Праўладная блогерка працягвае знішчаць польскія могілкі


На польскіх могілках у Горадні прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі знішчылі дзве памятныя таблічкі. Адбылося гэта з ініцыятывы праўладнай блогеркі Вольгі Бондаравай. Чаму ўлады падтрымоўваюць і пашыраюць антыпольскія настроі?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Вялікі фэйк Польшчы і ЗША, і нешта там яшчэ пра сталінскія рэпрэсіі. Як бачыце, гэтых таблічак больш няма – зніклі! Зніклі! Як звычайна! Хто ж да гэтага прычыніўся? Не ўяўляю!» – гэтак цешыцца праўладная блогерка Вольга Бондарава, што дамаглася дэмантажу памятных таблічак пра пахаванні жаўнераў Польскага войска на могілках у Горадні.

На ейную думку, надпісы на таблічках былі «правакацыйнымі».

«Што там? А там нічога няма. І больш там нічога не будзе. Бо культурны суверэнітэт улада Беларусі будзе адстойваць. Рашуча, на кожным кроку. Зарубіце гэта сабе на носе, змагары, палякі і панскія халуі», – кажа Вольга Бондарава.

На адной з дэмантаваных таблічак было напісана: «Жыхарам Горадні, афіцэрам Войска польскага, расстраляным у сталінскіх лагерах», а на другой – «Тут спачываюць парэшткі салдатаў Войска польскага, абаронцаў Горадні, якія загінулі ў верасні 1939 года».

«Зараз, пасля 20 года, яны прыйшлі да поўнага варыянту выцірання той гісторыі, якая ім не падабаецца. То бок гэта такі шлях у СССР, калі была адна гістарычная канцэпцыя, а ўсё, што ёй супярэчыць, – гэта дрэнна, гэтага не можа быць. Таму зараз іх знішчаюць, бо яны разыходзяцца з афіцыйнай канцэпцыяй гісторыі. Бо, паводле таго ж Гігіна, Сталін – гэта адзін з айцоў беларускай дзяржаўнасці, гэта вялікі суперчалавек», – тлумачыць гісторык і публіцыст Алесь Кіркевіч.

Знішчэнне польскіх помнікаў і могілак уладамі Беларусі мае апошнія два гады сістэматычны характар. Летась польскі бок выказаў свой пратэст.

«Апаганьванне пераважна датычыць Гарадзенскай вобласці, дзе ёсць каля 550 месцаў спачыну польскіх салдатаў – удзельнікаў народных паўстанняў, абаронцаў Горадні. У адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі, гэтае пытанне мусіць быць цалкам выключана з бягучых палітычных спрэчак», – заяўляла Міністэрства замежных справаў Польшчы.

Блогерка Вольга Бондарава вядомая сваёй антыпольскай, але і антыбеларускай пазіцыямі. Дзякуючы менавіта яе намаганням, у Зэльве прыбралі помнік пісьменніцы Ларысе Геніюш, а ў Менску – крыж на ўспамін аб каталіцкім святары каля касцёлу Святога Роха.

Вольга Бондарава.
Фота: Гродзенская праўда

«Дзейнасць Вольгі Бондаравай і такіх актывістаў, яна ж праходзіць у рэчышчы афіцыйнай ідэалогіі. Антыпольскі кірунак сёння ў Беларусі выразны. Усё, што ідзе супраць Польшчы, усё добра. Ідэалагічных праблемаў у гэтым няма, а што тычыцца маральных праблемаў, то на гэта ўвогуле ніхто не звяртае ўвагі», – лічыць палітолаг і гісторык Аляксандр Фрыдман.

Па слядах Бондаравай пайшоў нейкі Ілля Карынны – жыхар Магілёва, які актыўна выступае супраць Польшчы і ўсяго польскага.

«Улады Магілёва! Спадзяюся, паважаныя! Разбярыцеся! Каб нам, простым расейскім праваслаўным, не прыйшлося разбірацца самім з гэтымі фашысцкімі вырадкамі па адрасе Камсамольская 4! Ды і якога х*** у нас у Магілёве «Dom polski»? Убраць поскудзь, нах***!!!» – з гэткім патрабаваннем выступіў Ілля Карынны.

Паводле палітолага Аляксандра Фрыдмана, антыпольскія настроі ў грамадстве раздзімаюцца менавіта антыпольскаю дзяржаўнай ідэалогіяй. Рэжым Лукашэнкі назваў Польшчу сваім ворагам і на антыпольскай глебе хоча аб’яднаць беларусаў.

«Мэта – яна відавочная: нам пагражае вонкавы вораг. Каб супрацьстаяць яму, як падабаецца казаць Лукашэнку, каб выстаяць і не стаць на калені, нам патрэбна кансалідацыя ў змаганні з гэтым ворагам», – тлумачыць Аляксандр Фрыдман.

Рэжым Лукашэнкі пераследуе не толькі памерлых, але і жывых прадстаўнікоў польскай меншасці: адной з ахвяраў стаўся журналіст і актывіст Саюзу палякаў Анджэй Пачобут. Паводле палітычна матываваных справаў яго асудзілі на 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Аліна Скрабунова, «Белсат»