news
Інтэрв'ю
Калі ў Беларусі будуць змены і як спраўляецца Ціханоўская? Вялікая гутарка з экс-амбасадарам Польшчы
Міхальскі заклікае не губляць надзеі, а рабіць тое, што ад кожнага залежыць.
18.09.202315:58

Артур Міхальскі два тыдні таму перастаў быць амбасадарам Польшчы ў Беларусі, а на мінулым тыдні атрымаў пасаду: адмысловага прадстаўніка міністра замежных справаў Польшчы ў справах супрацы з дэмакратычнымі сіламі Беларусі. Міхальскі даў «Белсату» вялікае інтэрв’ю пра польска-беларускія дачыненні.

Вядоўца «Тыдню» на «Белсаце» Ігар Кулей размаўляў з Артурам Міхальскім па-беларуску: былы амбасадар добра разумее беларускую мову, сам на ёй можа размаўляць – і адзначае, што было б вельмі добра, калі б беларусы і палякі маглі размаўляць кожны на сваёй мове і разумець адзін аднаго.

Амаль тры гады амбасадар Польшчы ў Беларусі – не ў Беларусі

Артур Міхальскі быў прызначаны надзвычайным і паўнамоцным амбасадарам Польшчы ў Беларусі ў траўні 2018 года. У кастрычніку 2020 года Беларусь пакінулі амбасадары Польшчы і Літвы – спачатку казалі, што толькі для кансультацыяў (на просьбу ўладаў Беларусі), але так і не вярнуліся. Міхальскі да 31 жніўня 2023 года заставаўся амбасадарам за межамі краіны, куды яго выслалі працаваць. Ці перашкаджала гэта?

«Вядома, вельмі перашкаджала, бо сутнасць працы амбасадара і дыпламата заключаецца ў тым, што мы мусім працаваць у краіне прызначэння, каб за ўсім назіраць зблізку, мець блізкія кантакты, размаўляць», – адказаў Міхальскі.

Ён падкрэсліў, што гэта была ініцыятыва ўладаў у Менску, якой мусіў падпарадкавацца, але ўвесь час трымаў кантакты з амбасадай і іншымі пляцоўкамі ў Беларусі. Даводзілася быць крэатыўным і змяніць стандартны падыход, бо «час цяпер незвычайны і нестандартны».

Чаму ж адразу па адкліканні Польшча не скасавала пасаду амбасадара ў Беларусі? Міхальскі тлумачыць: не казаў бы, што былі вялікія надзеі на паляпшэнне стасункаў, але дыпламатычныя кантакты падтрымліваюцца нават з тымі дзяржавамі, адносіны з якімі кепскія. Захаванне амбасадара было «выказваннем пэўнай надзеі» на магчымасць паляпшэння адносінаў і «выказваннем павагі да дзяржавы як такой». Цяпер жа проста «прыйшоў час скончыць місію»: людзі працуюць амбасадарамі звычайна па 4–5 гадоў, а ён быў на пасадзе ўжо больш за 5 гадоў. З рашэннем прэзідэнта Польшчы аб сваёй пасадзе ён згодны – маўляў, і не ведае, як можна было б зрабіць іначай.

Што мог зрабіць «амбасадар у выгнанні»?

Развіццё адносінаў паміж афіцыйнымі ўладамі ў Менску і Варшаве – гэта, кажа Міхальскі, адна плоскасць, але іншая плоскасць – «тое, што мы суседзі». Ён бачыць, што трэба яшчэ шмат працы, каб палякі і беларусы «змаглі зноў паміж сабой пазнаёміцца, пераасэнсаваць сваю блізкасць, сваё суседства». Ды ў Польшчы цяпер вялікая беларуская дыяспара – якраз можна больш даведацца адно пра аднаго, «адкінуць розныя стэрэатыпы, пазнаёміцца бліжэй».

Ці ўдалося ў такі момант дасягнуць нейкіх поспехаў, не быўшы фізічна ў Беларусі? Міхальскі заўважае, што не звык сам ацэньваць сваю працу, і адказвае:

«Мне здаецца, мы наладзілі вельмі добрыя адносіны з рознымі беларускімі асяродкамі – палітычнымі, апазіцыйнымі, якія, на маю думку, увасабляюць аўтэнтычны голас беларускага народу. Гэта і спадарыня Святлана Ціханоўская, і ўвесь Кабінет, і іншыя дэмакратычна-апазіцыйныя асяродкі. Мне здаецца, што цяпер гэтыя адносіны маюць якасна новы ўзровень, яны вельмі блізкія – і гэта, калі вы ўжо настойваеце на такой фармулёўцы, можна лічыць поспехам.

Але сапраўдных поспехаў давядзецца яшчэ пачакаць. Для нас усіх вельмі важна, каб змены пачаліся ў самой Беларусі, і гэта – нашая галоўная мэта».

Ці былі кампрамісы з Лукашэнкам?

На час працы Міхальскага амбасадарам з боку ўладаў Беларусі было шмат крокаў на пагаршэнне стасункаў: штучна створаны міграцыйны крызіс, скарачэнне магчымасцяў навучання для польскай меншасці ў Беларусі, знішчэнне польскіх могілак і месцаў памяці… Ці можна было такое перадухіліць дыпламатычным шляхам? Міхальскі лічыць, што не: сярод часткі прадстаўнікоў афіцыйных уладаў у Менску ён бачыць «моцнае імкненне да рэінтэрпрэтацыі гісторыі, вяртання да савецкага спосабу мыслення».

«Што б мы ні рабілі: стараліся, размаўлялі, прасілі, патрабавалі – нічога не атрымалася, – наракае Міхальскі. – Думаю, што рашучасць уладаў Беларусі была настолькі вялікая, што яе нішто не магло стрымаць».

З боку ўладаў Беларусі, кажа ён, не было наўпроставага шантажу, але «ўсю палітыку апошніх часоў можна інтэрпрэтаваць як шантаж». Але ён спадзяецца, што гэта некалі скончыцца, і кажа пра глыбокую веру ў тое, што адносіны паміж беларусамі і палякамі – добрыя, проста ім моцна перашкаджае таталітарная пазіцыя менскіх уладаў.

Міхальскі не згадваў, што ў час ягонай працы амбасадарам трох актывістак з польскіх школаў удалося дастаць з беларускай няволі і вывезці ў Польшчу, што старшыню Саюзу палякаў у Беларусі Анджэліку Борыс спачатку перавялі пад хатні арышт, а потым спынілі справу супраць яе… Чаму не назваў гэта сярод поспехаў? Міхальскі адказвае: гэта, безумоўна, вельмі важныя падзеі, але за кратамі застаюцца тысячы іншых.

Дзеля таго, каб вызваліць згаданых людзей, Польшча не пайшла на вялікія кампрамісы, тлумачыць ён: хіба ў дробных пытаннях. Але ў значных справах «цяжка ісці на кампраміс у сітуацыі, калі ў дваццаць першым стагоддзі за дзвесце-трыста кіламетраў адсюль адбываюцца абсалютна непрымальныя рэчы».

Ці ёсць стратэгія адносна Беларусі?

Міхальскі тлумачыць: ёсць плоскасць стратэгіі і плоскасць «modus operandi» – спосабу выканання задачы. Стратэгія Польшчы ці Еўразвязу адносна Беларусі нязменная, запэўнівае Міхальскі: «Беларускі народ павінен быць суб’ектам, гаспадаром на сваёй зямлі».

Таму ў стратэгіі – спрыянне развіццю добрасуседскіх адносінаў, узмацненне беларускай дзяржаўнасці і спрыянне таму, каб у Беларусі адбываліся аўтэнтычныя дэмакратычныя працэсы. Але спосаб дзеяння ў той ці іншы момант залежыць ад паводзінаў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі:

«Калі вы кажаце, што часам нехта ездзіў і размаўляў, а часам не – гэта абсалютна ад нас не залежыць, гэта залежыць ад таго, як паводзяцца ўлады ў Менску, – тлумачыць Міхальскі. – І калі быў перыяд лібералізацыі – а ён быў, мы ўсе яго памятаем – тады ўдалося шмат чаго зрабіць.

Гэта быў пачатак маёй місіі, я прыехаў у 2018 годзе. І той час лібералізацыі дазволіў беларусам крыху ўздыхнуць, адчуць, як спяваў некалі Яцэк Качмарскі, «сілу і моц». І гэта было відаць 9 жніўня, для іх было так натуральна і відавочна, што іх мусяць выслухаць… але гэтага не адбылося.  І цяпер беларускі народ сплывае крывёю, усе ведаюць, якія страшныя гэтыя рэпрэсіі і як доўга яны ўжо працягваюцца – і відавочна, што ў такіх умовах не мы закрываем дарогу да размовы, а гэта адбываецца з прычыны дзеянняў рэжыму ў Менску».

Прадстаўнік па супрацы з дэмакратычнымі сіламі – што гэта значыць?

Цяпер Міхальскі прызначаны на пасаду адмысловага прадстаўніка міністра замежных справаў Польшчы ў справах супрацы з дэмакратычнымі сіламі Беларусі. Паводле яго, «само жыццё напісала гэты сцэнар». Роля прадстаўніка па сувязях з дэмакратычнымі сіламі Беларусі, расказвае Міхальскі, будзе ў тым, каб «спрабаваць каардынаваць дзейнасць розных інстытутаў, звяртаць іх увагу на пэўныя праблемы, прыслухоўвацца да патрэбаў беларускай дыяспары».

«Думаю, што на практыцы я буду рабіць многія з тых рэчаў, што рабіў дагэтуль, будучы ў нейкім сэнсе „ў эміграцыі“ – бо, як я часта казаў, як амбасадар я быў у высылцы ў сваёй уласнай краіне», – кажа ён пра новую пасаду.

Ён нагадаў, што ў польскай гісторыі быў свой уласны «досвед эміграцыі»: палякі, напрыклад, яшчэ нядаўна, у часы камунізму, масава ўцякалі ад пераследу, за межамі радзімы развівалі вольную думку, мастацтва, культуру, падтрымлівалі народны дух. Усе справы Польшчы, прызнае ён, «вызначаліся на Вісле», і беларускае пытанне будзе вызначацца ў самой Беларусі. Але тыя, хто выехаў, «маглі параўнаць, як выглядае жыццё ў Польшчы – і ў краінах вольнага свету, і перадаць свой досвед іншым».

А што самі дэмакратычныя сілы Беларусі – ці паспяховая іхная праца?

Міхальскі адказвае на гэта: такое павінны ацэньваць самі беларусы. Але падкрэслівае, што Святлане Ціханоўскай, Аб’яднанаму пераходнаму кабінету і іншым вядомым беларускім палітыкам удалося зрабіць так, каб свет не забываў пра Беларусь:

«Мне здаецца, што Святлана Ціханоўская – гэта першая асоба ў гісторыі, якая настолькі пераканаўча распавяла пра гісторыю беларусаў і вашае імкненне да свабоды і вашыя пакуты. На ўсіх палітычных узроўнях заходняга свету.

Я ведаю пра розную крытыку, разумею, што людзі маюць права ацэньваць, бо існуе пэўная фрустрацыя праз тое, што ўсё гэта не ўплывае на сітуацыю ўнутры Беларусі, але трэба шукаць нейкія развязкі, хоць гэта і няпроста».

Ён не пагаджаецца з тым, што любы ўрад у выгнанні асуджаны на паразу, бо не ўплывае на падзеі з краіне: важны таксама сімвалічны аспект, натхненне; важнае ўспрыманне светам таго, што ў краіне адбываецца. Людзі, дапускае ён, могуць чакаць чагосьці, што «цудам і адразу ўсё ўладкуе», але такога быць не можа, «цуды рабіць складана». Ды дэмакратычны свет намагаецца дапамагаць беларусам, а гэтага не было б без актыўнасці дэмакратычных сілаў.

Калі ў Беларусі ўсё зменіцца?

Міхальскі – адзін з найлепшых польскіх экспертаў у справе ўсходніх суседзяў: першую палову 1990-х працаваў у амбасадзе ў Расеі, потым сярод іншага працаваў ва Усходнім дэпартаменце МЗС Польшчы і ўзначаліў яго, пазней стаў амбасадарам у Малдове, урэшце амбасадарам у Беларусі… «Белсат» пытае яго як эксперта ў справах рэгіёну: чым усё скончыцца і калі ў беларусаў будзе шанец на перамены?

Міхальскі адказвае, што не прарок, але бачыць, што беларускі народ выразна паказаў сабе і свету, што хоча жыць іначай, ва ўласнай вольнай дзяржаве. Зараз, кажа ён, беларусы ў эміграцыі мусяць развіваць беларускую культуру, мову, думку і ідэнтычнасць – і спрабаваць рознымі спосабамі натхняць тых, хто застаўся ў Беларусі. І гэта не пасіўнае чаканне:

«Гэта не дае хуткіх вынікаў, але гэта неабходна рабіць, каб вынікі пабачыць, – кажа Міхальскі. – Так, я разумею настроі беларусаў, якія адчулі эйфарыю ў жніўні 2020 года, пабачылі, як іх шмат, і думалі, што ўсё скончыцца вельмі хутка. Не скончылася. Але вы па-ранейшаму ёсць, вы гаворыце пра Беларусь».

Ён заклікае не губляць надзеі, а проста рабіць тое, што ад кожнага залежыць.

Каментар
Амбасадар Польшчы ў Беларусі стаў «паслом да дэмакратычных сілаў Беларусі». Што гэта значыць
2023.09.12 19:23

Гутарыў Ігар Кулей belsat.eu