэйшая за бараўлянскую школу № 2, і нават жыхары вёскі Дроздава, якім да любой школы больш за 3 км. Але ім могуць прапанаваць хіба вольныя месцы, калі такія будуць: у школу цяпер бяруць найперш «прапісаных» у вёсках Баравая і Копішча (фармальна ў Беларусі няма савецкай прапіскі, але ёсць рэгістрацыя месца жыхарства, якую называюць старым словам).

Імаверна, забудоўнік «А-100» мог разлічваць будаўніцтва школаў у асноўным з патрэбаў Новай Баравой і не чакаў, што ўлады «ўшчыльняць» школу жыхарамі суседніх вёсак.

Схема: Новая Баравая, Копішча і школы
Схема: Новая Баравая, Копішча і школы. Выява на аснове праекту дэталёвага планавання з сайту Borovljany.by. Калаж: Белсат
Схема: Новая Баравая, Копішча і школы
Схема: Новая Баравая, Копішча і школы. Выява на аснове панарамы Новай Баравой з сайту Newbor.by. Калаж: Белсат

Пра планы будаваць школы для Валяр’янава ці «старой» Баравой не чуваць. Ды і забудоўнікі той часткі Копішча, якая не адносіцца да Новай Баравой, не спяшаюцца ўзводзіць сваю запраектаваную школу на вуліцы Міхайлашава – будаўнічая пляцоўка зарастае кустамі. Ва Уруччы ж бяруць прыярытэтна тых, хто «прапісаны» там, а не ў суседніх вёсках, і туды, як пішуць бацькі з Новай Баравой, «без прапіскі не трапіць».

«А-100» запраектаваў яшчэ некалькі школаў у Новай Баравой. Рыхтавацца да будаўніцтва школы «Арт-Парк» на 1125 вучняў на паўночным захадзе раёну ўжо пачалі, увесці ў эксплуатацыю яе плануюць да канца 2024 года.

Праект школы «Арт-парк», якую маюць дабудаваць у Новай Баравой да канца 2024 года. Выява: А-100 Девелопмент / Telegram

«Школа будучыні» наўрад ці разгрузіцца раней за 2025/26 навучальны год, дый да таго часу ў Новай Баравой можа пасяліцца яшчэ шмат бацькоў з дзецьмі-школьнікамі – раён па-ранейшаму актыўна забудоўваецца. З боку ўладаў актыўнасці ў развязанні праблемаў са школамі блізу Новай Баравой не відаць.

Чаму непакояцца бацькі

«Школа будучыні» анансавала, што набярэ 5 першых класаў на 30 вучняў (150 першакласнікаў), а таксама што мае 84 месцы ў групе падоўжанага дня. Аднак, як пісалі ў мясцовых чатах, на адпаведным сходзе былі бацькі 350 дзяцей. Дырэктарка школы, паводле чатаў, казала, што браць будуць усіх, хто зарэгістраваны ў адпаведных раёнах, але што рабіць, калі ахвочых будзе больш за 150, пакуль не ведаюць.

Бацькі непакоіліся, бо, як пісалі ў чаце, летась адміністрацыя пачала адмаўляць нават «прапісаным» у Новай Баравой, калі ў першы клас падалі больш за 200 заяваў. Лішніх 200 першакласнікаў усё ж набралі, бо, як сцвярджаюць у чаце, не змаглі паказаць адмову ў залічэнні «паводле прапіскі» – агулам узялі 400 дзяцей у першы клас, але потым да іх дадалі яшчэ і дзяцей з раптоўна закрытых уладамі прыватных школаў.

«Школа будучыні»
Праект «Школы будучыні»: на рэкламнай выяве бачна, што класы разлічвалі на 24 вучняў, а не на больш як 30. Выява: А-100 Девелопмент

Артыкул 151 Кодэксу аб адукацыі не гарантуе, што ўсім дадуць месца ў школах адпаведнага раёну. Ён дае толькі «пераважнае права» на залічэнне тым, хто жыве на тэрыторыі, за якой замацаваная школа, і нават дапускае адмову ў залічэнні праз адсутнасць вольнага месца.

Адныя бацькі былі ўпэўненыя, што ў школу возьмуць усіх дзяцей, зарэгістраваных у адпаведных вёсках, што б там ні казала дырэктарка пра 150 месцаў. Расказвалі нават, што на адпаведным сходзе абяцалі, што ў верасні будуць рабіць пакватэрны абыход і правяраць, ці жыве дзіця па месцы рэгістрацыі.

Іншыя ж захваляваліся яшчэ ў канцы траўня і пачалі шукаць адпаведныя чаты з інфармацыяй. З’яўленне чэргаў са спісамі «ў сшытачках» 10 чэрвеня было нечаканасцю для тых, хто пісаў у звычайных чатах жыхароў. Некаторыя бацькі баяліся, што ў дзень пачатку залічэння перад імі з ніадкуль з’явяцца людзі «са спісаў» – і што месца дзецям усіх жыхароў раёну не хопіць.

Адна з жыхарак Новай Баравой пагражала выклікаць міліцыю, калі ў спісах будзе больш чалавек, чым стаіць у чарзе, але пасля абурэння суседзяў з такой пагрозы адмовілася ад сваіх словаў. Іншыя жартавалі:

«Госпадзі, пайду папкорн прыгатую, каб не прапусціць такога экшну: бацькі супраць чаргі!»

«Зараз з’явіцца стартап «Адстаю за вас содні ў чарзе».

«І гэта ў школе будучыні? Нешта страшна за такую будучыню».

«В’етнамскія флэшбэкі з часоў СССР: калі ёсць чарга – у яе трэба стаць».

Аднак на момант публікацыі ў чатах пісалі, што ў школу стаіць жывая чарга без спісаў у сшытках, у чарзе няма канфліктаў і пануе «сяброўская атмасфера», чарга ідзе даволі хутка, заходзяць 30 чалавек на гадзіну. Саму ідэю з запісам у спісы спрабавалі зладзіць, каб людзі ў чарзе маглі не стаяць на адным месцы, а адысці адпачыць.

Ці будуць нейкія праблемы з залічэннем у першыя класы, пакуль невядома: кіраўніцтва школы, падобна, не казала аб прыёме больш як 150 запланаваных вучняў, але раней прымала больш, калі была неабходнасць, хоць юрыдычна мела падставы адмовіць. Дый праблема з перагружанасцю класаў дакладна будзе прынамсі да 2025 года, калі ў Новай Баравой адкрыюць другую школу, а напружанасць з «суседзямі з Копішча» можа заставацца, пакуль школу не збудуюць у Копішчы на вуліцы Міхайлашава.

Разбор
Дэградацыя школы зайшла ў піке: што адбываецца з беларускай адукацыяй і што рабіць бацькам
2022.12.28 10:51

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў