Памятны крыж быў на тэрыторыі касцёлу Святога Роха на Залатой Горцы ў Менску. Яго ўсталявалі ў памяць пра ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага, загінулага ў нацысцкім канцлагеры ў Трасцянцы. Помнік знеслі «дзякуючы высілкам камуністычнай партыі Беларусі», паведаміла прапагандыстка Вольга Бондарава.
Прапагандыстка Вольга Бондарава ў сваім паведамленні называе беларускага святара і пакутніка калабарацыяністам.
Як удакладнілі журналісты радыё «Свабода», помнік каля касцёлу Святога Роха сапраўды знік. Але, як стала вядома, крыж цяпер «у адпаведным яго рэлігійнаму статусу месцы».
Вінцэнт Гадлеўскі – каталіцкі святар, палітык, публіцыст, перакладчык, удзельнік нацыянальна-вызвольнага руху пачатку ХХ стагоддзя і нацыянальна-вызвольнага руху ў 1920–1930-х у Заходняй Беларусі, дзеяч нацыянальнага руху 1-й паловы 1940-х, ахвяра нацысцкай расправы. У гады Другой сусветнай быў пробашчам Чырвонага касцёлу ў Менску і наагул адзіным у горадзе каталіцкім святаром. Стварыў у Беларусі сетку беларускамоўных школаў. Стаўся адным з арганізатараў Беларускага антынацысцкага руху.
У снежні 1942 года Вінцэнта Гадлеўскага арыштавалі проста ў касцёле, прывезлі ў гестапа і катавалі без суда. Ксёндз загінуў у нацысцкім канцэнтрацыйным лагеры каля Малога Трасцянца. У 2008 годзе краязнаўца і навукоўца Анатоль Белы ініцыяваў усталяванне ў Трасцянцы крыжа ў памяць пра загінулага. Пазней помнік перадалі ў касцёл Святога Роха на Залатой Горцы ў Менску. Крыж у 2019 годзе добраславіў біскуп Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі.
Зміцер Міраш belsat.eu