У Беларусі адмяняецца права навучацца на мовах нацыянальных меншасцяў


На Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале 25 ліпеня былі апублікаваныя змяненні ў Закон «Аб мовах», які дзейнічаў у Беларусі з 1990 года і вызначаў моўную палітыку. У абноўленым законе прыбіраецца пункт аб праве вучыцца ў школе на мовах нацыянальных меншасцяў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Freepik

Змяненні ўнесеныя ў шэраг артыкулаў Закону «Аб мовах». У артыкуле 21 цяпер замацоўваецца права на атрыманне адукацыі на дзяржаўных мовах Рэспублікі Беларусь.

«Рэспубліка Беларусь гарантуе кожнаму жыхару неад’емнае права на атрыманне адукацыі на беларускай і (або) расейскай мовах», – гаворыцца ў новым законе.

Грамадзянін мае права выбіраць для навучання адну з дзяржаўных моваў. Педагагічныя работнікі сістэмы адукацыі павінны валодаць беларускай і расейскай мовамі.

Абноўленым артыкулам 22 замацоўваецца, што дашкольную, агульную сярэднюю і спецыяльную адукацыю ў Беларусі можна атрымаць на беларускай і (альбо) расейскай мовах.

З артыкулу 22 прыбіраецца права на атрыманне адукацыі на мове нацыянальных меншасцяў, якія стала жывуць у Беларусі. Аднак у дзіцячых садках і школах могуць стварацца групы і класы, дзе будзе арганізаванае вывучэнне моваў нацменшасцяў.

Замежнікі, якія часова жывуць у Беларусі, могуць быць вызваленыя ад вывучэння беларускай мовы.

Таксама згодна з абноўленым артыкулам 22, пры наяўнасці ўмоваў і пасля ўзгаднення праграмы з Міністэрствам адукацыі, навучанне можна будзе арганізаваць на замежнай мове.

Hавiны
Польскія школы ў Горадні і Ваўкавыску будуць русіфікаваныя
2022.04.07 23:30

Абноўлены артыкул 10 прадугледжвае, што такія дакументы, як пашпарты і ID-карта, выдаюцца на беларускай, расейскай і англійскай мовах. З фармулёўкі артыкулу прыбралі «іншыя мовы».

Паводле новых арт. 14 і 15 вядзенне судовай вытворчасці і справаў аб адміністратыўных правапарушэннях можа ажыццяўляцца на беларускай і расейскай мовах. Раней прадстаўляўся выбар – на беларускай ці расейскай мовах.

Закон уступае ў сілу пасля афіцыйнага апублікавання, з 25 ліпеня 2023 года.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў