Куды беларусы могуць надоўга з’ехаць без візы? Казахстан змяніў правілы бязвізавага ўезду


Засталося пяць краінаў, куды грамадзянін Беларусі можа ўцячы без візы і застацца на больш як тры месяцы без атрымання віду на жыхарства.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Манумент «Байтэрэк». Астана, Казахстан. 29 сакавіка 2018 года.
Фота: HKMAA / Flickr

Што змянілася ў Казахстане

Беларусы ўсё яшчэ могуць наведаць Казахстан без візы. Але праз новы закон, апублікаваны 16 студзеня, грамадзянам Беларусі можна заставацца ў Казахстане без візы толькі 90 дзён на 180-дзённы перыяд. Раней была магчымасць прабыць 90 дзён, выехаць на кароткі час і вярнуцца – бязвізавы тэрмін у Казахстане «абнуляўся», гэта называлі словам «візаран».

Закон набудзе моц 27 студзеня, да таго часу яшчэ можна «абнуліць» тэрмін перабывання. Потым жа працягнуць тэрмін легальнага перабывання можна будзе праз атрыманне дазволу на часовае пражыванне. Атрымаць гэты дазвол можна ў тым ліку дзеля працы, навучання, адкрыцця і вядзення бізнесу; яго даюць таксама блізкім сваякам таго, хто мае дазвол на працу.

Куды наогул можна з’ехаць з Беларусі

Хоць Украіна і Беларусь маюць бязвізавы рэжым, беларуска-ўкраінская мяжа практычна закрытая пасля таго, як у 2022 годзе з тэрыторыі Беларусі ва Украіну ўвайшлі расейскія войскі. Легальна трапіць з Беларусі ва Украіну можна хіба праз трэція краіны.

Наземным транспартам без візы з Беларусі можна трапіць толькі ў Расею. У Латвію, Літву і Польшчу патрэбныя візы, з Беларусі туды не лятаюць самалёты і не ходзяць цягнікі, але аўтамабільнае і аўтобуснае злучэнне застаюцца – ды ў гэтыя краіны патрэбныя візы.

Самалёты з Беларусі лятаюць мала куды пасля захопу самалёта «Ryanair» у 2021 годзе. З Нацыянальнага аэрапорту «Менск» самалёты пераважна лятуць у Расею, але ёсць і рэйсы ў Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Азербайджан, Арменію, Грузію, Казахстан, Туркменістан, Турэччыну і Узбекістан. Паляцець у іншыя краіны можна хіба з перасадкай.

Дзе можна доўга заставацца без візы

У большасці краінаў з «бязвізам» для грамадзянаў Беларусі ёсць абмежаванні: 30 ці 90 дзён, поўны спіс ёсць на сайце Міністэрства замежных справаў Беларусі. У спісе на момант публікацыі бракуе важных удакладненняў пра чатыры краіны.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Музей азербайджанскай літаратуры імя Нізамі Гянджэві. Баку, Азербайджан. 5 лістапада 2019 года.
Фота: Yasser Alaa Mobarak / Flickr, CC BY-NC-ND 2.0

Азербайджан – беларусаў пусцяць без візы толькі на 90 дзён з магчымасцю «абнулення» тэрміну выездам у іншую краіну (прынамсі да канца зімы сухапутныя межы закрытыя).

Арменіяда 180 дзён цягам аднаго года. Магчымасці «абнулення» тэрміну праз выезд і вяртанне афіцыйна няма, хоць у інтэрнэце можна знайсці заявы аб тым, хто схема з «візаранам» нібыта працуе. Від на жыхарства ў Арменіі можна атрымаць у тым ліку праз працаўладкаванне ў армянскую кампанію.

Малдова – без візы можна заставацца да 90 дзён цягам 180-дзённага перыяду (то значыць, «візаран» не спрацуе). Гэта не пазначаецца на большасці сайтаў, звязаных з візамі і турызмам, але гэткае патрабаванне сапраўды ёсць у дзейным законе і  згадваецца на старонках пра атрыманне віду на жыхарства.

Украіна – нягледзячы на захаванне 90 «бязвізавых» дзён цягам 180-дзённага перыяду, скарыстацца «бязвізам» складана праз вайну. Авіязлучэння няма, па зямлі ва Украіну можна трапіць толькі з Вугоршчыны, Малдовы, Румыніі, Славаччыны і Польшчы (акрамя Малдовы, ва ўсе гэтыя краіны беларусам патрэбная віза). Нават калі атрымаецца дабрацца да ўкраінскай мяжы, можна сутыкнуцца з дыскрымінацыяй: беларусы неаднаразова паведамлялі пра псаванне пашпартоў украінскімі памежнікамі.

Але ёсць краіны, дзе можна пастаянна жыць без атрымання візы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Скульптура на мосце Бараташвілі. Тбілісі, Грузія. 7 сакавіка 2022 года.
Фота: Mostafa Meraji / Flickr

Грузія1 год без візы, пасля чаго трэба або выехаць і вярнуцца (напрыклад, зрабіць «візаран» на дзень у тую ж Арменію), або прасіць часовы від на жыхарства (працоўны ВНЖ у Грузіі можа атрымаць пры пэўных умовах нават індывідуальны прадпрымальнік).

Кыргызстан, абноўлена. Кыргызстан змяніў правілы бязвізу восенню 2023 года. Цяпер грамадзянам Беларусі можна знаходзіцца ў Кыргызстане без рэгістрацыі 30 дзён, сумарна да 90 дзён у 180-дзённы перыяд. З рэгістрацыяй – без абмежаванняў, але рэгістрацыю даюць толькі пры пэўных умовах кшталту наяўнасці працы і даюць максімум на паўгода з правам яе працягваць (падобна, з працягам рэгістрацыі могуць узнікнуць праблемы праз неадназначна напісанае заканадаўства).

Расеябез абмежаванняў, але каб заставацца ў Расеі больш за 90 дзён, трэба станавіцца на міграцыйны ўлік.

Таджыкістанбез абмежаванняў, але трэба зарэгістравацца паводле месца пражывання цягам 10 працоўных дзён. Від на жыхарства атрымліваць не абавязкова, ды і эмігранты ў чатах наракаюць, што працэдура складаная.

Узбекістанбез абмежаванняў, але зарэгістравацца паводле месца перабывання трэба цягам трох працоўных дзён. Від на жыхарства таксама не абавязковы.

Мяркуючы з публікацыяў у сацсетках, у некаторых іншых краінах схема «візарану» таксама дзейнічае. Напрыклад, Сербія дае 30 «бязвізавых» дзён з магчымасцю «абнуліць» тэрмін праз выезд у іншую краіну.

Ці бяспечна заставацца ў «безлімітных» краінах?

Не зусім. Летась між Азербайджанам і Арменіяй, Кыргызстанам і Таджыкістанам адбываліся ўзброеныя канфлікты. Яны залагодзіліся, але іх прычыны не зніклі. Частку тэрыторыі Грузіі кантралююць самаабвешчаныя прарасейскія рэспублікі, а ў 2008 годзе на Грузію нападала Расея – канфлікт хутка замарозіўся, але не развязаны канчаткова. У Глабальным рэйтынгу міру ў сярэдзіне 2022 года пазіцыі былі такія: Беларусь – 116-е месца са 163, Кыргызстан – 76, Арменія – 83, Узбекістан – 86, Таджыкістан – 92, Грузія – 95, Азербайджан – 128, Украіна – 142, Расея – 154.

Узбекістан не вядзе войнаў, але ў ім сур’ёзныя праблемы з правамі чалавека і дэмакратыяй. Так, у 2021 годзе часопіс «The Economist» у Рэйтынгу дэмакратыі ставіў Узбекістан і Таджыкістан на 150-ю і 157-ю пазіцыі са 167, а гэта ніжэй за Беларусь, што на 146-й. Азербайджан паставілі на крыху вышэйшую 141-ю, але ён усё роўна ў ліку наменш дэмакратычных краінаў свету. Арменія і Грузія ў сярэдзіне таго рэйтынгу, на 89-м і 91-м месцах адпаведна, побач з Украінай, што на 86-м, – яны сярод «гібрыдных», не цалкам дэмакратычных рэжымаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Машыны расейскіх міратворцаў у Нагорным Карабаху. Бадара, Азербайджан. 4 чэрвеня 2021 года.
Фота: mil.ru

Бяспека ў Расеі – асобнае пытанне.

Па-першае, Расея вядзе захопніцкую вайну ва Украіне, і ёсць падставы меркаваць, што частыя выбухі на расейскай тэрыторыі блізу мяжы з Украінай могуць быць звязаныя з гэтай вайной.

Па-другое, мабілізацыя грамадзянаў Расеі на тую вайну праводзілася са шматлікімі парушэннямі – няма гарантыяў, што пры наступнай хвалі мабілізацыі не будуць парушаць правоў замежных грамадзянаў, якія не падлягаюць мабілізацыі. Да таго ж, захоўваецца рызыка ўступлення ў вайну самой Беларусі і мабілізацыі на вайну грамадзянаў Беларусі.

Па-трэцяе, Расея – фактычна адзіная краіна, якая экстрадуе ў Беларусь людзей, якім пагражае палітычны пераслед. Палітычныя затрыманні на тэрыторыі Расеі могуць праводзіць беларускія сілавікі. І хоць не падобна, каб Расея з уласнай ініцыятывы вышуквала і затрымлівала апанентаў уладаў Беларусі, усё ж беларускія і расейскія сілавікі ствараюць сістэму абмену інфармацыяй аб перасячэнні межаў і выдачы дазволаў на перабыванне.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў