Польшча – Беларусь. Чаму не будзе перазапуску стасункаў

Кожны польскі палітык разумее, што рэпутацыйныя страты ад кантактаў з Лукашэнкам былі б вялізныя, а карысці – нулявыя. У вачах Варшавы Менск стаўся здабыткам пуцінскай Расеі.

Радослаў Сікорскі, 4 кастрычніка 2023 года.
Фота: Aleksiej Witwicki / Forum

Да новага года ў Польшчы створаць новы ўрад на чале з Дональдам Тускам. Пасаду кіраўніка Міністэрства замежных справаў, як прагназуюць польскія медыі, хутчэй за ўсё, зойме Радослаў Сікорскі, які ўзначальваў ведамства ў 2007–2014 гадах. Раней менавіта ён некалькі разоў спрабаваў залучыць Беларусь у еўрапейскую арбіту. Быў першым кіраўніком МЗС еўразвязаўскай краіны, які пасля працяглага замарожвання стасункаў паехаў у 2008-м у Віскулі і сустракаўся там з тагачасным кіраўніком лукашэнкаўскай дыпламатыі Сяргеем Мартынавым. Маўляў, Беларусь праводзіць «лібералізацыю» і «хоча збліжэння з Еўразвязам». У лістападзе 2010-га Сікорскі і нямецкі міністр замежных справаў Гіда Вэстэрвэле (памёр у 2016 годзе) паехалі да Лукашэнкі, спрабавалі пераканаць дыктатара, што патрэбныя сумленныя выбары, адмова ад рэпрэсіяў. Усім вядома, чым гэта скончылася. Лукашэнка ніводнага разу не скарыстаў з працягнутай яму рукі. І Сікорскі добра памятае, што спробы размаўляць з Лукашэнкам прынеслі толькі рэпутацыйныя страты.

Чаму сёння гэткае пацяпленне стасункаў з рэжымам ужо немагчымае? Вельмі цяжка ўявіць паездкі высокіх польскіх палітыкаў у краіну, што прапусціла расейскія войскі і хаўруснічае ў вайне супраць Украіны, некалькі гадоў запар тэрарызуе польскую мяжу падвозам мігрантаў, трымае за кратамі больш як паўтары тысячы палітычных вязняў, нішчыць польскія могілкі, зачыняе польскія школы, прысуджае 8 гадоў турмы аднаму з кіраўнікоў Саюзу палякаў і журналісту Анджэю Пачобуту. Урэшце, пацяпленне стасункаў з Лукашэнкам было б ударам па Святлане Ціханоўскай, якую Польшча з 2020 года прымае на найвышэйшым узроўні як дэмакратычную лідарку Беларусі. Таму, акрамя як падтрымання дыпламатычных кантактаў, не варта чакаць нейкай істотнай змены ў стасунках Менску з Варшаваю.

У сваю чаргу кіраўнік НАУ Павел Латушка робіць усё, каб нават у тэорыі выключыць такую магчымасць. Калі Міжнародны крымінальны суд выдасць ордар на арышт Лукашэнкі ў звязку з вывазам у Беларусь украінскіх дзяцей (як у выпадку Пуціна і Львовай-Бяловай), гэта перакрые ўсе магчымыя каналы нават неафіцыйных размоваў з дыктатарам. Лукашэнка не Пуцін, у яго няма ядравай валізкі, нафты і газу. Калі да кантакту з Пуціным заходнікаў вымушае расейская агрэсія ва Украіне, то кантакты з Лукашэнкам будуць ствараць толькі сур’ёзныя рэпутацыйныя праблемы.

Калі б Лукашэнка сапраўды хацеў нармалізаваць дачыненні з Варшаваю, то выканаў бы некалькі аднабаковых крокаў. Пачаць мог бы з вызвалення Пачобута і прынамсі часткі іншых палітычных вязняў, а таксама са стабілізацыі сітуацыі на мяжы. Вядома, што ніякай палітычнага перазапуску не адбылося б, але такім чынам у Менску маглі б унікнуць абвастрэння, увядзення чарговых санкцыяў ці абмежаванняў. Нельга выключаць, што ў такім выпадку Варшава магла б разгледзець разблакаванне дзейнасці аднаго з памежных пераходаў.

Лукашэнка робіць усё наадварот, падчас апошняга саміту АДКБ у Менску пужаў удзельнікаў польскай арміяй і тлумачыў неабходнасць прысутнасці ў Беларусі расейскай тактычнай ядравай зброі. Маўляў, толькі сіла дае права голасу на міжнароднай арэне. Праблема ў тым, што дыктатара Беларусі ўжо даўно ніхто нават у суседняй Польшчы не ўспрымае як асобную, самастойную сілу. На ўласнае жаданне ў вачах свету – не толькі дэмакратычнага – ён стаўся прыдаткам пуцінскай Расеі.

Руслан Шошын belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў