news
Агляд
Колькі каштуюць кватэры ў Польшчы, Літве, Латвіі і Грузіі – і ці прададуць іх беларусам
Глядзім на цэны, крэдыты і правы замежнікаў.
15.09.202319:00

Указ Аляксандра Лукашэнкі аб звужэнні функцыяў пасольстваў не толькі пазбавіў шмат беларусаў магчымасці памяняць пашпарт, але і забараніў прадаваць кватэру праз даверанасць, аформленую не ў Беларусі. Пакуль старыя даверанасці працягваюць дзейнічаць, «Белсат» глядзіць, што можна купіць у папулярных сярод беларусаў краінах, калі прадаць жытло ў Беларусі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Pablo Viojo / Flickr, CC BY 2.0

Пасля выбараў-2020 і рэпрэсіяў многія беларусы з’ехалі ў суседнія краіны, а таксама ў Грузію, куды не патрэбная віза. Ды цяпер спіс бяспечных краінаў скараціўся: Расея пры суўдзеле Беларусі вядзе вайну ва Украіне. Падобна, з новым указам аб дыпламатычных прадстаўніцтвах спіс бяспечных краінаў скароціцца яшчэ больш: шмат дзе, у тым ліку ў Грузіі, беларусу не здабыць новага пашпарта без візіту на Радзіму.

Што, калі прадаць кватэру ў Беларусі, пакуль ёсць магчымасць, і з’ехаць у Літву, Латвію ці Польшчу, купіць кватэру там? «Белсат» паглядзеў, якія ў гэтых краінах цэны і ўмовы. Агульная рыса – у звычайным выпадку для гэтага не спатрэбяцца нейкія нечаканыя дакументы накшталт дазволу ад уладаў, але варта звяртацца да юрыста дзеля правярання дакументаў і ўгодаў. Ды ў кожнай краіне ёсць свае аспекты куплі жытла.

Аналітыка
За колькі здаюць кватэры ў Варшаве, Вільні, Рызе, Тбілісі і Ерэване? Зноў шукаем двухпакаёўку
2023.03.13 07:00

Польшча

Хто можа купіць жытло? Любы замежны грамадзянін, які легальна перабывае на тэрыторыі Польшчы (на падставе візы ці віду на жыхарства або ў статусе рэзідэнта іншай краіны Еўразвязу). Адмысловы дазвол у Міністэрстве замежных справаў трэба атрымліваць толькі на куплю прыватнага дому, але не кватэры – дазволу не трэба на тое, што завецца samodzielny lokal mieszkalny.

Колькі гэта каштуе? Сярэдняя цана за квадратны метр кватэры ў Варшаве – каля трох тысяч еўраў. Паводле адных звестак, 14 872 злотыя, або каля 3190 еўраў. Паводле іншых, 13 417 злотых, або каля 2870 еўраў. І цэны б’юць рэкорды. Але ёсць і раёны сталіцы, дзе жытло амаль удвая таннейшае за сярэднюю цану. У іншых гарадах цэны вельмі розныя: напрыклад, у Кракаве цэны амаль варшаўскія, а ў Беластоку ці Лодзі сярэдняя цана – каля паловы ад варшаўскай.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Сучасныя будынкі ў Варшаве, Польшча.
Фота: Wojtek Gurak/ Flickr, CC BY-NC 2.0

Ці дадуць крэдыт? Замежнікі з відам на жыхарства ў Польшчы могуць прэтэндаваць на крэдыты для жытла або для іпатэкі. З замежнікамі працуе большасць папулярных банкаў, кожны мае свае патрабаванні, а ўладальнікам часовага віду на жыхарства крэдыты на жытло даюць менш ахвотна, чым людзям са сталым ВНЖ. Стаўкі ў крэдытах – 8–9 % гадавых, але замежнікі могуць таксама прэтэндаваць на льготныя крэдыты для першага жытла пад 4 % гадавых.

Ці дадуць за маёмасць від на жыхарства? Не. Але з жытлом у Польшчы можна прасіць шматразовую шэнгенскую візу, якая дазволіць жыць у сваёй польскай кватэры да 90 дзён у 190-дзённы перыяд.

Літва

Хто можа купіць жытло? Любы замежны грамадзянін, які легальна перабывае на тэрыторыі Літвы (але для грамадзянаў Расеі абмежаванне: купляць нерухомасць можна толькі з літоўскім відам на жыхарства). Нельга набываць сельскагаспадарчыя землі, але можна браць іх у доўгатэрміновую арэнду.

Колькі гэта каштуе? Сярэдняя цана жытла ў Вільні – 2557 еўраў за м², але ёсць раёны, дзе жытло ўдвая таннейшае. У прыморскай Клайпедзе «квадрат» каштуе ў сярэднім 1603 еўры, у «другой сталіцы», Коўне, – 1093 еўры.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Цэнтр Вільні, Літва.
Фота: Dougie O’Brien/ Flickr, CC BY-NC-ND 2.0

Ці дадуць крэдыт? Замежнікі з відам на жыхарства ў Літве могуць прэтэндаваць на крэдыты для жытла або для іпатэкі – з часовым ВНЖ будзе значна цяжэй, чым са сталым, але нават са сталым ВНЖ крэдыт могуць не даць з іншых прычынаў. Цяпер іпатэку даюць пад менш як 6 %, але стаўкі могуць вырасці.

Ці дадуць за маёмасць від на жыхарства? Не. Але з жытлом у Літве можна прасіць шматразовую шэнгенскую візу, якая дазволіць жыць у сваёй літоўскай кватэры да 90 дзён у 190-дзённы перыяд.

Гісторыі
Як беларусу набыць жытло за мяжою? Чатыры гісторыі ад пакупнікоў кватэраў у Грузіі, Польшчы і Літве
2022.08.17 12:52

Латвія

Хто можа купіць жытло? Любы замежны грамадзянін, які легальна перабывае на тэрыторыі Латвіі. Дазвол ад мясцовых уладаў патрэбны толькі на куплю прыватнага дому або ўчастку зямлі. Але замежнікам забаронена купляць землі на пэўных тэрыторыях накшталт запаведнікаў, а таксама ў памежнай паласе (якая ад самой мяжы ідзе ўглыбіню на 30-50 км).

Колькі гэта каштуе? Сярэднія цэны на жытло ў Латвіі значна ніжэйшыя, чым у суседніх Літве ці Эстоніі, але гэта тлумачаць як высокімі цэнамі на камунальныя паслугі, так і тым, што ў Латвіі проста менш адрамантаванага старога жытла. У новых будынках у цэнтры Рыгі сярэдняя цана за м² пераваліла за 2700 еўраў, а «квадрат» у савецкім панэльным доме (тое, што ў Латвіі называюць «серыйнымі кватэрамі») не ў цэнтры каштуе ў сярэднім толькі 1020 еўраў. На папулярным латвійскім сайце продажу кватэраў медыянная цана ў Рызе – 1300 еўраў за м², у Ліепаі – каля 1000 еўраў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Неадрэстаўраваны будынак у цэнтры Рыгі, Латвія.
Фота: alpe89 / Flickr, CC BY-NC-ND 2.0

Ці дадуць крэдыт? У Латвіі выдаюць крэдыты на нерухомасць нават нерэзідэнтам. Але, паводле некаторых звестак, замежнікам крэдыты цяпер выдаюць неахвотна: спачатку ўзмацнілі кантроль за банкаўскімі аперацыямі пасля скандалу з адмываннем грошай у 2018-м, затым у пандэмію ўзмацнілі правяранне на платаздольнасць. І розныя банкі маюць розныя ўмовы – некаторыя могуць адмовіць у іпатэцы тым, хто не мае сталага віду на жыхарства. Стаўкі ў крэдытах – прыблізна такія ж, як у Літве, каля 6 %.

Ці дадуць за маёмасць від на жыхарства? Так, пры пэўных умовах, апісаных у законе аб іміграцыі (артыкул 23, пункт 29). Галоўная ўмова – каб жытло каштавала не менш за 250 тысяч еўраў.

Грузія

Хто можа купіць жытло? Любы замежны грамадзянін – абмежаванняў амаль няма, купляць жытло можна нават дыстанцыйна праз даверанасць, а нельга купіць хіба сельскагаспадарчыя землі. Праўда, прыватны дом можа стаяць на той самай сельскагаспадарчай зямлі.

Колькі гэта каштуе? Актуальнай статыстыкі наконт сярэдніх цэнаў на м² жытла ў розных гарадах Грузіі знайсці не ўдалося. Нацыянальная статыстычная служба Грузіі падлічвае цэны квадратнага метра ў здадзеных навабудах Тбілісі: у ІІ квартале 2023 года ў залежнасці ад раёну яны былі ад 2718 да 4404 лары – або ад 970 да 1567 еўраў. Медыянная цана ў абвестках наконт продажу старых і новых кватэраў на папулярным грузінскім сайце продажу жытла – каля 1035 еўраў за ­м² у Тбілісі і 1390 еўраў за м² у Батумі. У старых дамах у Батумі кватэры можна знайсці нават па чатыры сотні еўраў за «квадрат», а ў самых прэстыжных новых – па чатыры тысячы еўраў. Хоць цэны на арэнду жытла ў Грузіі ўзляцелі пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне, цэны на куплю выраслі не так значна: цяпер яны, паводле афіцыйнай статыстыкі, на 18 % вышэйшыя, чым у «даваенны» IV квартал 2021 года. Ды трэба ўлічваць, што ў грузінскім клімаце можа быць некамфортна ў старой кватэры без кандыцыянера ўлетку і абагрэву ўзімку.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Савецкія панэльныя дамы ў Тбілісі, Грузія.
Фота: Miss Sunalee / Flickr, CC BY-NC-ND 2.0

Ці дадуць крэдыт? Выглядае, што крэдыты на жытло ў Грузіі па-ранейшаму даюць нават нерэзідэнтам, толькі пры іпатэцы ад замежнікаў просяць большыя пачатковыя ўнёскі, чым ад грамадзянаў. З пачатку вайны ва Украіне, паводле некаторых звестак, грузінскія банкі сталі больш пільна правяраць даходы заяўнікаў. Стаўкі ў крэдытах на жытло – 12–13 % у лары і 8–9 % у доларах.

Ці дадуць за маёмасць від на жыхарства? Так, купля жытла за больш як 100 тысяч долараў дае права на від на жыхарства. Але той ВНЖ не дапаможа атрымаць «замяняльнік пашпарта».

Чаму Грузія – пакуль што кепскі варыянт? Абмен пашпарта – важны аспект: хоць беларусы могуць жыць у Грузіі без візы (раз на год патрэбны «візаран»), там усё роўна трэба мець пашпарт ці аналагічны падарожны дакумент. Грамадзянства Грузіі можна атрымаць толькі калі пражывеш там 10 гадоў – а роўна на такі тэрмін у Беларусі выдаюць пашпарты. Пасля скасавання выдачы і абмену пашпартоў Беларусі за межамі краіны беларусы, калі іхны пашпарт скончыцца або сапсуецца, мусяць або ехаць на Радзіму, або атрымліваць пашпарт ці падарожны дакумент замежніка. У Грузіі такія даюць толькі асобам без грамадзянства, «афіцыйна прызнаным» уцекачам і асобам з «гуманітарным статусам» – беларусам здабыць адпаведныя статусы будзе няпроста. На момант публікацыі не было чуваць пра планы спрасціць беларусам выдачу падарожных дакументаў у Грузіі, таксама не было навінаў наконт магчымага прызнання Грузіяй «пашпартоў новай Беларусі».

А што ў Беларусі

Паводле звестак Realt.by, цяпер у Менску квадратны метр жытла каштуе ў сярэднім 4474 рублі або 1275 еўраў. У Берасці квадратны метр жытла цяпер каштуе ў сярэднім каля 830 еўраў, у іншых гарадах яшчэ менш.

Цэны на нерухомасць у Менску няспынна растуць з лістапада 2022 года, калі лічыць у беларускіх рублях, але калі ў доларах ці еўрах, дык рост прыпыніўся ў ліпені. Адметна, што з пачаткам поўнамаштабнай вайны ва Украіне цэны на менскія кватэры не толькі не ўпалі, але і сталі крыху расці. Ужо амаль 17 гадоў яны трымаюцца ў дыяпазоне 1000–1500 еўраў.

Агляд
«На кошт уплывае курс долара». Рыэлтары не чакаюць падаражэння кватэраў пасля «пашпартнага ўказа»
2023.09.12 18:08

Алесь Наваборскі belsat.eu